Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суполцы праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва, якое дзейнічае пры друцкім храме Раства Прасьвятой Багародзіцы, зьявіліся фатаздымкі з вучэньняў, якія прайшлі 27–29 кастрычніка ў вайсковай часьці № 71325, што ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёну.

На фатаздымках — падлеткі ў камуфляжнай форме з георгіеўскімі стужкамі, павязанымі ў каго на плячы, у каго на рукаве, у каго на грудзёх. Хлопцы 12–16 гадоў, а таксама й некалькі дзяўчат сфатаграфаваліся і ў танку, і падчас знаёмства з тэхнікай МНС, і на турніры па лазэртагу. Значная колькасьць фатаздымкаў — дзеці са зброяй: яны ня толькі вучацца зьбіраць-разьбіраць аўтамат, але й па-баявому цэляцца ў сваіх жа сяброў...

Настаяцель храма Раства Прасьвятой Багародзіцы, намесьнік благачыннага па працы з моладзьдзю герэй Алег Плаксіцкі тлумачыць:

«Гэта, верагодна, памылка тактычная, але не ідэалягічная. Я разумею, настаўляць зброю на чалавека нельга. Але найбольш нашы зборы крытыкуюць не за гэта, а за георгіеўскія стужкі, якія павязалі дзеці. Павязалі хто дзе хацеў. І для мяне асабіста гэта не „каларадзкія“ стужкі, як пішуць у камэнтарах, а сымбаль антыфашызму — такія стужкі былі на ордэне Славы і на мэдалі за перамогу над фашысцкай Германіяй. Мы супраць фашысцкіх настрояў, якія распальваюцца цяпер у Беларусі. І я ніколі не адкажу на заклік „Слава героям!“, папулярны на Ўкраіне, бо менавіта ўкраінцы спалілі Хатынь».

Пра Ўкраіну айцец Алег Плаксіцкі загаворвае сам, без пытаньняў-наводак: у камэнтарах да фотарэпартажу з вучэньняў шмат хто пісаў, што вось гэткім чынам рыхтуюць будучых баевікоў, якія панясуць «русский мир». Кіраўнік праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва перакананы, што расейскіх вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне няма. Затое нібыта ёсьць нейкія ўзброеныя атрады, якія хаваюцца ў беларускіх лясах:

«Мне прыхаджане казалі, што бачылі такія атрады пад Віцебскам. Там вучацца ваяваць і крычаць „Жыве Беларусь!“ Так што сытуацыя ў нас цяпер далёка не спакойная, і вельмі важная вайсковая падрыхтоўка, а таксама патрыятычнае выхаваньне. Мы супрацоўнічаем з рознымі дзяржаўнымі структурамі, з МНС, з вайскоўцамі, і дзеці атрымліваюць навыкі, прадугледжаныя яшчэ колішнім школьным курсам пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Гэта ўжо ня першыя нашы зборы, але якраз цяпер розныя апазыцыянэры выступаюць супраць нас, бо ў нашых выхаванцаў георгіеўскія стужкі».

Апазыцыянэрамі кіраўнік праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва называе тых, хто піша ў інтэрнэце няўхвальныя камэнтары на адрас ягонай ініцыятывы. Адказваюць на іх у суполцы «Ўкантакце» пераважна самі падлеткі. Яны ў разгубленасьці, бо не да канца ўсьведамляюць, пра што гаворка: для іх вучэньні — гэта перадусім гульні, у тым ліку са зброяй. Ні з падзеямі на Ўкраіне, ні зь нібыта існаваньнем узброеных атрадаў у віцебскіх лясах яны вайсковыя зборы ня зьвязваюць. А кіраўнік брацтва раіць ім у спрэчкі ня ўвязвацца, бо гэта «палітыка».

​Што ж тычыцца абвінавачаньня на адрас украінцаў у зьнішчэньні Хатыні, то гісторыкі тут не сыходяцца ў адзінай думцы. У матэрыяле «Хатынь: і праз 70 гадоў застаюцца таямніцы» доктар гістарычных навук, прафэсар Аляксей Літвін пракамэнтаваў вэрсію, што Хатынь нібыта спалілі карнікі з 118-га ўкраінскага ахоўнага батальёну:

«Ну як гэта ўкраінскі? Гэта такая дурнота! 118-ты шуцманшафт-батальён. Ведамства СС — Гімлера стварала гэтыя батальёны. Туды ўключалі і галяндцаў, і літоўцаў, эстонцаў, латышоў. Туды залічвалі і ворагаў савецкай улады, і беларусаў у тым ліку. Немцы самі лічылі іх як нямецкія фармаваньні. Там былі і немцы, асуджаныя за розныя правіннасьці. Як і сам кіраўнік батальёну Дырлевангер. Гэта першы быў кшталту штрафных батальёнаў у Нямеччыне. А потым ён у нас тварыў усялякія беззаконьні», — сказаў Аляксей Літвін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG