Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Джон Сільвэр? 10 фактаў пра арыштаванага блогера


Эдуард Пальчыс

Эдуард Пальчыс

Блогер Эдуард Пальчыс экстрадзіраваны ў Беларусь. Што яго чакае на радзіме, пакуль невядома.

З канца траўня Эдуард Пальчыс, вядомы як Jhon Silver, стваральнік блога 1863x, знаходзіцца пад вартай у Беларусі. Ён быў экстрадзіраваны з Расеі, дзе яго трымалі ў турме за «распальваньне нянавісьці або варожасьці».

У Беларусі ж Пальчыса можа чакаць справа як за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці», так і за «распаўсюд парнаграфіі». Што мы ведаем пра Джона Сільвэра?

  • Ад восені 2014 году на сайце 1863x публікаваліся допісы пра Беларусь і яе суседзяў, гісторыю і палітыку, навіны і прапаганду. Тэматыка сайта фармулявалася як «выкрыцьцё мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі».
  • Сайт стаў вядомым праз выкрыцьцё колішняга лідэра «маўклівай рэвалюцыі» Вячаслава Дзіянава, які ў выніку правакацыі аўтараў сайту пагадзіўся на супрацу з прапуцінскімі паліттэхнолягамі. Першае інтэрвію Джон Сільвэр даў Свабодзе. Пазьней блог пачалі цытаваць разнастайныя СМІ, ён стаў шырока абмяркоўвацца ў інтэрнэце — і, пэўна, у спэцслужбах.
  • «Сярод вядомых беларускіх блогераў Джон Сільвэр — ці ня самы малады. Ён ці не адзіны піша на грамадзка-палітычныя тэмы для пакаленьня 20-гадовых у прымальнай для іх стылістыцы», — пісаў пра Джона Сільвэра і яго блог Севярын Квяткоўскі.
  • У траўні 2015 году стваральнік сайта Jhon Silver, які не называў свайго сапраўднага імя, перастаў выходзіць на сувязь. Як ён распавёў пазьней, яго затрымалі беларускія спэцслужбы.
  • Супраць яго ў Беларусі, паводле словаў Пальчыса, завялі дзьве крымінальныя справы: паводле артыкула 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкула 343 ч.2 (распаўсюджваньне парнаграфіі). Большасьць артыкулаў, у якіх шукалі экстрэмізм, былі зьвязаныя з Украінай, парнаграфію ж знайшлі ў скрыншоце паста прарасейскай суполкі.
  • Пальчыса адправілі на псыхіятрычную экспэртызу МУС, дзе ён правёў 29 дзён. Яго прызналі нармальным і выпісалі зь лякарні пасьля таго, як прэса прыцягнула ўвагу да яго зьнікненьня. Сьледчы камітэт абмежаваўся падпіскай пра нявыезд, але пакінуў Пальчыса ў статусе падазраванага і рэгулярна выклікаў на допыты.
  • Каб працягваць весьці блог, Джон Сільвэр увосень 2015 году зьехаў ва Ўкраіну. Толькі пасьля гэтага ён распавёў, куды зьнікаў.
  • У студзені 2016 году Джон Сільвэр быў затрыманы ў Расеі, пра што Свабодзе распавёў яго знаёмы Павал Юхневіч. На расейскім прапагандысцкім сайце «Спутник и погром» ўпершыню называлася яго сапраўднае імя: Эдуард Пальчыс.
  • У школе Эдуард Пальчыс быў лідэрам сярод сваіх аднагодкаў, зь якімі прапагандаваў беларускасьць, вучыўся старанна, без экзамэнаў паступіў на гістфак БДУ. Пра гэта стала вядома са словаў знаёмых зь ім людзей, калі адкрылася сапраўднае імя Джона Сільвэра.
  • У падтрымку Пальчыса выказваліся беларускія палітыкі, актывісты і праваабаронцы, плякат зь яго фота быў у тым ліку на Чарнобыльскім шляху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG