Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: Гэтыя «казацкія» гульні могуць кепска скончыцца


Ваенны лагер казакоў

Ваенны лагер казакоў

Кіраўнік казацкага клюбу ў Менску прызнаў кантакты з расейскімі вайскоўцамі, якія прайшлі праз «гарачыя кропкі» Расеі.

У Менску цягам некалькіх гадоў дзейнічае вайскова-патрыятычны цэнтар «Казачий спас», які займаецца падрыхтоўкай падлеткаў да службы ў войску, а таксама прапагандуе гісторыю беларускага казацтва праз адмысловы сайт і на публічных мерапрыемствах. Паводле кіраўніка цэнтру Пятра Шапко, за апошнія 5 год яны ахапілі гэтай працай, «магчыма, 100–120» падлеткаў. Дзейнасьць клюбу сягае і за межы краіны. Інструктары цэнтру выяжджалі на зборы ў Расею, дзе пазнаёміліся з былымі дэсантнікамі 45-га палку ВДВ, які дзейнічаў у расейскіх «гарачых кропках», пацьвердзіў Пётар Шапко:

Пятар Шапко

Пятар Шапко

«Сам 45-ты полк ВДВ з намі ніяк не зьвязаны, і мы зь ім не зьвязаныя. Проста на вайскова-патрыятычных зборах у Расеі, куды выяжджалі інструктары нашага цэнтру „Казачий спас“, пазнаёміліся з адным афіцэрам і адным хлопцам, якія праходзілі службу ў 45-м палку. Яны выкладалі, паказвалі шмат чаго цікавага. Што змаглі, мы пастараліся пераняць. У нас даўно не было войнаў, а ў расейцаў ёсьць нядаўні досьвед. Першая чачэнская, Другая чачэнская, — у іх шмат дзе ўдзельнічалі расейскія вайскоўцы. Гэта ўжо сучасныя напрацоўкі вядзеньня баявых дзеяньняў, таму мы з задавальненьнем гэта выкладаем нашым падлеткам, якія ідуць у войска».

Цэнтар мае свой сайт kazak.by, на якім прэзэнтуе сябе як клюб. На сайце згадваюцца клюбныя мерапрыемствы для падлеткаў: дзіцячыя лягеры, палявыя выхады, трэніроўкі па рукапашным баі, штабныя гульні. Пётар Шапко пацьвердзіў, што гэта ўсё рэальна праводзілася, і ў якасьці прыкладу падрабязна распавёў пра штабную гульню, якую нядаўна правёў інструктар з баявым досьведам. Выхаванцаў інструктар падзяліў на дзьве групы, і адна на мапе склала плян выведкі, а другая — абароны. А потым інструктар гэтыя мапы параўнаў і дэталёва разабраў, у прыватнасьці, хто, дзе і чаму трапіў у засаду.

Ці не нагадвае такая вучоба падрыхтоўку да рэйдаў па чужых тэрыторыях, якія цяпер адбываюцца ўва Ўкраіне? Паводле майго суразмоўцы, у «Казачым спасе» рыхтуюць не маладых захопнікаў, а наадварот — патрыётаў Беларусі. Пытаюся: ці паўплывалі падзеі ва Ўкраіне на дзейнасьць клюбу? Пётар Шапко прызнаў, што ахвотных наведваць клюб асабліва не паболела, затое часьцейшымі сталі сыгналы нядобразычліўцаў, з-за чаго іх правяралі з пракуратуры.

У Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі, што зь іхняга ведамства «Казачы спас» не правяралі — магчыма, гэта рабілі супрацоўнікі гарадзкой пракуратуры:

«Да гарадзкой трэба зьвяртацца. Генэральная робіць глябальныя праверкі, калі што. А я ніякіх казакоў, калі шчыра, ня ведаю і пра праверкі ня чуў», — адказаў супрацоўнік прэсавай службы.

Датэлефанавацца па камэнтар да прэсавай службы Менскай гарадзкой пракуратуры не ўдалося, тэлефон маўчаў.

​Спрэчных момантаў паміж прыхільнікамі казацтва ў Беларусі і тымі, хто яго не прызнае, нямала. Апазыцыянэр Павал Севярынец сам зь Віцебску, дзе з канцы мінулага стагодзьдзя пачалі актыўнічаць гэтак званыя беларускія казакі. Севярынец перакананы, што сапраўднага казацтва ў Беларусі ніколі не было, і цяпер яно таксама інсьпіраванае звонку:

«Усё гэта прарасейскае. Яно паднятае, прафінансаванае і спрабуе абазначыць нейкую актыўнасьць ды зацягнуць туды маладых нясьпелых беларусаў, у гэтыя ролевыя гульні, якія могуць дрэнна скончыцца. Гэта прыблізна тое ж, чым займалася РНЕ, але там быў голы нацызм, а тут нейкая псэўдагістарычная гульня. Якая, паўтаруся, можа дрэнна скончыцца».

Пётар Шапко з клюбу «Казачий спас», наадварот, мяркуе, што ў казакоў на Беларусі даўнія гістарычныя карані, у тым ліку і ў Віцебску. Вось вытрымка зь ягонай лекцыі па гісторыі беларускага казацтва, разьмешчанай на сайце клюбу:

«На Віцебшчыне дзейнічаў атрад пад кіраўніцтвам Дубіны. Пасьля няўдалага штурму Віцебскага замку атаман Дубіна быў схоплены і пасаджаны на кол. Але ягоны атрад дзейнічаў яшчэ 18 гадоў, ажно да 1620 году. У асноўным гэта былі мясцовыя жыхары».

Заняткі ў лесе спрабуюць ладзіць актывісты розных рухаў, але ня ўсім гэта ўдаецца. Гэтак, менскія нацболы ў жніўні 2013 году спрабавалі правесьці спартова-палявыя зборы каля Воўкавіцкага вадасховішча ў Менскім раёне. Хлопцы яшчэ не пасьпелі разьбіць намёты, як былі затрыманыя, супроць некаторых ужывалі сьлезацечны газ і кайданкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG