Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Палату прадстаўнікоў, якія вы маглі ня ведаць


Аляксандар Луашэнка выступае ў Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота

Аляксандар Луашэнка выступае ў Палаце прадстаўнікоў, архіўнае фота

Сёньня ўказам Аляксандра Лукашэнкі была прызначана дата выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу — выбары адбудуцца 11 верасьня.

Ніжняя палата беларускага парлямэнту складаецца з 110 дэпутатаў, узрост якіх ня можа быць ніжэйшы за 21 год.

Свабода сабрала пра Палату прадстаўнікоў дзеcяць фактаў, якія варта памятаць падчас цяперашняй парлямэнцкай кампаніі.

1. Не Палата, а «палатка»

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу як ніжняя палата беларускага парлямэнту была заснаваная ў 1996 годзе ў выніку зьменаў Канстытуцыі, прынятых на рэфэрэндуме. АБСЭ не прызнала свабоднымі і дэмакратычнымі ні сам рэфэрэндум, ні вынікі ўсіх наступных выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Дзякуючы факту непрызнаньня беларускага парлямэнту на Захадзе, а таксама яго ўласьцівасьці амаль аднагалосна падтрымліваць абсалютна ўсе ініцыятывы выканаўчай улады, Палата прадстаўнікоў займела іранічную мянушку «палатка». Гэтым звычайна падкрэсьліваецца несамастойнасьць і дэкаратыўнасьць беларускага парлямэнту.

2. Стэрыльнасьць ад іншадумства ўжо на працягу 12 гадоў

Апошні раз у Палаце прадстаўнікоў былі апазыцыйныя дэпутаты 12 год таму — падчас працы Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня (2000–2004 гг.). Тады ў парлямэнце дзейнічала апазыцыйная дэпутацкая група «Рэспубліка» пад кіраўніцтвам генэрала Валера Фралова. У чэрвені 2004 году Валер Фралоў, Сяргей Скрабец і яшчэ адзін сябра групы «Рэспубліка» Ўладзімер Парфяновіч нават абвясьцілі галадоўку, патрабуючы спыніць палітычныя рэпрэсіі і зьмяніць меру стрыманьня ў дачыненьні да Міхаіла Марыніча, які тады ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ.

Пасьля 2004 году ў Палаце прадстаўнікоў не было ніводнага дэпутата, які лічыўся б апазыцыйным.

Дом ураду

Дом ураду

3. Палата прадстаўнікоў як этап карʼеры чыноўнікаў

Сам Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў, што ўспрымае Палату прадстаўнікоў як своеасаблівую «школу кадраў» для дзяржаўнай службы. Шмат хто зь цяперашніх і былых чальцоў ураду ў свой час працавалі ў Палаце прадстаўнікоў. Сярод іх — намесьнік прэмʼер-міністра Міхаіл Русы, былы міністар адукацыі Сяргей Маскевіч, былы дзяржсакратар Савету Бясьпекі Аляксандар Мяжуеў. Іншым пашанцавала менш, і па заканчэньні дэпутацкіх паўнамоцтваў яны атрымлівалі сьціплейшыя пасады — дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў ці іх філіялаў і г.д.

Але гэтая схема можа працаваць і ў адваротным напрамку — былыя чыноўнікі высокага ўзроўню часам сыходзяць са сваіх пасадаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў або ў сэнатары Савету Рэспублікі.

4. Ніякіх фракцыяў

Роля палітычных партыяў на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі зьведзеная да мінімуму, бо выбары адбываюцца не паводле партыйных сьпісаў, а па аднамандатных акругах. Адзіная перавага, якую можа мець прадстаўнік той ці іншай партыі ў параўнаньні зь беспартыйнымі, — гэта магчымасьць не зьбіраць подпісы ў выпадку, калі яго будзе вылучаць кандыдатам у дэпутаты сама партыя.

Фармальна ў дзейным парлямэнце ёсьць прадстаўнікі трох палітычных партыяў — Камуністычнай (3), Аграрнай (1) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці (1). Яшчэ больш як 60 дэпутатаў прадстаўляюць праўладнае грамадзкае абʼяднаньне «Белая Русь». Аднак ніякіх фракцыяў у Палаце прадстаўнікоў няма. Праўда, часам існавалі дэпутацкія групы кшталту ўжо ўзгаданай вышэй «Рэспублікі» (былі і іншыя, але не апазыцыйныя).

5. Парлямэнт — ня месца для дыскусіяў

У Палаце прадстаўнікоў не было яшчэ выпадкаў, каб законапраект, накіраваны ў парлямэнт выканаўчай уладай ці прэзыдэнтам, ня быў падтрыманы дэпутатамі. Звычайна ўсе праекты законаў прымаюцца або аднагалосна, або пераважнай колькасьцю галасоў.

Спрэчак паміж дэпутатамі падчас прыняцьця законаў таксама не бывае — нярэдка дэпутаты ня хочуць нават выказвацца наконт дакумэнту, які разглядаецца.

6. Нямоглыя супраць прэзыдэнцкіх дэкрэтаў

Пры тым, што дэ-факта ніводнага законапраекту выканаўчай улады Палата прадстаўнікоў ніколі не адхіляла, прэзыдэнцкія дэкрэты наагул прымаюцца ў абыход парлямэнту.

Прэзыдэнцкія дэкрэты набываюць сілу закону аўтаматычна і не патрабуюць, каб іх ухваліў заканадаўчы орган. Пасьля апублікаваньня дэкрэту дэпутаты могуць яго толькі «прыняць да ведама» (гэта афіцыйная фармулёўка з заканадаўства).

Тэарэтычна ў іх яшчэ ёсьць магчымасьць адмяніць ужо прыняты дэкрэт, але для гэтага спатрэбіцца ня менш за 2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў. У гісторыі Беларусі такіх выпадкаў не было ніколі.

7. Палата прадстаўнікоў можа адхіліць прэзыдэнта ад улады. Тэарэтычна

Між тым за беларускім парлямэнтам захоўваецца магчымасьць ініцыяваць імпічмэнт. Паводле Канстытуцыі прэзыдэнт можа быць зьняты з пасады ў сувязі з учыненьнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэньне аб вылучэньні абвінавачваньня лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасьць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове ня менш як адной трэцяй яе дэпутатаў. Расьсьледаваньне абвінавачаньня арганізуецца Саветам Рэспублікі.

Прэзыдэнт лічыцца зьнятым з пасады, калі за гэта рашэньне прагаласавала ня менш як 2/3 ад поўнага складу Савету Рэспублікі і ня менш як 2/3 ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Калі ўлічыць, што сёньня ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі няма ніводнага чалавека, які б не падтрымліваў Лукашэнку, немагчыма ўявіць сабе, што гэтая канстытуцыйная магчымасьць можа быць рэалізаваная.

8. Выбары ў адзін тур: ніколі не было — і вось зноў

Паводле зьменаў у выбарчае заканадаўства, прынятых яшчэ ў 2013 годзе, выбары ў беларускі парлямэнт цяпер адбываюцца толькі ў адзін тур. Раней, каб перамагчы ў першым туры, кандыдат павінен быў набраць абсалютную большасьць галасоў (50%+1 голас). Калі кандыдат набіраў менш, то павінен быў адбыцца другі тур. А цяпер кандыдату дастаткова атрымаць хаця б адносную большасьць галасоў.

Праўда, другога туру выбараў у Палату прадстаўнікоў ніколі ў гісторыі Беларусі і не было — кандыдаты ў дэпутаты заўсёды атрымлівалі неабходную колькасьць галасоў ужо ў першым туры. Таму гэтая норма заўсёды заставалася толькі тэарэтычнай. Але цяпер другі тур нават тэарэтычна немагчымы.

9. Абрацца за 11,5 тысячы даляраў

Паводле заканадаўства максымальны памер выбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты — 1 тысяча базавых велічынь. Калі ўлічыць, што на сёньняшні дзень базавая велічыня складае 230 тысяч рублёў (прыкладна 11,5 даляра), то агулам кандыдат у дэпутаты можа патраціць на выбарчую кампанію ня больш як 11,5 тысячы даляраў.

Самі выбарчыя фонды могуць фармавацца з трох крыніц — уласныя грашовыя сродкі, ахвяраваньні грамадзян Беларусі (ня больш за 5 базавых велічынь з аднаго чалавека) і ахвяраваньні юрыдычных асоб (ня больш за 10 базавых велічынь з адной юрыдычнай асобы).

10. Жанчын — стабільна больш за чвэрць

У цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў уваходзіць 29 жанчын-дэпутатаў (26,6%). Гэта трохі менш, чым было ў мінулых скліканьнях. У 2004 годзе дэпутацкія мандаты атрымалі 32 жанчыны, у 2008-м — 35.

Такі ўзровень жаночага прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў (стабільна больш за 25–30%) усталяваўся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ён хацеў бы бачыць «працавіты парлямэнт з жаночым тварам». Пакуль прэзыдэнт не заклікаў падтрымаць кандыдатаў ад лепшай паловы чалавецтва, жанчын-дэпутатаў было ўсяго 12 (выбары 2000 году).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG