Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР зноў пагражае ЗША і Паўднёвай Карэі ядзерным ударам: Атамная вайна можа пачацца ў любы момант


Паўночная Карэя гатовая да нанясеньня прэвэнтыўнага ядзернага ўдару па ЗША і Паўднёвай Карэі ў адказ на сумесныя амэрыкана-паўднёвакарэйскія вайсковыя вучэньні Ulchi Freedom Guardian, што пачаліся на карэйскім паўвостраве.

Пра гэта заявіў начальнік генэральнага штабу паўночнакарэйскай арміі, перадае Інтэрфакс.

«Гэтыя вучэньні, якія будуць доўжыцца да пачатку верасьня, закліканыя адпрацаваць магчымасьці нанясеньня нечаканага прэвэнтыўнага ядзернага ўдару па КНДР „аб’яднанымі сіламі“ ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі на Карэйскім паўвостраве, і такім чынам рэалізаваць шматэтапны сцэнар уварваньня ў КНДР», — гаворыцца ў заяве начальніка генштабу, распаўсюджанай па каналах Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК).

У ёй гаворыцца, што «становішча на карэйскім паўвостраве настолькі напружанае, што атамная вайна можа распачацца ў любы момант», і падкрэсьліваецца: «Падбухторшчык ядзернай вайны павінен мець на ўвазе, што калі будзе прадэманстраваная найменшая прыкмета агрэсіі супраць недатыкальных земляў, марской або паветранай прасторы, над якімі КНДР ажыцьцяўляе свой сувэрэнітэт, то прэвэнтыўны ядзерны ўдар карэйскага тыпу ператворыць аплот правакатараў у попел».

У вайсковых манэўрах Ulchi Freedom Guardian бяруць удзел дзясяткі тысяч вайскоўцаў ЗША і Паўднёвай Карэі.

XS
SM
MD
LG