Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе інтэрвію Паўла Шарамета: Дзякуючы ўкраінцам я вярнуўся да роднай мовы 


У інтэрвію ўкраінскаму сайту «Грамадзкае радыё», якое Павал Шарамет даў напярэдадні сваёй трагічнай гібелі, журналіст гаворыць пра сытуацыю беларускай мовы і сваё вяртаньне да яе.

Ларыса Дзенісенка: Я 1, 2, 3 ліпеня наведала Беларусь, і 2 ліпеня там быў Дзень вышыванкі. Дарэчы, там ніхто ня быў апрануты ў вышыванкі, як мы прывыклі. Хоць мы слухалі радыё, дзе чыноўнікі казалі, наколькі важна іх насіць. Але, што характэрна, журналісты вялі размову на беларускай мове, а ўсе адказвалі ім на расейскай. Чым гэта можна растлумачыць?

Павал Шарамет: Беларуская мова зразумелая ўкраінцам, але яны зь яе сьмяюцца. Я заўсёды кажу сваім украінскім сябрам: вы ў адносінах да беларускай мовы паводзіце сябе так, як расейцы — у адносінах да ўкраінскай. Але што да вышыванкі, я ня ведаю, каму дзякаваць — Украіне ці Пуціну. Напэўна, Пуціну, таму што пасьля агрэсіі Пуціна ў Крыме і на Данбасе беларусы спалохаліся і пачалося нацыянальнае адраджэньне пад кантролем дзяржавы. Георгіеўскія стужачкі замянілі яблыневымі стужкамі, зьявіліся вышыванкі ці, дакладней, «вышымайкі», таму што людзі асьцярожнічаюць. Гэта такая выдумка, таму што «вышымайка» — гэта не вышыванка, а трафарэт на майцы, таму што вышыванку немагчыма купіць і людзі, у асноўным маладыя, наносяць на майкі гэтыя трафарэты. І толькі цяпер вышыванкі ўваходзяць у моду.

У Беларусі людзі, якія раней хадзілі ў вышыванках, лічыліся «дзівакамі», аматарамі гісторыі і фальклору. Але цяпер гэта ўсё мяняецца.

Калі ў Кіеве на Маршы вышыванак людзі выходзяць у сапраўдных і вельмі прыгожых вышыванках — у мяне ёсьць украінская вышыванка, белая па белым, гэта асаблівы шык — то у Беларусі людзі, якія раней хадзілі ў вышыванках, лічыліся «дзівакамі», аматарамі гісторыі і фальклору. Але цяпер гэта ўсё мяняецца.

Ларыса Дзенісенка: У Беларусі сёлета зьявіліся рэклямныя плякаты «Не саромейся размаўляць па-беларуску, беларуская мова прыгожая». Яны напісаныя дзьвюма мовамі.

Павал Шарамет: Калі я толькі прыехаў ва Ўкраіну і спрабаваў размаўляць на ўкраінскай, то пастаянна ўжываў польскія і беларускія словы. А цяпер я часьцей ужываю ўкраінскія словы, нават у эфіры амаль кожны дзень чытаю хвілін дзесяць на ўкраінскай якія-небудзь цікавыя тэксты. Гэта карава атрымліваецца, у мяне вельмі шмат памылак, але ня трэба баяцца гаварыць.

Я таксама прасякнуўся гісторыяй братоў Капранавых, якія пачалі размаўляць па-ўкраінску толькі ў 90-х. А цяпер моладзі здаецца, што яны размаўлялі па-украінску зь дзяцінства. Але гэта ня так. І яны напісалі цэлую інструкцыю аб тым, як рускамоўным вывучыць украінскую мову — на што зьвяртаць увагу, а што абмінуць. І я вельмі прасякнуўся гэтай гісторыяй. Я ж у прынцыпе магу не гаварыць па-украінску ў эфіры, і нават не зьвяртаць увагі на закон, які прыняла Вярхоўная Рада аб 35 адсотках украінскага маўленьня ў прайм-тайм. Але калі я жыў у Менску, а потым у Маскве, нягледзячы на тое, што я вырас у сям’і інтэлігенцыі, мы ніколі не размаўлялі па-беларуску, і ў нашым асяродзьдзі ніхто не гаварыў па-беларуску.

Беларускамоўных я часам падазраваў у кан’юнктурнасьці. Цяпер я прызнаю, што ня меў рацыі. Сёньня мне сорамна за такое снабісцкае, барбарскае стаўленьне да роднай мовы.

І калі прыйшла незалежнасьць Беларусі, зьявіліся людзі, якія пачалі размаўляць па-беларуску. Я іх часам падазраваў у кан’юнктурнасьці, таму што да гэтага часу беларускія палітыкі ў эфіры гавораць па-беларуску, а па-за эфірам пераходзяць на рускую. Цяпер я прызнаю, што ня меў рацыі. Сёньня мне сорамна за такое снабісцкае, барбарскае стаўленьне да роднай мовы. Гэта трагедыя, у Менску вы практычна не пачуеце беларускай мовы.

Тут жа, ва Ўкраіне, людзі змагаюцца за родную мову, размаўляюць на ёй дома, некаторыя размаўляюць прынцыпова толькі па-ўкраінску. У Беларусі я прасіў людзей гаварыць са мной па-беларуску, каб я таксама мог уцягвацца ў мову, але яны ўсё роўна пераходзілі на рускую, таму што гэты культурны слой быў вельмі тонкі.

А тут — не, нават калі адзін будзе ў асяродзьдзі гаварыць на ўкраінскай, а ўсе — на рускай, ён усё роўна не пяройдзе на рускую.

Таму я памяняў сваё стаўленьне да вывучэньня моваў. Я абсалютна перакананы, што тут трэба гаварыць на ўкраінскай мове як мінімум з павагі да людзей, якія тут жывуць.

Андрэй Кулікоў: Акрамя таго, гэта страшна цікава — шукаць адпаведнасьці і адрозьненьні ў нашых мовах.

Павал Шарамет: І ня трэба баяцца. Чаму я публічна наладжваю сабе такую лупцоўку — чытаю на ўкраінскай мове? Хоць чытаць тэксты складана, бо мова кніг яшчэ больш складаная, чым гутарковая. Але я ўсё роўна настойліва чытаю гэтыя тэксты, паказваючы людзям, што баяцца ня трэба.

Я лічу, што ня страшна, калі людзі пераходзяць на суржык, трасянку, гэтага ня трэба баяцца, галоўнае — гаварыць.

Я лічу, што ня страшна, калі людзі пераходзяць на суржык (у беларускай мове гэта называецца трасянка), гэтага ня трэба баяцца, галоўнае — гаварыць. У беларускай мове таксама ёсьць некалькі вэрсій — наркамаўка (савецкая вэрсія беларускай мовы) і тарашкевіца.

Тыя ж браты Капранавы кажуць: «Ня бойцеся рабіць памылкі, не зьвяртайце ўвагі на тых разумнікаў, якія вам гэтымі памылкамі тыкаюць ў твар. Нічога страшнага». Мы не жывем у грамадзтве Нобэлеўскіх ляўрэатаў па літаратуры, мы жывем сярод простых людзей, і разумны вас зразумее, а дурняў ня трэба слухаць, і наогул ня трэба трымаць іх побач.

Андрэй Кулікоў: Я даўно ня быў у Беларусі, але калі быў і чуў, як гавораць мясцовыя жыхары, заўважаў, што акцэнту амаль няма, як і ў вас. А раней, каго ні вазьмі, усе «чэкалі» і «дзекалі».

Павал Шарамет: Я вылучаю беларусаў і жыхароў Казахстану па тым, як яны чыста гавораць на рускай мове. Яшчэ трошкі піцерскія людзі так гавораць, таму што правільна гучаць усё цьвёрдыя зычныя, але гэта вынік русыфікацыі.

Яшчэ 10-15 гадоў пратрымаўся б СССР, і беларусы растварыліся б у рускім этнасе, а ўсьлед за імі — і ўкраінцы. Працэс адраджэньня мовы вельмі цяжкі. У мяне ўсе менскія сябры пытаюцца, калі я ўжо загавару роднай мовай? Я адказваю, што хутчэй загавару ўкраінскай, таму што ўвесь час чую ўкраінскую мову: на вуліцы, у краме, у кінатэатры. І я ўжо на старце...

Маладыя людзі, якія цяпер спрабуюць гаварыць на беларускай мове, зьдзяйсьняюць подзьвіг.

У Беларусі беларускай я ня чую. І маладыя людзі, якія цяпер спрабуюць гаварыць на беларускай мове, зьдзяйсьняюць подзьвіг.

На радыё і тэлебачаньні ўсе гавораць па-беларуску, але гэтага недастаткова, таму што гэтай мовы няма ў жыцьці. Лукашэнка абяцаў вывучыць беларускую, і тады ён будзе ўсіх «ператрахіваць» і ўсе «загаворят на бялоруской мове» (сьмяецца).

Андрэй Кулікоў: Беларуская мова аб’ядноўвае ці разьядноўвае?

Павал Шарамет: У Беларусі няма падзелу на рэгіёны, як ва Ўкраіне. Самы заходні рэгіён Брэст — вельмі прарасейскі, поўнач Віцебскай вобласьці або поўдзень Гомельскай вобласьці — прабеларускія. Усіх упартых, якія гавораць па-беларуску, мы называем «апантанымі» або «змагарамі». У майго прыяцеля жонка — лекар, і ў яе адзінай бэйджык быў на беларускай мове, а нядаўна яшчэ тры жанчыны захацелі зрабіць таксама. Таму ёсьць шанец.

Праз Украіну я вярнуўся да сваёй роднай мовы.

Вядома, мова — гэта ня ўсё, калі мы гаворым пра любоў да радзімы, і ва Ўкраіне рускамоўных патрыётаў ня менш, чым украінскамоўных. Мы бачым, як на ўсходзе краіны змагаюцца за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў тым ліку і людзі, якія гавораць на рускай мове. Так і ў Беларусі.

Я спадзяюся, што цяга да роднай мовы ў Беларусі пад ціскам гісторыі і абставін ня зьнікне. І дзякуй украінцам за тое, што праз Украіну я вярнуўся да сваёй роднай мовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG