Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 праваднікоў «русского мира» на Віцебшчыне


Выступае кіраўнік «Зьвязу» Ігар Казьмярчак

Выступае кіраўнік «Зьвязу» Ігар Казьмярчак

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў арганізавалі ў Віцебску «круглы стол», каб распрацаваць захады па супрацьстаяньні «русскому миру» — праявам расейскага шавінізму і спробам выхаваць зь беларускай моладзі «русских людей».

Ініцыятарам абмеркаваньня стала аршанская моладзевая суполка «Зьвяз». Ейныя сябры склалі фотапрэзэнтацыю пра асобныя праявы дзейнасьці «русского мира» ў рэгіёне.

1. РНЕ

Фрагмэнт фотапрэзэнтацыі

Фрагмэнт фотапрэзэнтацыі

Некалькі год таму ў Воршы актыўна дзейнічала структура нэафашыстоўскага «Русского национального единства». Па горадзе расклейвалі аб’явы, «вербавалі» маладых людзей.

Паводле Ігара Казьмерчака, кіраўніка «Зьвязу», трэба добра разумець, што «русский мир» — гэта не насельніцтва Расеі, не нацыянальная прыналежнасьць, а ідэалягічная канцэпцыя:

«Гэта шавіністычная канцэпцыя, адзін з прынцыпаў якой — „дзе ёсьць расейская мова, там і русский мир“, незалежна ад геаграфічнай лякалізацыі. Зразумела, што ўсходняя Віцебшчына — гэта найбольш русыфікаваны рэгіён, і таму носьбіты ідэі „русского мира“ пачуваюцца тут амаль што гаспадарамі. А сваю дзейнасьць прыкрываюць тэрмінамі „патрыятычнае выхаваньне“, „праваслаўная адукацыя“ і г.д.»

2. «Русские пробежки»

Удзельнікі «Русских пробежек» каля аршанскага выканкаму

Удзельнікі «Русских пробежек» каля аршанскага выканкаму

Некаторы час у Воршы ладзіліся «Русские пробежки», ініцыяваныя ў Расеі экстрэмісцкімі арганізацыямі. Потым гэткая практыка распаўсюдзілася і на суседнія краіны. Выдаючы сябе за аматараў здаровага ладу жыцьця, «спартоўцы» ладзілі і «набегі» на прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў.

Аршанцы памятаюць, як аднойчы «бегуны» і РНЕшнікі напалі на віетнамцаў, якія кампактна жывуць у адным шматпавярховым доме каля гарадзкога кірмашу. Разгубіўшыся ў першыя хвіліны, віетнамцы хутка зарганізаваліся і далі адпор «бегунам» — адагналі іх на паўкілямэтра, аж пакуль не ўмяшалася міліцыя.

3. Аршанскі клюб «Русичи»

Аршанскі клуб «Русичи» спачатку быў «пошукавы», потым «вайскова-патрыятычны», а цяпер «казацкі»

Аршанскі клуб «Русичи» спачатку быў «пошукавы», потым «вайскова-патрыятычны», а цяпер «казацкі»

Аршанскі клюб «Русичи» быў створаны пры ПТВ № 110 у траўні 1988 году, і з тае пары працуе пад нязьменным кіраўніцтвам Рыгора Шарая. Уваходзіць у «Беларускую асацыяцыю клюбаў ЮНЭСКО», спачатку быў «пошукавым», потым зрабіўся «вайскова-патрыятычным», а цяпер ён ужо «казацкі». Пра «выхаваўчую працу», якую праводзіць клюб, неаднаразова пісала мясцовая «Аршанская газета». Удзельнікаў клюбу заўжды запрашаюць у ганаровыя варты, яны бяруць удзел у хрэсных ходах і ўвогуле цесна супрацоўнічаюць з праваслаўнай царквой.

4. «Праваслаўны Казацкі Вайскова-патрыятычны Клюб у імя Архангела Міхаіла»

Ігар Казьмярчак дэманструе фота з імпрэзы ў аршанскай школе

Ігар Казьмярчак дэманструе фота з імпрэзы ў аршанскай школе

Якраз у Воршы пару гадоў таму ўпершыню «засьвяціўся» «Праваслаўны Казацкі Вайскова-патрыятычны Клюб у імя Архангела Міхаіла», прадстаўнікі якога чаплялі вучням сярэдняй школы № 19 самаробныя «мэдалі» ў колерах расейскага сьцяга. У якасьці антуражу фігураваў і яшчэ адзін сьцяг — сіне-барвова-зялёны трыкалёр зь беларускім арнамэнтам па краі. Гэты сьцяг нагадваў сымбаль «Кубанскай Народнай Рэспублікі», бо прадстаўніца казацтва Тацяна Гаўрыліна, якая прыяжджала ў аршанскую школу, — сябра «Кубанскай асацыяцыі казакоў «Россия».

5. Вайскова-патрыятычнае брацтва пры друцкім храме Раства Прасьвятой Багародзіцы

На Талачыншчыне пры друцкім храме Раства Прасьвятой Багародзіцы дзейнічае вайскова-патрыятычнае брацтва, якое «праславілася» тым, што яго ўдзельнікі выклалі ў суполцы «Вконтакте» скандальныя фатаздымкі. На іх відаць, як падчас вучэньняў у вайсковай часьці № 71325, што ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёну, падлеткі ў камуфляжнай форме з георгіеўскімі стужкамі вывучаюць зброю, і ўсё гэта — са згоды і ўхваленьня праваслаўнага сьвятара, герэя Алега Плаксіцкага.

Тыя фатаздымкі, дарэчы, ужо зьніклі з сацыяльнай сеткі, але высьветлілася, што падобныя зборы — не адзінкавая зьява. Да ўсяго, апошнім часам стала вядома, што беларускія падлеткі з Талачына, Друцку і Віцебску ўдзельнічаюць у ваенных зборах, якія ладзяць у Расеі баевікі дывэрсійна-штурмавой брыгады «Русіч». І што арганізатарам «велікодных ваенна-патрыятычных моладзевых збораў» у маскоўскіх лясах быў Аляксей Мільчакоў — камандзір дывэрсійнай групы «Русіч», вядомы праз свае шавіністычныя погляды і фатаздымкі ў сацыяльных сетках, дзе ён дэманструе надзвычайную жорсткасьць. Днямі Мільчакоў наведаў Віцебшчыну — сумежны з Расеяй Гарадоцкі раён — і заявіў, што «прыяжджаў па справах» і «мае інтарэсы ў Беларусі».

6. Беларускі аддзел «Начных ваўкоў» у Сяньне

Беларускі аддзел "Начных ваўкоў" у Сяньне

Беларускі аддзел "Начных ваўкоў" у Сяньне

Байкерскі клюб мае ня толькі сваё падразьдзяленьне на Віцебшчыне, але яшчэ й «базу адпачынку» — аграсядзібу ў Сеньненскім раёне, дзе праводзяцца шматтысячныя зьлёты. Гаспадар Алег Усьціновіч, якога ўсе ведаюць як Лешага, кажа: «Мы за патрыятызм. Наш лёзунг — „Там, дзе мы, там Расея“. Наш лідэр — Хiрург. Галоўны пункт — байкцэнтар у Маскве, і большая частка ў Расеі. Але „мы“ ёсьць і ў Нямеччыне, і ў Македоніі, і ў Сэрбіі. Ва Ўкраіне цяпер нашы ўсе на Данбасе хлопцы... у Наваросіі ваююць».

7. Сеньненскі моладзевы вайскова-патрыятычны клюб «Спарта»

Клюбам кіруе вайсковец у адстаўцы Алег Шумкоў. Ен зьбіраў гуманітарную дапамогу для «цудоўнай Наваросіі» і пэўны, што «ва Ўкраіне да ўлады прыйшлі фашысты».

Ліст пра сытуацыю ў Сяньне

Ліст пра сытуацыю ў Сяньне

На мінулым тыдні ў Віцебскі аблвыканкам і абласную ўправу КДБ зьвярнуліся мясцовыя прадстаўнікі партыі БНФ і руху «За свабоду». Яны просяць праверыць, ці не апынуліся праз такое выхаваньне мясцовыя юнакі «ў шэрагах узброеных бандфармаваньняў тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР».

Афіцыйна грамадзкая арганізацыя ладзіць мерапрыемствы, прысьвечаныя расейскім пісьменьнікам, мастакам і кампазытарам, а таксама сьвяткаваньні гадавін перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «У нас няма ні баевікоў, ні „зялёных чалавечкаў“, нічым дэструктыўным мы не займаемся, толькі захоўваем культурны фон, які быў тут да 1991 году», — кажа спадар Герашчанка. Тым ня менш, газэта «Наше православие» пад ягоным рэдактарствам надрукавала відавочна прарасейскі артыкул з заклікам ваяваць «за Расею» ва Ўкраіне. І атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі, як толькі пра гэты факт стала шырока вядома.

9. Віцебскі «Расейскі культурны цэнтар «Русь»

Адзін са стваральнікаў грамадзкай арганізацыі — Аляксей Мішурны. Цэнтар прэзэнтуе сябе як праваднік культурніцкіх ініцыятываў, скіраваных на захаваньне традыцыяў расейскай культуры. Але не «захаваньне» а «насаджэньне» расейскай культуры і нацыянальнай самасьвядомасьці адбываецца цяпер у Віцебску, лічыць старшыня Віцебскай абласной структуры партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

«Узяць хаця б ідэю гарвыканкаму наконт усталяваньня помніка Аляксандру Неўскаму. Гэта ж нішто іншае, як імкненьне замацаваць у сьвядомасьці віцяблянаў тэзу: «тут руская зямля».

10. Ідэйныя аматары «русского мира»

Скандальнае фота: Тацяна Караткевіч і прыхільнік аднаўленьня расейскай імпэрыі Ігар Грыгор'еў

Скандальнае фота: Тацяна Караткевіч і прыхільнік аднаўленьня расейскай імпэрыі Ігар Грыгор'еў

Многія памятаюць інцыдэнт, які здарыўся ў Воршы ў жніўні 2015 году. Тады на пікет да кандыдаткі на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч прыйшоў прыхільнік аднаўленьня Расейскай імпэрыі і далучэньня да яе сучаснай Беларусі Ігар Грыгор’еў. Дыялёг спадарыні Караткевіч з аршанскім «расейскім гісторыкам» скончыўся супольным фатаграфаваньнем, і гэты інцыдэнт пасьля стаў прадметам вострага абмеркаваньня ў незалежных СМІ: чытачы спрачаліся, ці варта было кандыдатцы на прэзыдэнта, якая пазыцыянавала сябе як прыхільніца беларускай незалежнасьці, фатаграфавацца з «імпэрцам»...

Зрэшты, пералічыць усе праявы «русского мира» на Віцебшчыне ўдзельнікі круглага стала на мэце ня мелі. Важнейшыя былі развагі пра тое, як гэтай ідэалягічнай канцэпцыі можна супрацьстаяць. Напрыклад, наладзіць барацьбу ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы «нязручныя моманты» — наяўнасьць на старонках аматараў «русского мира» фатаздымкаў з фашыстоўскай сымболікай, фатаздымкаў праваслаўнага сьвятарства, казацкіх арганізатараў, якія кампрамэтуюць абвешчанае афіцыйна «міралюбства» або імкненьне да «патрыятычнага выхаваньня». Пра гэта гаварыў у асобнай частцы фотапрэзэнтацыі аршанец Аляксандар Макарэвіч.

Фотапрэзэнтацыя Аляксандра Макарэвіча

Фотапрэзэнтацыя Аляксандра Макарэвіча

Прагучала прапанова не цурацца практыкі зваротаў у дзяржаўныя структуры. Хоць ад іх, лічыць каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец, пакуль плёну было няшмат:

Выступае Тацяна Севярынец

Выступае Тацяна Севярынец

«Яшчэ год таму я накіравала ў абласную пракуратуру калектыўны зварот з канкрэтнымі сьведчаньнямі аб дзейнасьці прарасейскіх экстрэмісцкіх арганізацыяў, у прыватнасьці — пра дзейнасьць так званых „казакоў“ і арганізацыю „патрыятычных летнікаў“, выхаванцы якіх фатаграфуюцца з „георгіеўскімі“ стужкамі і са зброяй. Патрабавала разабрацца і спыніць гэтую небясьпечную для Беларусі дзейнасьць. Адказалі, што ўсё ў рамках заканадаўства, мерапрыемствы разавыя. Нічога страшнага».

Адказ Тацяне Севярынец

Адказ Тацяне Севярынец

Тацяна Севярынец прапанавала зрабіць адмысловую заяву ў Міністэрства юстыцыі, каб яшчэ раз абвясьціць пра нязгоду з наяўнасьцю ў Беларусі прарасейскіх суполак шавіністычнага толку і іхных памкненьняў уплываць на беларускую моладзь. А таксама як мага шырэй распаўсюджваць праўду пра «Русский мир», інфармаваць насельніцтва, папярэджваць пра пагрозу незалежнасьці Беларусі. З гэтай самай мэтай аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак прапанаваў ладзіць падобныя грамадзкія абмеркаваньні ня толькі на Віцебшчыне. «Зьвязаўцы» гатовыя падзяліцца рэгіянальнымі дасьледаваньнямі гэтай праблемы і ў іншых абласьцях Беларусі, каб і там дэмакратычныя сілы заняліся выкрываньнем ідэолягаў «русского мира», якія ачмураюць галовы мясцоваму насельніцтву, прыкідваючыся «абаронцамі», «гісторыкамі» і «патрыётамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG