Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 адрозьненьняў выбараў-2016 ад выбараў-2012


11 верасьня ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Папярэдняя такая кампанія праходзіла ў 2012 годзе.

«Свабода» знайшла восем адрозьненьняў сёлетняй выбарчай кампаніі ад папярэдняй.

1. Цяпер байкатаваць выбары заканадаўча забаронена

«Байкот выбараў забаронены заканадаўствам. Таму гэта робіць яго бессэнсоўным. Арганізатары байкоту атрымаюць адміністрацыйнае спагнаньне», — заявіла кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, кандыдаты ў дэпутаты, якія будуць браць удзел у байкоце выбараў, будуць пазбаўленыя свайго статусу і зьнятыя з выбарчай гонкі.

Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2012 году

Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2012 году

«Такіх кандыдатаў пазбавяць статусу з ініцыятывы арганізатараў выбараў, а ня так, як гэта было на папярэдніх выбарах, калі яны горда ляпалі дзьвярыма», — сказала Ярмошына.

За такія заклікі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе папярэджаньня або штрафу ў суме да 15 базавых велічынь.

«Нормы Выбарчага кодэксу Беларусі, якія забараняюць заклік да байкоту выбараў, супярэчаць Канвэнцыі СНД «Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод», — кажа намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. — 25 лістапада 2013 году ўвайшоў у дзеяньне Закон Рэспублікі Беларусь № 72-3, згодна зь якім у артыкул 47 Выбарчага кодэксу былі ўнесеныя зьмены, якія забаранілі публічна заклікаць да «зрыву, скасаваньня або пераносу выбараў». 4 студзеня 2014 году тыя ж самыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі Закон аб ратыфікацыі Беларусьсю канвэнцыі краін-удзельніц СНД «Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў».

Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што згодна з пунктам 8 артыкула 9 Канвэнцыі грамадзяне могуць свабодна ажыцьцяўляць свае выбарчыя правы і свабоды, у тым ліку ў форме байкоту ці заклікаў да байкоту выбараў, адмовы ад выкананьня выбарчых працэдур або выбарчых дзеяньняў.

2. Парлямэнцкія выбары і практычна, і тэарэтычна пройдуць толькі ў адзін тур

На сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў упершыню не прадугледжана правядзеньне другога туру. Гэтаксама будзе і на наступных мясцовых выбарах. Другі тур захаваўся толькі для выбараў прэзыдэнта.

На ўсіх ранейшых парлямэнцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь закон прадугледжваў два туры выбараў. Бо, каб стаць дэпутатам, прэтэндэнту трэба было ня толькі абысьці ўсіх іншых супернікаў па выбарчай акрузе, але і выканаць яшчэ адну абавязковую ўмову — набраць ня меней за 50% плюс 1 голас выбарцаў. Калі галасоў было меней, прызначаўся другі тур, як гэта было, напрыклад, пры абраньні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Гэта тэорыя. А на практыцы кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў чамусьці ўсе набіралі неабходную колькасьць галасоў ужо ў першым туры. І гэта быў моцны доказ для міжнароднай супольнасьці на карысьць таго, што гэтыя праўладныя дэпутаты не абіраліся, а прызначаліся.

Асечка адбылася толькі на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе ў Навабеліцкай акрузе. Там балятаваліся два кандыдаты: памочнік прэзыдэнта — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка і кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў. За два тыдні да галасаваньня Пракапенка зьняўся з выбараў, бо яго вызвалілі ад пасады памочніка (афіцыйна — без тлумачэньня, а неафіцыйна — у сувязі са скандальнай гісторыяй наконт махінацыяў з кватэрамі). І што ж у выніку? У 109 са 110 акругаў дэпутатаў «абралі» ў першым туры. І толькі ў Навабеліцкай выбарчай акрузе непраўладны і безальтэрнатыўны кандыдат не набраў неабходнай большасьці (50% + 1 голас).

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары 2012 году

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары 2012 году

3. Упершыню пры стварэньні выбарчых камісіяў адбудзецца рэйтынгавае галасаваньне

Апазыцыя ўвесь час скардзіцца, што яе прадстаўнікоў не ўключаюць у склад выбарчых камісіяў рознага роўню. Сёлета ўпершыню, калі колькасьць кандыдатаў у склад камісіі будзе перавышаць неабходную колькасьць яе сябраў, будзе праводзіцца так званае рэйтынгавае галасаваньне. За кожнага з патэнцыйных прэтэндэнтаў будуць галасаваць паасобку, а ня сьпісам, як раней. І толькі лепшыя трапяць у камісію. Як лічаць у ЦВК, такая працэдура вымусіць мясцовыя ўлады тлумачыць, чаму ў камісію ўключылі гэтых, а ня іншых прэтэндэнтаў.

4. Упершыню пры абраньні выбарчых камісіяў будуць прысутнічаць назіральнікі — і замежныя, і нацыянальныя

Раней у законе было прапісана, што на гэтай працэдуры могуць прысутнічаць назіральнікі. Гэта тычылася як міжнародных экспэртаў, так і прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі.

Мясцовыя назіральнікі падчас галасаваньня. Парлямэцкія выбары 2012 году

Мясцовыя назіральнікі падчас галасаваньня. Парлямэцкія выбары 2012 году

Розныя выканкамы па-рознаму ставіліся да недакладна прапісанай нормы. Хтосьці дазваляў прысутнасьць на пасяджэньнях назіральнікаў, хтосьці — забараняў.

Цяпер жа выканкамы абавязаныя дапускаць назіральнікаў на свае пасяджэньні.

«Тым самым мы часткова ўлічылі пажаданьні Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ» — кажа сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік.

5. Упершыню выбарчыя камісіі будуць даваць штодзённую статыстыку выбараў

Цэнтральная выбарчая камісія даручыла камісіям ніжэйшага роўню кожны дзень падчас датэрміновага галасаваньня і ў дзень выбараў даваць аглядальнікам дадзеныя пра колькасьць выбарцаў, якія былі ўключаныя ў сьпіс для галасаваньня і якія прагаласавалі.

6. Назіральнікаў упершыню дапусьцяць у акруговыя камісіі

Міжнародныя назіральнікі на парлямэнцкіх выбарах 2-12 году

Міжнародныя назіральнікі на парлямэнцкіх выбарах 2-12 году

«Раней міжнародныя назіральнікі нярэдка скардзіліся: нам паказваюць, як ідзе галасаваньне ва ўчастковых камісіях, але не дазваляюць пабываць у акруговых камісіях, куды прывозяць вынікі з участковых,— кажа Мікалай Лазавік. — Сёлета такіх пытаньняў больш ня будзе. Раней дазвол давалі акруговыя камісіі: хтосьці ішоў насустрач міжнародным аглядальнікам, хтосьці не рэагаваў на іх просьбы. Цяпер дазвол наведваць акруговую камісію будзе для ўсіх — і для міжнародных, і для нацыянальных назіральнікаў. Гэта мы зрабілі яшчэ адзін крок насустрач БДІПЧ АБСЭ».

7. Пра выбарчыя спрэчкі можна будзе даведацца на сайце

Упершыню ўсе рашэньні выбарчых камісіяў наконт выбарчых спрэчак будуць абавязкова выстаўляцца на адпаведных сайтах выканкамаў. У ЦВК ёсьць папярэдняя дамова зь Вярхоўным судом, што калі дойдзе да судовых разбораў, то адпаведныя матэрыялы будуць друкавацца і на сайтах судоў.

8. Упершыню свой асабісты фонд кандыдат у дэпутаты можа цалкам сфармаваць з уласных грошай

Як і раней, кандыдат у дэпутаты можа сфармаваць свой асабісты фонд. Па-ранейшаму такі фонд не павінен перавышаць адну тысячу базавых велічынь. На сёньняшні дзень гэта 210 мільёнаў беларускіх рублёў, або каля 10 тысяч эўра.

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары 2012 году

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары 2012 году

Як і раней, асабісты фонд можна стварыць трыма спосабамі: асабістыя грошы кандыдата, ахвяраваньні фізычных і юрыдычных асобаў. Але раней асабістыя грошы кандыдата не павінны былі перавышаць 1% агульнай сумы. Сёлета гэтае абмежаваньне зьнятае, і, як кажа Лідзія Ярмошына, прэтэндэнт на дэпутацкі мандат можа сфармаваць свой асабісты фонд цалкам са сваіх грошай.

На выбарах-2012 асабістыя фонды мелі каля чвэрці кандыдатаў. Пры жаданьні кандыдат можа і сёлета не ствараць свой асабісты фонд. У гэтым выпадку ён атрымае ад дзяржавы бясплатна:

а) памяшканьне для правядзеньня выбарчых сходаў;

б) час на мясцовым тэлебачаньні;

в) месца ў мясцовым друку.

Як лічыць Лідзія Ярмошына, такім чынам у Беларусі памалу ствараецца палітычная культура выбараў.

XS
SM
MD
LG