Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ пачынае працу ў Менску, Беларусь хоча новы крэдыт

  • БелаПАН

Штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне

Штаб-кватэра МВФ у Вашынгтоне

Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале зь Пітэрам Долманам будзе працаваць зь 19 верасьня па 1 кастрычніка.

Папярэдняя місія МВФ наведала Беларусь у канцы чэрвеня з мэтай ацаніць бягучую эканамічную палітыку ўладаў згодна з артыкулам IV Статута фонду. Па выніках візыту Пітэр Долман заявіў, што МВФ пазытыўна ацэньвае рэформы ў беларускай эканоміцы, але лічыць неабходным іх паглыбіць і паскорыць. Акрамя таго, адзначыў ён, МВФ разьлічвае на публікацыю вынікаў незалежнай дыягностыкі беларускіх банкаў і рэкамэндуе беларускім уладам правесьці шырокую дыягностыку сэктару дзяржпрадпрыемстваў.

«Мы падзяляем мэты ўраду па стоадсоткавай кампэнсацыі выдаткаў на паслугі ЖКГ насельніцтвам да 2018 году», — заявіў таксама Долман.

Кіраўнік місіі абвясьціў прагноз МВФ пра пэрспэктывы беларускай эканомікі:

«Мы чакаем, што рэцэсія ў Беларусі ў 2016-2017 гадах будзе захоўвацца». Згодна з ацэнкай фонду, ВУП краіны ў 2016 годзе годзе зьнізіцца на 3 %, у 2017-м — на 0,5%.

У сваю чаргу старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павел Калавур у ліпені заяўляў, што бачаньне структурных аспэктаў павышэньня эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі «ў цэлым супадае з пазыцыяй Міжнароднага валютнага фонду, выяўленай у ходзе апошняй (чэрвеньскай) місіі».

Беларускія ўлады разьлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запрошваючы ў МВФ крэдыт на 3 млрд даляраў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Як заявіў прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў у сьнежні 2015 году, «неабходна прыцягнуць на як мага больш камфортных умовах па тэрмінах і кошту рэсурсаў МВФ». Аляксандар Лукашэнка ў адказ заявіў, што крэдыт МВФ — гэта «добры крэдыт, з добрым аб’ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам». «Ніхто нам, у тым ліку і расейцы, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна».

У 2009-2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы стэнд-бай пяць траншаў крэдыту на 3,46 млрд даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG