Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Літвы: «У нашым рэгіёне эўрапейскі шлях самы надзейны»


Падчас візыту ў Менск у 2013 годзе.

Падчас візыту ў Менск у 2013 годзе.

«У Беларусі ёсьць толькі адзін курс для разьвіцьця. І гэты курс — Эўропа. Я лічу, што беларусы могуць скарыстаць досьвед сваіх суседзяў з Украіны, якія выказаліся менавіта за цывілізаванае будучае сваёй краіны. А гэта будучае — Эўразьвяз. У нашым рэгіёне — эўрапейскі шлях самы надзейны».

Такое меркаваньне ў размове са Свабодай выказаў 30 траўня былы кіраўнік ураду Літвы, а цяпер лідэр парлямэнцкай апазыцыі ў Сэйме Андрус Кубілюс. Ён прыехаў у Менск, каб расказаць беларускім індывідуальным прадпрымальнікам, у якіх умовах працуе малы бізнэс у яго краіне.

Адказваючы на пытаньне Свабоды пра стаўленьне ў Літве да адмены эўрапейскіх санкцыяў адносна беларускіх чыноўнікаў, спадар Кубілюс адзначыў:

«У літоўскіх палітыкаў зараз няма адзінай думкі наконт таго, ці правільна зрабіў Брусэль, калі зьняў санкцыі з беларускіх чыноўнікаў. Некаторыя лічаць, што гэта пасьпешлівае і заўчаснае рашэньне, таму што тыя пытаньні, з-за якіх санкцыі ўводзіліся да канца дагэтуль ня вырашаныя.

Мне асабіста падаецца, што беларускім уладам зараз ёсьць над чым падумаць — асабліва над сытуацыяй з правамі чалавека. Беларусь — эўрапейская краіна. І стаўленьне да свабодаў чалавека тут павінна быць таксама эўрапейскае. Я лічу, што Эўразьвяз адмяніў санкцыі толькі таму, што спадзяецца — беларускія ўлады будуць зьмяняць сваю палітыку. Магчыма гэта будзе не хуткі, але паступовы працэс. Я ня ведаю, наколькі ўважліва сочаць за гэтым у Бруселі. Але ў Вільні мы ўважліва сочым за кожнай навіной з Беларусі.

Нам не абыякава, як ідуць справы ў нашых суседзяў. Можа таму што мы бліжэй да Менску, чым Брусэль, мы не настолькі наіўныя, каб верыць вашым уладам на слова. Калі Лукашэнка хоча выправіць адносіны з Эўразьвязам, то няхай даказвае свае намеры ні словамі, а канкрэтнымі справамі.

нас хвалюе лёс суседзяў — і беларусаў, і ўкраінцаў

У верасьні ў Беларусі пройдуць парлямэнцкія выбары. Іх адкрытасьць, адпаведнасьць стандартам БДІПЧ АБСЭ і будзе адказам на ініцыятыву Брусэля аб адмене санкцыяў. Дарэчы, парлямэнцкія выбары ў кастрычніку адбудуцца і ў Літве. Але я магу адразу сказаць: хто б у нас не перамог на іх, увага да Беларусі як ёсьць цяпер так і застанецца. Гэта абсалютна дакладна».

Пра значнасьць сёньняшняй канфэрэнцыі «Ад вялікай дзяржавы — да малога бізнэсу: асновы структурных трансфармацый» спадар Кубілюс выказаўся так:

«Я ўжо казаў, што нас хвалюе лёс суседзяў — і беларусаў, і ўкраінцаў. Мы вельмі хочам, каб яны былі ў агульнай эўрапейскай сям’і. Таму дапамагаем. Сёньняшняя сустрэча — гэта экспэртная дапамога. Наш досьвед паказаў, што ўвага да малога бізнэсу куды больш эфэктыўны шлях, чым арыентавацца на дзяржаўную эканоміку і толькі на тых бізнэсоўцаў, якія маюць асаблівыя дачыненьні з уладай.

Я зьвярнуў увагу, як рэагавалі беларускі індывідуальныя прадпрымальнікі, калі мы з Міколасам Маяускасам распавядалі пра стаўленьне да бізнэсу ў Літве. Асабліва калі гэта тычылася лічбаў. Я казаў, што наша краіна атрымае з 2013 па 2020 гады 13 мільярдаў эўра ад Эўразьвязу. І больш за палову гэтых грошай пойдзе на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Па рэакцыі залі я зразумеў, што для Беларусі гэта завоблачныя грошы».

Адказваючы на пытаньне, чаму замежныя інвэстары ўкладаюць вялікія грошы ў Літву, а Беларусь абмінаюць, экс-прэм’ер адзначыў:

«За інвэстыцыямі трэба паляваць. На пачатку мы гэтага не разумелі. Спадзяваліся, што Літва сама па сабе прывабная і мілая краіна, таму і інвэстары прыйдуць сюды самі. Але час паказаў, што гэта марныя спадзяваньні. Замежнаму капіталу не патрэбныя расповеды пра прыгажосьць краіны. Іх цікавіць найперш заканадаўства, магчымасьці для разьвіцьця, пэрспэктывы. Гэта дзелавыя людзі. І яны хочуць зарабіць. Таму і трэба зь імі дамаўляцца — як пойдзе працэс, колькі прыбытку яны пусьцяць на стварэньне працоўных месцаў і г.д.

А проста сказаць: прыяжджайце у „сінявокую“ і вам тут будзе добра, такое з сур’ёзным бізнэсам не спрацуе».

XS
SM
MD
LG