Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце КНДР знайшлося толькі 28 сайтаў


Ілюстрацыйнае фота. Сьвяткаваньне нядаўняга пасьпяховага ядзернага выпрабаваньня на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхэньяне, 13 верасьня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Сьвяткаваньне нядаўняга пасьпяховага ядзернага выпрабаваньня на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхэньяне, 13 верасьня 2016 году

Спэцыяліст па бясьпецы кампаніі Uber Мэт’ю Браян выпадкова пабачыў усе інтэрнэт-сайты, дасяжныя ў Паўночнай Карэі.

Скрыпт, напісаны ім, праз тэхнічную памылку з паўночнакарэйскага боку пабачыў запыт, скіраваны да Карэйскай карпарацыі пошты і тэлекамунікацыяў (якая выступае адзіным 3G-апэратарам краіны) і атрымаў сьпіс усіх дасяжных у Паўночнай Карэі сайтаў. Іх налічылася 28, усе на нацыянальным дамэне .kp.

Сярод сайтаў знайшліся сайт дзяржаўнай авіякампаніі Air Koryo, што прадае толькі квіткі ў два бакі (у Пэкін, Шанхай, Шэньян, Уладзівасток, а таксама па КНДР — у Пхэньян і Чхонджын); сайт кулінарных рэцэптаў паўночнакарэйскай кухні, якая нібыта «вядомая ва ўсім сьвеце праз пазнавальны смак і моцны водар»; сайт Унівэрсытэта Кім Ір Сэна, што мае асобны разьдзел пра супрацу з Расеяй, і іншыя.

Большасьць сайтаў цяпер ці заблякаваныя для зьнешняга сьвету, ці не працуюць з прычыны высокай нагрузкі. Стабільна дасяжным застаецца сайт нацыянальнай радыёстанцыі «Вялікае нацыянальнае адзінства».

Жыхары Паўночнай Карэі ня могуць карыстацца астатнімі сайтамі ў звычайным інтэрнэце, але маюць доступ да ўнутранай сеткі, інтранэту «Кванмён», куды запампоўваюцца ў тым ліку адцэнзураваныя старонкі з інтэрнэту. На краіну з насельніцтвам бязь нечага 25 млн чалавек налічваецца 1024 IP-адрасы.

XS
SM
MD
LG