Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ, Эўразьвяз, ЗША патрабуюць поўнага расьсьледаваньня забойства Шарамета 


Павал Шарамет

Павал Шарамет

Старшыня камітэту па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ігнасьё Санчэс Амор выказаў жаль з прычыны забойства журналіста Паўла Шарамета. Ён патрабуе ўважлівага расьсьледаваньня гэтай трагедыі:

«Я рашуча асуджаю забойства Паўла Шарамета і патрабую неадкладнага і ўважлівага расьсьледаваньня. На працягу ўсёй сваёй кар’еры Павал Шарамет паказваў выдатную адвагу, дэманструючы неацэнную ролю журналістаў у справе абароны правоў чалавека».

Кіраўнік камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ згадвае, што ў 2002 годзе Шарамет атрымаў прэмію ПА ў галіне журналістыкі і дэмакратыі за сваю працу дзеля прасоўваньня прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Асудзіла забойства Паўла Шарамета і прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч:

«Гэтае забойства і яго акалічнасьці павінны быць апэратыўна і старанна расьсьледаваныя, а вінаватыя — прыцягнутыя да адказнасьці. Мы страцілі выдатнага і адданага журналіста. Мае шчырыя спачуваньні сям’і Шарамета, сябрам і калегам».

«Агідны інцыдэнт сёньня раніцай нагадвае ўсім нам, што сытуацыя зь бясьпекай журналістаў ва Ўкраіне павінна быць вырашана эфэктыўна і своечасова», — падкрэсьліла Міятавіч.

Сваё стаўленьне да злачынства выказаў і Эўрапейскі Зьвяз. Джым Казанс, часовы павераны ў справах Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, зрабіў наступную заяву:

«Мяне агаломшыла навіна пра забойства Паўла Шарамета ў Кіеве сёньня раніцай. Павал Шарамет — выбітны беларускі журналіст, які зрабіў так многа для свабоды слова ў Беларусі, Расеі, Украіне.

Ад імя каманды Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі я прашу яго блізкіх, сяброў і калег прыняць нашыя найглыбейшыя спачуваньні. Спадзяюся, што адбудзецца грунтоўнае і выніковае расьсьледаваньне гэтага падступнага злачынства».

Са спачуваньнем выступіла амбасада ЗША ва Ўкраіне.

«Мы шакаваныя і засмучаныя весткай пра сьмерць вядомага журналіста Паўла Шарамета, які быў забіты празь беспрэцэдэнтны выбух аўтамабіля сёньня раніцай у Кіеве. Павал жыў мэтанакіраваным і сумленным жыцьцём у некалькіх краінах. Мы паважаем яго як бясстрашнага прафэсіянала і прыхільніка свабоды слова, рэвалюцыі годнасьці, які хацеў лепшай будучыні для Ўкраіны» — гаворыцца ў заяве амбасады.

Адзначаецца таксама, што ЗША «вітаюць заявы паліцыі і генэральнага пракурора аб тым, што абставіны забойства Шарамета будуць цалкам расьсьледаваныя, а вінаватыя — прыцягнутыя да адказнасьці».

***

У сераду раніцай у выніку выбуху машыны быў забіты журналіст Павал Шарамет. Сярод вэрсіяў прычынаў забойства — прафэсійная дзейнасьць, непрыязныя адносіны, расейскі сьлед. Паўла Шарамета пахаваюць у Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG