Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт зь целам Шарамета заўтра мае вылецець у Менск, пахаваньне ў суботу


На месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве. 20 ліпеня 2016 году

На месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве. 20 ліпеня 2016 году

Маці Паўла Шарамета Людміла Станіславаўна паведаміла Свабодзе, што самалёт зь целам яе сына заўтра мае вылецець з Кіева ў Менск.

«Развітаньне будзе заўтра ў Кіеве, я пакуль ня ведаю дзе», -- паведаміла Свабодзе маці Паўла Шарамета Людміла Станіславаўна.

Яна таксама пацьвердзіла, што заўтра ўвечары яго самалётам павінны прывезьці ў Менск.

Людміла Станіславаўна ад учора знаходзіцца ў Кіеве.

Сяброўка Шарамета Сьвятлана Калінкіна паведаміла Свабодзе, што чакаецца, што цела Паўла прывязуць толькі заўтра, ў пятніцу, бо спачатку разьвітаньне будзе ў Кіеве. Але маці ня ўпэўненая, што яшчэ сёньня цела Паўла аддадуць. Калі прывязуць заўтра, то адразу павязуць у менскую царкву Ўсіх сьвятых. А ў суботу заплянаванае разьвітаньне ў Менску і пахаваньне на Паўночных могілках.

***

Журналіст Павал Шарамет быў забіты ў Кіеве ў сераду раніцай у выніку выбуху машыны. Машына належала кіраўніку «Ўкраінскай праўды» Алёне Прытуле, але яе ў машыне не было.

Выбух адбыўся ў 7:45 раніцы, калі Шарамет выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў мэтраў.

Сярод вэрсіяў прычынаў забойства — прафэсійная дзейнасьць, непрыязныя адносіны, расейскі сьлед. Паўла Шарамета пахаваюць у Менску.

XS
SM
MD
LG