Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перагледзяць пэрспэктывы супрацы з Расеяй


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі

Злучаныя Штаты Амэрыкі паабяцалі перагледзець пэрспэктывы супрацы з Расеяй пасьля бамбаваньня канвою, які вёз гуманітарную дапамогу ў пацярпелы ад вайны сырыйскі горад Алепа.

«Улічваючы абуральнае парушэньне рэжыму спыненьня агню, мы перагледзім пэрспэктывы супрацы з Расеяй», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джон Кірбі, адзначыўшы, што ЗША абураныя паведамленьнямі пра бамбаваньне.

Як паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі», Кірбі падкрэсьліў, што больш за тыдзень ЗША заклікалі Маскву выконваць узятыя ў Жэнэве абавязаньні, сярод якіх — дапамога ў бесьперашкоднай даставе гуманітарнай дапамогі сырыйцам.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту дадаў, што больш за тыдзень сырыйскі ўрад неаднаразова перашкаджаў уезду калёнаў ААН, не дазваляючы ім даставіць прадукты харчаваньня, ваду і мэдыкамэнты даведзеным да адчаю грамадзянам Сырыі.

Толькі ў панядзелак урад прэзыдэнта Башара Асада нарэшце дазволіў некаторым канвоям працягваць рух.

«Пра пункт прызначэньня гэтага канвою ведаў сырыйскі рэжым і Расейская Фэдэрацыя, і тым ня менш гэтыя гуманітарныя работнікі былі забітыя пры спробе даставіць дапамогу сырыйскаму народу», — сказаў Кірбі, дадаўшы, што «ЗША ўздымуць гэтае пытаньне наўпрост з Расеяй».

На думку назіральнікаў, атака практычна цалкам зьнішчыла тыднёвае спыненьне агню, пра якое дамовіліся ЗША і Расея.

«Мы ня ведаем, ці можна яго выратаваць», — заявіў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік ЗША ўвечары ў панядзелак.

«Я зноў заклікаю ўсе бакі канфлікту прыняць усе неабходныя захады для абароны гуманітарных суб’ектаў, грамадзянскіх асобаў і грамадзянскай інфраструктуры, як таго патрабуе міжнароднае гуманітарнае заканадаўства», — заявіў намесьнік генэральнага сакратара ААН ў гуманітарных пытаньнях Стывэн О’Браен.

Пра дасягненьне пагадненьня аб замірэньні абвясьцілі 10 верасьня ў Жэнэве Джон Керы і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Яно набыло моц праз два дні і павінна было адкрыць дарогу для даставы гуманітарнай дапамогі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG