Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубілюс: «Адсутнасьць палітвязьняў — падмурак свабоды»


Андрус Кубілюс
Андрус Кубілюс

Паўнавартасны дыялёг Эўразьвязу з уладамі Беларусі стане магчымым толькі пасьля таго, як усе палітычныя вязьні будуць ня толькі вызваленыя з турмаў, але і рэабілітаваныя.

Такое стаўленьне да праблемы выказалі ўдзельнікі слуханьняў па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія прайшлі сёньня ў сьценах Сэйму Літвы.

Слуханьні арганізавалі камітэт замежных спраў парлямэнту Літвы і мясцовы Цэнтар усходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў. Ад Беларусі на іх запрасілі палітыкаў — Паўла Севярынца, Сяргея Калякіна, Аляксандра Мілінкевіча, Уладзімера Някляева. А таксама родных палітвязьняў і зьніклых — жонку зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальлю Пінчук, маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага Вольгу Завадзкую, жонку палітвязьня Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч, маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марыну Лобаву ды іншых.

«Дэпутаты Сэйму надзвычай апэратыўна падрыхтавалі гэта мерапрыемства», — кажа ўдзельнік сёньняшніх слуханьняў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Рашэньне аб слуханьнях прынялі падчас прыезду ў Менск літоўскіх парлямэнтароў, сяброў партыі „Саюз Айчыны“ на чале з былым прэм’ерам Кубілюсам. Яны сустракаліся са сваякамі і роднымі зьніклых і палітычных вязьняў. І тады канчаткова дамовіліся аб слуханьнях. А ініцыявалі гэта мерапрыемства яшчэ раней дзьве палітычныя структуры Беларусі: БХД і АГП».

Ацэньваючы сытуацыю ў Беларусі, былы прэм’ер Літвы, а цяпер лідэр парлямэнцкай апазыцыі Андрус Кубілюс падкрэсьліў: «Адсутнасьць палітвязьняў — гэта самы галоўны крытэр для вызначэньня дэмакратычнасьці любой краіны».
Мы робім усё, што ад нас залежыць, што залежыць ад Эўразьвязу, для таго, каб і ў Беларусі была магчымасьць выбраць шлях да збліжэньня з Эўропай

«Мы робім усё, што ад нас залежыць, што залежыць ад Эўразьвязу, для таго, каб і ў Беларусі была магчымасьць выбраць шлях да збліжэньня з Эўропай. Канечне, для гэтага найперш патрэбныя зьмены ў самой Беларусі. Тут павінныя быць грунтоўныя свабоды — слова, палітычных поглядаў, справядлівых выбараў. І асабліва свабода для палітычных вязьняў. Гэта абсалютны падмурак для ўсіх умоваў», — сказаў Андрус Кубілюс.

Напярэдадні і ў дні саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні правядуць не адно мерапрыемства, датычнае беларускай тэматыкі, — зьвяртае ўвагу літоўскі палітоляг, прафэсар Лаўрас Белініс:

«Увага да Беларусі з нашага боку ніколі не аслабне. Таму што гэта наш найбліжэйшы сусед, родны наш сусед. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — для нас гэта надзвычай і хваравіта, і цікава, і важна. Такім чынам саміт будзе скіраваны ня толькі на Ўкраіну, але і на Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG