Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўская філія грамадзкай арганізацыі «Белорусское казачество» пачала дапамагаць міліцыі сачыць за правапарадкам. Цяпер мясцовых казакоў у форме ды з нагайкамі можна ўбачыць і ў кавярні, і на дыскатэцы ў вясковым клюбе, і побач з інспэктарамі ДАІ.

Гаворкі пра тое, што міліцыі патрэбная дапамога грамадзкасьці, вядуцца ўжо даўно, і Віцебшчына ў гэтым пляне не выключэньне. Але ў Пастаўскім раёне ўпершыню на дапамогу міліцыянтам прыйшлі казакі — дакладней, сябры грамадзкай арганізацыі «Белорусское казачество».

Пастаўскі атаман Аляксандар Зазулін кажа, што гэтая дапамога абсалютна бясплатная і дабрачынная.

«Я родам з Дону, я расеец. Але калі даваў прысягу, то я казаў: „Клянуся быць верным праваслаўнай веры, беларускаму народу і яго прэзыдэнту“. Нам за гэта ніхто грошы ня плаціць. Казакі дзяжураць па начох, з 8-й вечара да 2-й ночы, разам зь міліцыянтамі, з супрацоўнікамі ДАІ. У іх ёсьць пасьведчаньні „дружыньнікаў“ па ахове правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь. Яны маюць адно сацыяльныя гарантыі — „Дзяржстрах“ застрахаваў іхнае жыцьцё і здароўе, на выпадак траўмаў ці чаго такога. Каб хаця б нейкія гарантыі былі».

Атаман Аляксандар Зазулін лічыць, што патрулі з удзелам казакоў выглядаюць больш прадстаўнічымі. І хто-ніхто зь мясцовых жыхароў таксама лічыць іхную ініцыятыву станоўчай зьявай. Спадар Уладзімер з Паставаў, да прыкладу, пэўны, што зьяўленьне людзей у казацкім адзеньні ды з нагайкамі вельмі дысцыплінуе мясцовых выпівох:

«Гэта ў асноўным былыя вайскоўцы, якіх было вельмі шмат у нашым горадзе. Потым яны дэмабілізаваліся, але пусьцілі тут карані. Можа, у кагосьці дзяды ці прадзеды былі сапраўднымі казакамі... А ў нас у Паставах шмат розных бараў, кавярняў, дзе зьбіраецца моладзь. І калі хто кульне лішнюю чарку ці піва перап’ецца, дык могуць быць і бойкі. А калі ўбачаць, што зайшлі казакі, то ўсё адразу супакойваецца, і гэта станоўчы элемэнт».

У Паставах сапраўды шмат былых вайскоўцаў, але далёка ня ўсе лічаць мэтазгодным працягваць «службу» ў казацкім войску. Былы камандзір авіяпалка Ўладзімер Бароўка, да прыкладу, лічыць, што
Аховай грамадзкага парадку павінны займацца адпаведныя дзяржаўныя структуры, а не аматары гістарычных рэканструкцый
аховай грамадзкага парадку павінны займацца адпаведныя дзяржаўныя структуры, а не аматары гістарычных рэканструкцый:

«Я самалёт на шаблю вырашыў не мяняць! І ўвогуле, калі ў Паставах зьявіліся казакі, то ўсе спачатку падумалі, што, можа, здымаецца кіно: нашыўкі, залатыя пагоны, грудзі ў крыжах, нагайкі, лампасы... А атрымалася нейкая дадатковая сілавая структура. Міліцыі ў Паставах і так дастаткова, і мне здаецца, што гэта самі казакі імкнуцца падкрэсьліць уласную важнасьць і значнасьць. Ну, і неяк ня вяжацца гэта ўсё зь беларускай гісторыяй».

Уладзімер Бароўка згадвае, што казацкія палкі зазвычай прысылалі на Беларусь, каб расправіцца з тутэйшымі паўстанцамі. Ягоны зямляк спадар Іван зь мястэчка Лынтупы прыводзіць канкрэтныя гістарычныя факты — да прыкладу, згадвае трагічны лёс Андрэя Баболі, якога ў 1939 годзе далучылі да ліку сьвятых, шанаваных у беларускіх каталікоў і ўніятаў:

«Казакі на Беларусі пакінулі крывавыя сьляды. Ёсьць прыклад Андрэя Баболі, якога закатавалі казакі — зь яго і скуру жыўцом зьдзіралі, і шашкамі секлі. Усё гэта апісана і вядома. Цяпер яны ў нас парадкі наводзяць. І калі яны „дружыньнікі“, хочуць дапамагаць міліцыі, дык пры чым тут форма, шашкі і нагайкі?»

У вёску Лынтупы, дзе жыве спадар Іван, а таксама ў іншыя вёскі Пастаўскага раёну казакі таксама выяжджаюць, каб кантраляваць падлеткаў на дыскатэцы або адсочваць парушальнікаў дарожнага руху. І шмат хто з жыхароў Пастаўшчыны кажа, што варта было б спачатку правесьці грамадзкае апытаньне, ці згодныя людзі з тым, каб правапарадак ахоўвала казацкая паўвайсковая суполка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG