Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ аднавіў крэдытаваньне Ўкраіны


Міжнародны валютны фонд ухваліў выдзяленьне Ўкраіне новага траншу крэдыту на суму ў 1 мільярд даляраў пасьля працяглых затрымак. Такое рашэньне прыняла Рада дырэктараў МВФ у Вашынгтоне.

У Кіеве прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што вітае станоўчае рашэньне Рады дырэктараў МВФ аб працягу праграмы супрацоўніцтва з Украінай і выдзяленьня дадатковых аб’ёмаў фінансавай дапамогі.

Паводле яго словаў, рашэньне Фонду адкрывае шлях да выдзяленьня фінансавай дапамогі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі ў аб’ёме 1 мільярда даляраў (відавочна, гаворка ідзе пра крэдытныя гарантыі на гэтую суму — рэд.) і Эўразьвязу — макрафінансавай дапамогі ў рамках дадаткова яшчэ 600 мільёнаў эўра, з боку іншых міжнародных фінансавых арганізацыяў. І, што, па словах прэзыдэнта, яшчэ значна больш важна, — яно адкрывае вакно магчымасьцяў для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў ва ўкраінскую эканоміку.

«Але глябальна ў гэтай гісторыі гаворка ідзе не пра грошы. Станоўчае рашэньне МВФ сьведчыць пра тое, што сьвет прызнае: ва Ўкраіне адбываюцца рэформы, ва Ўкраіне адбываюцца якасныя і пазытыўныя зьмены, і краіна рухаецца ў правільным кірунку... І, як ні парадаксальна, рэзалюцыя Фонду — гэта таксама сыгнал агрэсару, які спрабаваў нам паставіць палкі ў колы нават на сэсіі Рады дырэктараў МВФ. Спробы Расеі падарваць салідарнасьць МВФ з Украінай і сарваць рашэньне аб траншы праваліліся. Крэмль прайграў у гэтай апэрацыі», — адзначыў Пятро Парашэнка.

У аўторак міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў заяўляў, што на сустрэчы МВФ Расея будзе галасаваць супраць прадстаўленьня Ўкраіне новага траншу крэдыту праз неўрэгуляваную справу з доўгам часоў Віктара Януковіча на суму ў 3 мільярды даляраў, хоць ён і разумее, што гэта не паўплывае на канчатковае рашэньне.

З жніўня 2015 году Ўкраіна не атрымлівала новых выплат ад МВФ з пакету фінансавай дапамогі агульным аб’ёмам 17,5 мільярдаў даляраў, зацьверджанага ў красавіку 2015 году. У рамках гэтай праграмы Ўкраіна атрымала ў мінулым годзе два траншы МВФ — аб’ёмам 5 і 1,7 мільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG