Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты ў Воршы: Караткевіч пад Леніным, Калякін каля «Эўраопту»


У Воршы каля помніка Леніну зьбіралі подпісы за вылучэньне Тацяны Караткевіч на кандыдата ў прэзыдэнты. Яна таксама брала ўдзел у пікеце, размаўляючы з аршанцамі.

Збор подпісаў праходзіў на цэнтральнай плошчы Воршы, недалёка ад Дома гандлю і помніка Леніну. Гэтае месца ўдалае ня толькі тым, што тут шмат мінакоў, але й параўнальна вялікімі адлегласьцямі ад райвыканкаму і іншых адміністрацыйных будынкаў, каля якіх подпісы зьбіраць забаронена.

Пікет таксама выглядаў незвычайна, і быў, бадай, самым маляўнічым ў усіх, якія ладзіліся на гэтым этапе выбарчай кампаніі: пад бел-чырвона-белымі сьцягамі подпісы зьбіралі дзьве спадарыні, апранутыя ў гістарычныя беларускія строі.

Аршанскі актывіст Алесь Шутаў паведаміў, што ў горадзе ў падтрымку кандыдатуры Тацяны Караткевіч сабрана пад дзьве з паловай тысяч подпісаў. Але зьбіралі іх пераважна падчас абыходу кватэраў — на плошчу выйшлі ўпершыню.

Зьбіральніца подпісаў за Тацяну Караткевіч
Зьбіральніца подпісаў за Тацяну Караткевіч

Пікет адразу прыцягнуў увагу мінакоў. Некаторыя тут жа дасталі пашпарты і падпісаліся за вылучэньне кандыдаткі, а некаторыя адразу пачалі задаваць пытаньні. З Тацянай Караткевіч абмяркоўвалі і бесьперапынны рост цэнаў, і праблему малых заробкаў, і становішча мацярок з прыёмнымі дзецьмі, і рост апатыі ў беларускім грамадзтве, дзе шмат хто ўжо не верыць у зьмену ўлады.

Тацяна Караткевіч з аршанкамі
Тацяна Караткевіч з аршанкамі

«Мы ўжо назьбіралі 100 тысяч подпісаў. Мяркуем, што зьбяром 120. Але я буду езьдзіць па рэгіёнах да самага сканчэньня гэтага этапу выбарчай кампаніі. Бо для мяне важныя ня подпісы — для мяне важныя людзі. Было б нядобра, каб я адразу кінула сустракацца з выбаршчыкамі, ледзьве толькі назьбіраўшы неабходную колькасьць», — гаворыць Тацяна Караткевіч.

Хлопец у майцы з чорна-жоўта-белым сьцягам расейскай імпэрыі і надпісам «С нами Бог», які назваўся гісторыкам і лічыць сябе «русскім чалавекам», спрабаваў аспрэчыць гістарычную каштоўнасьць бел-чырвона-белага сьцяга. А таксама падрабязна распытваў спадарыню Караткевіч, што яна думае пра далучэньне Беларусі да Расеі. Тая адказала, што яна катэгарычна супраць.

З гісторыкам, які хоча вярнуць Расейскую імпэрыю
З гісторыкам, які хоча вярнуць Расейскую імпэрыю

Прыхільнік вяртаньня Расейскай імпэрыі прабыў на пікеце ад пачатку да канца, але паводзіў сябе стрымана. Гэтаксама на працягу амаль дзьвюх гадзінаў на пікеце прысутнічала здымачная група мясцовага недзяржаўнага тэлебачаньня «Скіф».

Падчас інтэрвію
Падчас інтэрвію

У Тацяны Караткевіч і прадстаўнікоў яе каманды нават узялі інтэрвію. Аднак прысутныя на пікеце аршанскія актывісты сумняваюцца ў тым, што перадача пра прыезд Тацяны Караткевіч зьявіцца ў эфіры. Бо ўжо неаднаразова было так, што «скіфаўцы» здымалі нейкія мясцовыя палітычныя падзеі, а потым гэтыя відэазапісы нідзе не дэманстраваліся. Некаторыя нават мяркуюць, што гэткія відэаздымкі перадаюцца ў пэўныя структуры, Дарэчы, ніякіх іншых людзей зь відэакамэрамі ў форме або ў цывільным на плошчы падчас пікету заўважана не было.

Апрача Тацяны Караткевіч, на сустрэчу з аршанцамі прыяжджаў прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы Сьвет». Аднак пікет зь ягоным удзелам ладзіўся не каля помніка Леніну, як можна было б чакаць, а каля самага буйнога ў Воршы «Эўраопту». І пачалося пікетаваньне са спазьненьнем прыкладна на гадзіну, бо спадар Калякін раптоўна памяняў свае пляны і разам з камандай паехаў зьбіраць подпісы да работнікаў ільнокамбінату. Таму многія аршанцы так і не дачакаліся магчымасьці асабіста пазнаёміцца зь яшчэ адным патэнцыйным супернікам Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG