Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва пра судзьдзяў і іх падзельнікаў: Ня толькі бралі хабар, але падманвалі адзін аднаго


Алена Мельнікава і Юры Грушэцкі
Алена Мельнікава і Юры Грушэцкі

Магчыма, працэс па справе двух судзьдзяў Эканамічнага суду Менску і яшчэ 4 фігурантаў, нібыта датычных да хабараў, які пачаўся 17 траўня ў Вярхоўным судзе, урэшце назавуць працэсам ня толькі над хабарнікамі, але і над махлярамі.

Хабар — гэта калі прапануюць і бяруць грошы. Махлярства — гэта калі яшчэ і падманваюць, каб грошай атрымаць больш. У дадзенай справе, паводле сьледзтва, гэтак і было. Нібыта былы судзьдзя Юры Грушэцкі ня толькі браў хабар за рашэньні на карысьць таго, хто хабар даваў, але яшчэ і падманваў яго, каб атрымаць дадатковы бонус. Праўда, другая экс-судзьдзя на лаве падсудных, Алена Мельнікава, абвінавачваецца толькі ў атрыманьні хабару. Па двух інкрымінаваных ёй эпізодах яна нібыта атрымала больш за 5 тысяч даляраў, прычым сваёй віны былая судзьдзя не прызнае.

Дзелавыя адносіны

А вось Юры Грушэцкі прызнаў віну цалкам па ўсіх выстаўленых яму эпізодах, якіх больш за 10. Паводле сьледзтва, усяго ён атрымаў за 70 тысяч даляраў хабару. Браў вялікімі сумамі, прыкладам, 20 тысяч даляраў, але ня грэбаваў і малымі «адкатамі» ў 1 тысячу.

У паказаньнях Юры Грушэцкі скарэктаваў толькі некаторыя сумы хабару. Гэтак, з выяўленых сьледзтвам 20 тысяч «зялёных», паводле яго, атрымаў ён толькі 13, а астатнія засталіся ў пасярэдніка — прадстаўніка антыкрызіснай арганізацыі Віктара Вінцкевіча.

Гэты падсудны віну прызнаў часткова. Што махляваў з грашыма — так, што сам браў хабар — не. Прычым ягонае прозьвішча фігуруе ў большасьці эпізодаў аб хабары, якія ёсьць у справе.

Віктар Вінцкевіч
Віктар Вінцкевіч

Зусім не прызналі сябе вінаватымі таксама антыкрызісны мэнэджэр Андрэй Рыкун і юрыст Натальля Грэцкая, якія фігуруюць толькі ў адным эпізодзе аб перадачы хабару.

А вось прадпрымальніца Алена Халецкая ад віны не адпіралася. Яна фігуруе ў трох эпізодах аб перадачы хабару і двойчы, паводле сьледзтва, у зьвязаных з махлярствам. Нібыта падманвала прадпрымальніка, пра інтарэсы якога клапацілася ў судзе. Спачатку, паводле сьледзтва, прысабечыла амаль палову з хабару ў 40 тысяч эўра, якія брала для судзьдзі Грушэўскага, потым паквапілася яшчэ на 5 тысяч даляраў з 10 тысяч — хабару для экспэрта за патрэбны вынік экспэртызы.

У справе фігуруюць яшчэ некалькі прозьвішчаў прадпрымальнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і аднаго экспэрта, якія былі задзейнічаныя ў «хабарным» ланцугу. Прыкладам, экспэрту хабар прызначаўся нібыта за паніжэньне кошту трох грузавых аўтамабіляў, якія прадавала прадпрыемства-банкрут. Навошта? Магчыма, сэнс гэтай зьдзелкі, як і некаторых іншых, стане зразумелы падчас допыту сьведак. Тое, што некаторыя «хабарнікі» выступяць на працэсе ўсяго толькі як сьведкі, таксама выклікае цікаўнасьць.

«Час прысягі ня помню»

Судзьдзі пасьля прызначэньня на пасады асабістым указам Аляксандра Лукашэнкі даюць прысягу, а яшчэ як чыноўнікі падпісваюць антыкарупцыйныя абавязаньні. Было гэта і з судзьдзём 3 клясу Юрыем Грушэцкім, але калі дакладна, ён так і не згадаў. Увогуле засталося незразумелым, ці быў Юры Грушэцкі шчыры, калі прызнаў сябе цалкам вінаватым. Таму што былы судзьдзя хоць і пагадзіўся даваць паказаньні, але перад судом аказаўся значна менш гаваркі, чым перад сьледчымі КДБ.

«Сьледчыя запісалі ўсё дакладна, а я падрабязнасьці забыў, бо даўно было», — казаў Юры Грушэцкі пра падзеі 2014 году. На пытаньне пракурора, чаму яму давалі хабар за працу, за якую дзяржава плаціла заробак, былы судзьдзя так і не адказаў, хоць пытаньне гучала тройчы і судзьдзя Аляксей Цяцюхін мусіў зрабіць пракурору заўвагу за паўтор. Не хапіла сілаў?

Выглядае Грушэцкі, якога трымаюць за шклом у жалезнай клетцы, вельмі бледным і стомленым. Калі падсудны даваў паказаньні, пракурор і судзьдзя некалькі разоў прасілі яго гаварыць гучней ды наблізіцца да мікрафона. Дарэчы, гэтаксама нібыта «страціла» ў судзе голас і падсудная Алена Халецкая.

У бой ідуць адны жанчыны

А вось па паводзінах і ўсьмешках з «клеткі» Алены Мельнікавай бачна, што гэтая жанчына бяз бою ня здасца. Калі суд вызначаўся з парадкам судовага сьледзтва, Мельнікава папрасіла дапытаць яе пасьля іншых падсудных — прыкмета таго, што будзе змагацца да апошняга. Гэтага ж прасіла і Натальля Грэцкая.

У кулюарах суду адна з жанчын, якая прыходзіла на працэс, сказала карэспандэнту Свабоды, што ня верыць у віну Алены Мельнікавай: «Сфабрыкавалі, падставілі, трэба было кагосьці яшчэ арыштаваць». Пры гэтым пра ціск сьледчых на Мельнікаву нічога не сказала. Свайго прозьвішча жанчына не паведаміла, назвалася «проста знаёмай».

Справу былых судзьдзяў, якіх абвінавачваюць у хабарніцтве, распачаў і вёў КДБ. Паводле пракурора Мікалая Жэчкі, у справе ў якасьці доказаў будуць прадʼяўленыя і матэрыялы, здабытыя падчас апэратыўных дзеяньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG