Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры палітычных партыяў будуць удзельнічаць ня ў выбарах, а ў чарговай палітычнай кампаніі


Збор подпісаў падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Збор подпісаў падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 11 верасьня 2016 году. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка 6 чэрвеня.

Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду» аб’ядналіся ў Правацэнтрысцкую кааліцыю і будуць дзейнічаць разам. Беларускі народны фронт, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» будуць вылучаць сваіх кандыдатаў асобна.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што ўдзельнічаць яны будуць ня ў выбарах, а ў чарговай палітычнай кампаніі:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Да выбараў, на вялікі жаль, адлегласьць застаецца вельмі і вельмі далёкай. Нават не да стандартаў АБСЭ, а да 1995 году, калі ў Беларусі праходзілі адносна свабодныя, сумленныя выбары. Гэта важная, істотная заўвага, таму што да выбараў рыхтуюцца па адным сцэнары, а да выбарчай кампаніі — па іншым. Мы будзем удзельнічаць, мы будзем выкарыстоўваць гэтую кампанію для таго, каб прасоўваць сваю пазытыўную альтэрнатыву, эканамічную і палітычную, каб нарошчваць колькасьць прыхільнікаў пераменаў і каб дабівацца свабодных і сумленных выбараў. Бо толькі тады мы зможам рэалізаваць нашу праграму „Мільён новых працоўных месцаў“.

У палітычнай кампаніі мы будзем удзельнічаць у фармаце Правацэнтрысцкай кааліцыі. Тут высокая ступень еднасьці: у нас адзіны сьпіс, у нас агульнае пасланьне. Разам з тым мы інвэстары больш шырокага аб’яднаньня. На сёньняшні дзень яшчэ праводзяцца кансультацыі, і мажліва, што гэта будзе шырокая кааліцыя, якая вызначыцца з супольным сьпісам — гэта не абавязкова адзін кандыдат на адну акругу, і з пэўнай часткай супольнага пасланьня.

Улічваючы, што АГП ідзе ў фармаце правацэнтрысцкай кааліцыі, мы на сёньня маем крыху больш за 90 (здаецца, 93) узгодненыя акругі, дзе ў нас будзе агульны прэтэндэнт, чалавек, які будзе арганізоўваць кампанію ад Правацэнтрысцкай кааліцыі. Ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі будзе крыху больш за 40 кандыдатаў».

Намесьнік старшыні партыі БНФ «Адраджэньне» Рыгор Кастусёў яшчэ раз паўтарыў даўно выпрацаваную пазыцыю, што партыя ні з кім не аб’ядноўваецца, а ідзе на выбары са сваім асобным сьпісам:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«У сьпісе 73 прэтэндэнты ў кандыдаты, якія заявілі пра сваё жаданьне вылучацца. Таму 8 чэрвеня мы ладзім прэс-канфэрэнцыю, рыхтуемся да правядзеньня зьезду, на якім гэтыя прэтэндэнты будуць вылучаныя ў кандыдаты ў дэпутаты.

Мы адназначна прынялі рашэньне, што там, дзе будуць вылучацца лідэры арганізацыі, мы будзем імкнуцца не вылучаць сваіх кандыдатаў. Гэтае наша рашэньне асэнсаванае, і мы не імкнёмся закрыць усе 110 акругаў. Сьпіс, я думаю, будзе яшчэ папаўняцца.

Мы ўзгадняем свае пазыцыі ня толькі з Правацэнтрысцкай кааліцыяй, але і з усімі дэмакратычнымі арганізацыямі. Асаблівая ўвага будзе да падрыхтоўкі за назіраньнем. Мы будзем імкнуцца да максымальнага ўзгадненьня нашых дзеяньняў».

Кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа, што пазыцыя партыі выпрацаваная даўно і з падпісаньнем Лукашэнкам указу аб прызначэньні парлямэнцкіх выбараў на 11 верасьня нічога не зьмянілася:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Мы ідзём на выбары, у нас ёсьць сумесная плятформа палітычнага, эканамічнага разьвіцьця Беларусі да 2020 году, якую мы прынялі разам зь іншымі левымі партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі ў лістападзе 2013 году на Сацыяльным форуме.

У нашым сьпісе 63 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты. 19 чэрвеня адбудзецца паседжаньне кіроўнага органа партыі, дзе мы вылучым нашых прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі, прызначым дату правядзеньня зьезду, гэта будзе пры канцы ліпеня. Чакаем апублікаваньня календара ЦВК.

Нічога пакуль не зьмянілася, няма ніякіх рэальных зьменаў для таго, каб у краіне сапраўды былі выбары. Пакуль ЦВК не прыняла рашэньняў, якія маглі б істотным чынам зьмяніць сытуацыю. Пачынаецца кампанія, і ўсё стане відавочным літаральна праз тыдзень, калі пачнецца фармаваньне камісіяў».

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі перакананы, што ніводнага кандыдата ні ад БХД, ні ад іншай палітычнай сілы ў парлямэнт не прапусьцяць. Таму выбарчую кампанію БХД будзе выкарыстоўваць для правядзеньня назіраньня і выкрыцьця фальсыфікацыі выбараў:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Рэжым Лукашэнкі, Лідзія Ярмошына сёньня рыхтуюць чарговы спэктакль, які будуць прадаваць Захаду і беларускаму грамадзтву як дэмакратычныя выбары. Сёньня для гэтага спрыяльныя ўмовы, таму што пры канфлікце на ўсходзе Ўкраіны Эўразьвяз праводзіць новую палітыку адкрытасьці да беларускіх уладаў. Зразумелая і гульня беларускага рэжыму: прапусьціць двух-трох так званых апазыцыянэраў і выдаць гэты спэктакль за свабодныя і сумленныя выбары.

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць БХД, рух „За свабоду“, АГП, вылучае сваіх кандыдатаў амаль ва ўсіх акругах, дзеля таго каб правесьці назіраньне, заклікаць людзей змагацца супраць фальсыфікацыі выбараў, паказаць, што выбары ў нас несапраўдныя.

Я перакананы, што ніводнага кандыдата ад БХД, ад іншай палітычнай сілы не прапусьцяць у парлямэнт, там будуць толькі ўзгодненыя з КДБ, зь іншымі структурамі кандыдаты. І вось сарваць гэты сцэнар уладаў, ня даць прызначыць двух-трох апазыцыянэраў — няважна, хто гэта будзе: Гайдукевіча назавуць гэтым апазыцыянэрам ці каго іншага, але ня даць прадаць гэта ўсё гэта як сапраўдныя зьмены і пазбавіць канчаткова такім чынам беларускі народ права на свабодныя і справядлівыя выбары. Мы будзем дамагацца, каб вынікі гэтых выбараў не былі прызнаныя. І будзем выкарыстоўваць гэтую кампанію, каб далучыць новых людзей да дэмакратычных сілаў.

У нас ёсьць супольны сьпіс Правацэнтрысцкай кааліцыі, у ім прыкладна пароўну прадстаўленыя ўсе арганізацыі, адна траціна ад гэтых людзей будуць прадстаўнікі БХД. Дзеля таго каб зьменшыць канкурэнцыю, выступіць адзіным фронтам супраць фальсыфікатараў, мы будзем вылучаць па аднаму кандыдату, аднаму прамоўцу, аднаму лідэру на адну акругу. Гэтыя людзі будуць і надалей, пасьля заканчэньня гэтай кампаніі, працаваць, змагацца за дэмакратычныя зьмены. Ну, а там, дзе ня будзе прадстаўнікоў БХД, будзем падтрымліваць нашых партнэраў па Правацэнтрысцкай кааліцыі. Я думаю, мы накрыем усю Беларусь такой працай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG