Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У хабары на 760 тысяч даляраў абвінавацілі экс-дырэктара Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу


Былы дырэктар Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу падазраецца ў атрыманьні хабару ў 759 200 даляраў за заключэньне і своечасовую аплату кантракту з замежнай кампаніяй на пастаўку тавару, паведамляе Сьледчы камітэт.

Па абвінавачаньнях у атрыманьні і дачы хабару яму пагражае да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады. У справе фігуруюць і іншыя асобы.

Вядзецца расьсьледаваньне і адносна яшчэ аднаго карупцыйнага злачынства, дзе ён мае статус падазраванага.

4 важкія хабары ў капілцы беларускай карупцыі

У справе Белкаапсаюзу, па якой яго экс-старшыня Сяргей Сідзько атрымаў 12 год турмы, хабар «даходзіў да 500 тысяч даляраў».

У атрыманьні хабару ў паўмільёна даляраў абвінавачваўся першы намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў, але даказаны быў толькі хабар на 250 тысяч.

Хабар у 500 тысяч даляраў быў нібыта зафіксаваны ў справе гендырэктара Сямёна Іокшы і дырэктара УКС Ленінскага раёну Менску Ўладзімера Чыгрына, але ў 2014 годзе абодвух апраўдалі і вызвалілі. Пры гэтым 520 тысяч даляраў склала агульная сума хабару, які даваўся ў 2014 годзе і быў выкрыты цягам 2015 году.

Але неўзабаве рэкорд можа скласьці мільён: 17 чэрвеня будзе вынесены прысуд па справе Беллегпраму, былога старшыню якога, Міхаіла Сучкова, абвінавачваюць у хабары памерам 1 млн даляраў. Зрэшты, сам Сучкоў заяўляе, што той мільён быў «віртуальны»: ён нібыта не атрымліваў грошай і нават не зьбіраўся. Пракурор жа лічыць, што віна Сучкова даказаная — і патрабуе 10 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Арыштаваны дырэктар кіраваў заводам, створаным з ініцыятывы Лукашэнкі

Летась у сакавіку намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Рыгор Лабкоў згадаў, што падразьдзяленьнямі ведамства выкрытыя крымінальныя схемы злачынстваў на шэрагу прадпрыемстваў. Сярод іх называўся Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, якому былі нанесеныя страты на суму больш за 673 тысячы даляраў.

У верасьні 2015 году стала вядома пра абвінавачаньне, выстаўленае былому намесьніку дырэктара Магілёўскага вагонабудаўнічага прадпрыемства. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён без абавязковай перадаплаты, не ўзгадніўшы з кіраўніцтвам, падпісаў кантракт на пастаўку прадукцыі расейскаму прадпрыемству. Гэтая дамова нанесла магілёўскаму заводу шкоду больш як на 56 мільярдаў рублёў. На той момант прадпрыемства мела дэбіторскую запазычанасьць.

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод стварылі ў 2005 годзе на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. У 2007 годзе, наведваючы магілёўскі аўтазавод, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб праз два гады ў Беларусі была паўнавартасная вагонабудаўнічая вытворчасьць. Тады Лукашэнка заявіў:

«Бліжэйшым часам на ўсясьветных рынках прагназуецца дэфіцыт вагонаў, і мы павінны паскорыць тэмпы разьвіцьця вагонабудаўніцтва, каб ні ад кога не залежаць».

Спадзяваньні Аляксандра Лукашэнкі ня спраўдзіліся. Прадукцыя прадаецца зь цяжкасьцю. Прыгарадныя станцыі застаўленыя навюткімі вагонамі.

На пачатку 2015 году прэзыдэнцкі інспэктар па Магілёўскай вобласьці Генадзь Лаўранкоў дакараў на адной з нарадаў за бязьдзейнасьць кіраўніка гораду Ўладзімера Цумарава.

«Пяцігодка ня складваецца — трэба мяняць падыходы і пераходзіць на ручное кіраваньне, — тлумачыў сваё бачаньне сытуацыі Лаўранкоў. — А што, Цумараў ня ведаў, што гэтыя вагоны рабіліся зь першага дня — ведаючы, што на іх збыту няма?»

У верасьні 2015 году казахскія партнэры магілёўскага прадпрыемства заявілі, што выявілі брак у набытых імі вагонах. Гаворка ішла пра 400 адзінак, якія нельга было эксплюатаваць. Тагачасны дырэктар магілёўскага заводу Сяргей Пярэча прызнаў абгрунтаванасьць гэтых прэтэнзіяў.

Магілёўскі завод быў створаны пад расейскі рынак збыту, але вагоны, якія ён выпускае, не вытрымліваюць там канкурэнцыі.

XS
SM
MD
LG