Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глод: Пры фармаваньні бюджэту Беларусі фінансісты найперш зьвяртаюць увагу на два лічбавыя парамэтры. Першы — па якой цане закладаецца ў разьлікі барэль нафты. Другі — колькі будзе каштаваць расейскі рубель адносна амэрыканскага даляра? Справа ў тым, што беларускі бюджэт моцна залежыць ад нафты. Бэнзін, мазут ды іншая прадукцыя двух найбуйнейшых на тэрыторыі СНД перапрацоўчых заводаў (у Наваполацку і Мазыры) дае істотную частку валютных паступленьняў. Расейскі рубель важны таму, што ўсходняя суседка па-ранейшаму застаецца галоўным рынкам для беларускай прадукцыі.

На сёньняшні дзень праект бюджэту сфармаваны, зыходзячы з цаны на нафту ў 35 даляраў за барэль і курсу ў 75 расейскіх рублёў за даляр. Пра тое, што менавіта гэтыя лічбы бяруцца ў якасьці базавых журналістам паведаміў намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня Ўладзіслаў Шчэпаў. Дарэчы, дэпутаты гэтага складу, а ня новаабраныя будуць прымаць Закон аб бюджэце. Дык, вось, спадар Шчэпаў публічна і ацаніў галоўны фінансавы дакумэнт краіны, як кансэрватыўны і пэсымістычны.

І тым ня менш бюджэт будзе традыцыйна сфарміраваны з прафіцытам, а не з дэфіцытам. Улады разьлічваюць атрымаць прыбытак ад мытаў на нафтапрадукты і ад разьмяшчэньня на рынку эўрабондаў на 800 мільёнаў даляраў. Ёсьць спадзяваньні на дапамогу Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Тут гаворка ідзе пра тры траншы на агульную суму каля 700 мільёнаў даляраў. Запазычаньні на ўнутраным рынку складуць да 300 мільёнаў даляраў.

Мяркуецца скараціць выдаткі на жыльлёвае будаўніцтва, аграрны сэктар, скарачаецца фінансаваньне некаторых пунктаў праграмы падтрымкі нацыянальнай эканомік

А вось колькасьць дзяржпраграм будзе скарочана да 20. Яны, па словах дэпутата, стануць «больш кіраванымі і прадказальнымі». Мяркуецца скараціць выдаткі на жыльлёвае будаўніцтва, аграрны сэктар, скарачаецца фінансаваньне некаторых пунктаў праграмы падтрымкі нацыянальнай эканомікі. Калі дзяржава ідзе на зьмяншэньне фінансаваньня аграрыяў і будаўніцтва жыльля, то, зразумела, што справы з фінансамі дрэнныя. Але, падобна, улады ўжо знайшлі апраўданьне. У даведцы да праекту бюджэту запісана, што такія захады неабходныя, каб у 2017 годзе сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, найперш у галінах адукацыі і аховы здароўя, былі прафінансаваныя ў поўным абʼёме.

Але вернемся да галоўнага — у праекце бюджэту зноў прадугледжана, што дэфіцыту ня будзе. Узьнікае законнае пытаньне: чаму так атрымліваецца, калі ўсе бачаць, што беларуская эканоміка ў дрэнным стане? Я памятаю сваю размову з доктарам эканамічных навук Барысам Жалібам, калі мы абмяркоўвалі выкананьне сёлетняга бюджэту за першы квартал. Тады навуковец патлумачыў, што беларускі бюджэт складаецца паводле савецкай матрыцы. Як гэта рабілася тады? Ужываліся сацыялістычныя хітрасьці. Пачынаючы ад нізу і да верху, ніхто ня браў напружаныя пляны. Кожны дырэктар прадпрыемства, кожны раён, горад, вобласьць, рэспубліка штучна прыніжалі магчымасьці сваёй вытворчасьці. І вось на гэтых заніжаных лічбах і будаваўся бюджэт. Зразумела, што і выканаць, і перавыканаць такі бюджэт было значна лягчэй, ды і прэміі набягалі нядрэнныя. Дык вось, падсумоўваючы тую размову прафэсар Жаліба сказаў, што ў яго такое ўражаньне, што і беларускі бюджэт вярстаецца па тых савецкіх лякалах.

Цыганкоў: Ёсьць такая інэрцыя, можна назваць яе і савецкай, у эканамічных разьліках і плянаваньні паказчыкаў. Апошнія гады ўжо занадта часта здараліся сытуацыі, фактычна яны сталі правілам, калі эканамічныя разьлікі беларускага ўраду не апраўдваюцца. Гэта можна зьвязаць з тым, што апошнія гады былі вельмі няўдалымі, гэта агды эканамічнага падзеньня, але кожны год улады зноў праектуюць тое самае. Афіцыйна працуюць розныя інстытуты, міністэрства эканомікі, якое выдае лічбы, якія потым аказваюцца абсалютна далёкімі ад рэальнасьці. На гэты год напачатку года некалькі разоў нават сам прэм’ер-міністар Кабякоў казаў, што ў гэтым годзе мы можам выйсьці на рост, пры тым, што пачатак гэтага году быў вельмі нэгатыўным, калі ў студзені-лютым было падзеньне на 4%, і пасьля гэтага, разумеючы сытуацыю, ён такое казаў. Мне ўзгадваецца ягоная характарыстыка, якую ў адной зь перадачаў даў незалежны эканаміст Міхал Залескі, што гэта такі запісны аптыміст, якія заўсёды былі ў кіраўніцтве. Маўляў, ура, наперад, возьмем любыя вяршыні. Канешне, ёсьць ва ўрадзе больш рэалістычныя людзі, але часьцей у прэсе, асабліва ў дзяржаўнай, гучаць вось гэтыя аптымістычныя заявы.

МВФ чакае, што ВУП у Беларусі скароціцца на 3%. Відавочна, што гэты прагноз будзе значна бліжэйшы да прагнозу беларускага ўраду

За студзень-ліпень падзеньне затармазілася, але тым ня менш яно ёсьць, 2,7% падзеньня ВУП, і на гэты момант ужо ніхто не спрачаецца, што па выніках 2016-га году будзе падзеньне. МВФ чакае, што ВУП у Беларусі скароціцца на 3%. Відавочна, што гэты прагноз будзе значна бліжэйшы да прагнозу беларускага ўраду, які меркаваў, што падзеньне спыніцца. З гэтага пункту гледжаньня можна ацэньваць і прагнозы на 2017-ы год.

Варта прызнаць, што яны не настолькі аптымістычныя, яны больш блізкія да рэаліяў. Беларускія ўлады прагназуюць невялікі рост на 2017 год, і калі нафта вырасьце да 45 даляраў за барэль, то рост ВУП будзе 1,5%. Але нават і гэта выглядае занадта аптымістычным, паколькі за першай хваляй крызысу, якая зьвязаная з вытворчасьцю, з ВУП, звычайна ідзе і другая, і зараз якраз усё больш беларускія эканамісты пішуць пра другі паварот крызысу, а менавіта крызыс банкавай сфэры. Зараз столькі нерэнтабэльных прадпрыемстваў, усе яны ціснуць на банкаўскую сыстэму, якая гэта на сябе прымае, зьніжаюцца працэнты, улада ідзе на такую макраэканамічную стабілізацыю, але ад гэтага банкі ўсё менш зарабляюць, меншыя лічбы іх рэнтабэльнасьці, і таму гэта насьцярожвае беларускіх незалежных эканамістаў, гэта новая зьява, пра якую загаварылі апошнія год-два. Нават магчымае зьяўленьне банкруцтва ў банкаўскай сфэры, калі дзяржава не падтрымае гэтыя банкі.

Гурневіч: Бюджэт назвалі ня толькі пэсымістычным, але яшчэ і кансэрватыўным. Гэта словы намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Ўладзіслава Шчэпава. Я б дадаў, што ён яшчэ і рэалістычны, прынамсі ў параўнаньні з тым, што было раней. У папярэднія гады цана на нафту ў бюджэце закладалася абсалютна нерэальнай. Калі ўвесь сьвет казаў пра 50 даляраў, у Беларусі цана была ў леташнім бюджэце на ўзроўні 100 даляраў за барэль. Зразумела, гэта лепш выглядала на ўзроўні папулізму, пацьвердзіць, што ўсе сацыяльныя праграмы захоўваюцца, што няма ніякіх скарачэньняў. Але па факце мы і так сталі сьведкамі таго, як згортваліся сацыяльныя выдаткі, як чарговыя прадпрыемствы пераходзілі на скарочаны тыдзень і ўвогуле як зьніжаўся дабрабыт беларусаў.

Цана на нафту для Беларусі і так самая нізкая ў рэгіёне. Але бяда ў тым, што разам са зьмяншэньнем цаны Масква прапарцыйна зьніжае і экпартнае мыта на нафту і нафтапрадукты. Натуральна, што ў бюджэт паступае менш сродкаў, чым магло б паступіць пры высокіх цэнах.

Плянуецца некаторае зьніжэньне расходаў па асобных напрамках, сярод якіх жыльлёвае будаўніцтва і сельская гаспадарка. «Гэта абʼектыўны фактар, таму што неабходна забясьпечваць выдаткі на сацыяльную сфэру», — сказаў Уладзіслаў Шчэпаў.

І як вынік улада будзе зьмяншаць выдаткі на жыльлёвае будаўніцтва і сельскую гаспадарку. Пра гэта было заяўлена афіцыйна. Робіцца гэта дзеля таго, каб забясьпечыць выдаткі на сацыяльную сфэру

І як вынік улада будзе зьмяншаць выдаткі на жыльлёвае будаўніцтва і сельскую гаспадарку. Пра гэта было заяўлена афіцыйна. Робіцца гэта дзеля таго, каб забясьпечыць выдаткі на сацыяльную сфэру. Сацыялка для ўладаў сьвятое — на гэтым трымаецца цярпеньне людзей. Зь іншага ж боку — скарачэньне выдаткаў на жыльлё — гэта таксама трагедыя для многіх сем’яў. Скарачэньне выдаткаў на сельскую гаспадарку азначае яшчэ большы заняпад вёскі, якая і так ледзь дыхае.

Улада апошнія два гады вуснамі Лукашэнкі рыхтавала людзей да горшага, што лёгка ня будзе і праект бюджэту гэта практычны доказ гэтых слоў. Наша эканоміка залежная ад расейскай і любы землятрус будзе ў нас адбівацца з падвойнай сілай, бо ў Беларусі няма такіх рэзэрваў як Расеі, якія маглі б быць падушкай бясьпекі. Таму назва пэсымістычны бюджэт — гэта сынонім рэалістычнага бюджэту, які адпавядае сёньня стану беларускай эканомікі.

XS
SM
MD
LG