Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія актывісты заклікаюць падтрымаць арыштаваных у Расеі беларусаў


У сядзібе партыі БНФ 28 красавіка прайшло паседжаньне камітэту салідарнасьці з арыштаванымі ў Расеі беларускімі грамадзянамі Кірылам Сілівончыкам і Эдуардам Пальчысам. Сустрэча прайшла пад дэвізам «У кіпцюрах ФСБ», паводле аналёгіі з кнігай Францішка Аляхновіча «Ў кіпцюрах ГПУ».

Сябры аргкамітэту дамовіліся скантактавацца з расейскімі праваабаронцамі, каб наладзіць сувязь з палітвязьнямі. Таксама яны хочуць заахвоціць грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі падтрымаць беларускіх палітвязьняў у расейскіх турмах. Сябры аргкамітэту таксама зладзілі збор сродкаў у падтрымку зьняволеных.

Грамадзянін Беларусі Кірыл Сілівончык летась быў асуджаны ў Расеі. Ён атрымаў два гады калёніі-пасяленьня па абвінавачваньні паводле артыкулу «Публічнае апраўданьне тэрарызму альбо публічныя заклікі да яго». Падставай для прысуду, як можна меркаваць, стаў пост ці перапост на яго інтэрнэт-старонцы «Вконтакте», які ўтрымліваў наступныя заклікі: «Забівай маскалёў! Зладзім рускім наймітам пекла на іх зямлі — узарвём іх дамы, заб’ём іх сем’і!».

Эдуард Пальчыс, 25-гадовы беларускі блогер, стваральнік сайту 1963x.com, вядомы пад псэўданімам Джон Сільвэр, быў арыштаваны ў Расеі. Яго абвінавачваюць па частцы 1 артыкулу 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці або розьні) і частцы 2 артыкулу 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў).

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўжо стварылі аргкамітэт «Свабоду Эдуарду Пальчысу».

XS
SM
MD
LG