Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч, Караткевіч і Ўлаховіч ідуць у Палату прадстаўнікоў


У мінулагодніх выбарах прэзыдэнта Беларусі ўдзельнічалі чатыры прэтэндэнты. Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч прайгралі Аляксандру Лукашэнку. Свабода распытала іх, ці будуць яны балятавацца ў Палату прадстаўнікоў?

Гайдукевіч: Мы за незалежнасьць і сувэрэнітэт

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч на пытаньне, ці будзе ён удзельнічаць у выбарчай кампаніі, адказаў так:

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

«Канечне. Я ж — лідэр партыі. Было б дзіўна, калі б я адмовіўся ад парлямэнцкіх выбараў. Мы закрыем усе 110 акругаў. Партыя прапануе кожнаму кандыдату базавую праграму. Яе працоўная назва — „За моцную Беларусь!“. Што мы разумеем пад словам „моцная“? Найперш — незалежнасьць і сувэрэнітэт. Максымум увагі да нацыянальнай ідэі. Будзем прапагандаваць тэзу: „Трэба добра ведаць беларускую мову“. А прэтэндэнты дададуць да гэтага агульнага нешта сваё, што тычыцца канкрэтнай акругі».

Караткевіч: У праграме «Гавары праўду» — тры кіты

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч кажа, што абавязкова будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі:

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

«Я лічу, што трэба дамагацца, каб голас людзей, якія хочуць пераменаў, лепшага жыцьця для сваіх сем’яў, лепшай будучыні, быў пачуты на розных узроўнях. Таму мы за ўдзел ва ўсіх выбарах — прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх, мясцовых».

Спадарыня Караткевіч кажа, што сама пакуль ня вызначылася, у якой акрузе будзе балятавацца:

«Закон дазваляе падаваць дакумэнты ў некалькі акругаў, а пасьля выбраць адну. Гэтым я і скарыстаюся. Але сёньня магу пэўна сказаць: гэта будзе акруга ў Менску».

Выбарчая праграма кандыдатаў ад «Гавары праўду» будзе трымацца на трох кітах, кажа Тацяна Караткевіч:

«Першы — болей эканамічных свабодаў. Другі — рэформа дзяржаўнага кіраваньня. Трэці — моцная сацыяльная абарона».

«Гавары праўду» мяркуе выставіць на выбары ў Палату прадстаўнікоў прыкладна 30 кандыдатаў.

Улаховіч: Мы за савецкія каштоўнасьці

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч на пытаньне, ці зьбіраецца ён удзельнічаць у выбарах, заявіў:

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

«Напішыце, калі ласка, дакладна — разам з партыяй. Мы плянуем балятавацца прыкладна ў палове выбарчых акругаў. А вось у якіх канкрэтна і хто там будзе кандыдатам, вырашым на партыйным зьезьдзе, які правядзем напрыканцы чэрвеня. Падбярэм такіх, якія, калі нават іх не абяруць дэпутатамі, ня зганьбяць гонару і годнасьці нашай партыі.

Мы ня будзем мяняць назву партыі, але можна сьмела казаць, што яна паводле азначэньня будзе кансэрватыўнай. Нават прапішам гэта ў праграме. Мы па натуры бюракраты і ня лічым, што Беларусі неабходныя рэформы.

Нашы кандыдаты — гэта кіраўнікі даволі буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікі інтэлігенцыі. Але галоўнае — гэта людзі, якім дарагая савецкая мінуўшчына.

Аднак мы не зьбіраемся аднаўляць Савецкі Саюз. І гэта вельмі важна. Мы патрыёты Беларусі. Мы за тое, каб яна была незалежнай і ні ў якім выпадку не прырастала расейскай губэрняй. Нам гэта абсалютна гідка».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 11 верасьня 2016 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG