Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малалетніх беларускіх «казакоў» вучылі страляць з аўтаматаў і пісталетаў


47 беларускіх падлеткаў вучыліся карыстацца аўтаматамі і пісталетамі падчас летніка, які зладзіла арганізацыя «Казачы Спас». Пра законнасьць такіх мерапрыемстваў — юрыст Павал Сапелка і палітык Аляксей Янукевіч.

Сайт kazak.by паведамляе, што з 3 па 6 ліпеня пад Менскам прайшлі зборы, арганізаваныя ваенна-патрыятычным цэнтрам «Казачы Спас» і грамадзкім аб’яднаньнем «Горад без наркотыкаў». Мэта збораў — ваенна-патрыятычнае выхаваньне моладзі ў краіне.

У зборах узялі ўдзел 47 чалавек: казакі зь Менску, Магілёва, Жодзіна, Ганцавічаў, Драгічына. На фатаздымках бачна, што большасьць зь іх — падлеткі.

Удзельнікі збораў вывучалі нарыхтоўваньні да стральбы з аўтамата, мэдыцынскую падрыхтоўку, тапаграфію, альпінісцкую падрыхтоўку, тактыку, армейскі рукапашны бой, стральбу па мішэнях зь пісталета і іншыя ваенныя дысцыпліны.

Апроч тэарэтычных заняткаў, у праграме летніка пазначаныя і практычныя трэніроўкі.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

Юрыст Павал Сапелка патлумачыў, што выкарыстаньне сапраўднай стралковай зброі незаконнае, калі мерапрыемства не суправаджаецца супрацоўнікамі вайсковай часьці або міліцыянтамі, і адзначыў, што ў Беларусі дзеці-казакі свабодна могуць атрымліваць ваенную падрыхтоўку, у той час як сябры нацыянальна арыентаваных арганізацыяў ня могуць правесьці звычайны летнік — іх затрымліваюць і, бывае, судзяць:

«Тут складана даць вычарпальны камэнтар што да законнасьці выкарыстаньня зброі для такога мерапрыемства, таму што няма ўсёй інфармацыі пра тое, як адбываліся гэтыя зборы. У нас аўтаматычная зброя ва ўласнасьці грамадзянаў, гэтаксама як і грамадзкіх арганізацыяў, знаходзіцца ня можа. Таму калі ў гэты летнік не былі заангажаваныя вайсковыя часьці або міліцыя, то карыстаньне аўтаматычнай стралковай зброяй незаконнае.

Але тут паўстае іншае, больш важнае пытаньне — выбарны падыход улады да такіх трэніровак. Калі б нейкія нацыянальна арыентаваныя арганізацыі, якія таксама перасьледуюць патрыятычныя мэты, паспрабавалі б арганізаваць нават не ваенізаваны, а проста спартовы летнік, то яны б сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю праблемаў, аж да затрыманьня».

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што патрыятычнае выхаваньне моладзі — гэта добра, але важна, у суправаджэньні якой ідэалёгіі яно адбываецца:

«Навучыць маладога чалавека страляць з аўтамата Калашнікава нескладана. Пытаньне ў тым, як ён будзе выкарыстоўваць гэтыя веды. У мяне ёсьць вялікія сумневы, што казацкія арганізацыі выхоўваюць у моладзі пачуцьцё патрыятызму да Беларусі і адданасьць беларускай зямлі. Калі ідэалёгія, якую распаўсюджваюць казацкія арганізацыі, не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, такія летнікі нясуць надзвычай вялікую небясьпеку, бо на іх рыхтуюцца патэнцыйныя здраднікі Беларусі, якія, маючы ідэалягічна апрацаваны розум і навыкі ўзброенага супрацьстаяньня, могуць стацца інструмэнтам умяшаньня Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі».

Аляксей Янукевіч таксама зьвярнуў увагу на тое, што, напрыклад, летнікі Моладзі БНФ неаднаразова разганяліся, а іх удзельнікі нават траплялі на лаву падсудных.

«Адсутнасьць рэакцыі з боку беларускіх праваахоўных органаў абурае. Асабліва з улікам таго, што любыя летнікі, дзе б магло быць нацыянальна-патрыятычнае выхаваньне без аніякіх прыкметаў вайсковай падрыхтоўкі, заўсёды забараняюцца і разганяюцца. Нярэдка ўдзельнікаў такіх летнікаў затрымліваюць.

На маю думку, гэта недапушчальна і вымагае неадкладнай рэакцыі з боку праваахоўных органаў, калі, вядома, гэтыя органы абараняюць нацыянальныя інтарэсы і беларускі закон».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG