Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт Dzieciuki трапіў у «чорны сьпіс», разам з Вольскім, Вайцюшкевічам і Brutto


Гурт Dzieciuki у Кіеве, 25 красавіка 216 году

Гурт Dzieciuki у Кіеве, 25 красавіка 216 году

Пасьля атрыманьня неаднаразовых забаронаў на правядзеньне канцэртаў у Беларусі, музыкі зрабілі выснову, што ідэолягі ўнесьлі іх у неафіцыйны «чорны сьпіс» беларускіх выканаўцаў.

Як паведамляе музычны партал tuzin.fm, Dzieciuki тры разы спрабавалі зладзіць прэзэнтацыю новага альбома «Рэха» ў Менску. Спачатку канцэрт меркавалася правесьці на пачатку сакавіка ў «Пляцоўцы Хол», але незадоўга да гэтага клюб быў закрыты. Выступ перанесьлі ў Re:Public на сярэдзіну траўня, але неўзабаве падрыхтаваныя ўжо дакумэнты ў Менгарвыканкам на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня былі адкліканыя — клюб прымаць музыкаў адмовіўся. Яшчэ адна спроба правесьці канцэрт у бары Beer&Wine 15 траўня таксама скончылася безвынікова.

«Ідэалягічнае ўпраўленьне Менгарвыканкаму запатрабавала тэксты песень гурту, а пасьля прыняла рашэньне канцэрт не дазваляць. Матывацыя тая ж, што і ў выпадку з Вайцюшкевічам: чыноўнікі мяркуюць, што музыкі — экстрэмісты і ўяўляюць пагрозу для беларускага грамадзтва. Адказнасьць за забарону выступу гурту ўзяў на сябе кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Павал Скалабан», — піша «Тузін гітоў».

У альбом «Рэха» ўваходзяць кампазыцыі «Давыд Гарадзенскі», «Паходная», «Вітаўт Вялікі», «Трымайся, браце!», «Случчакі», «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі», «Тадэвуш Касьцюшка», «1937» і іншыя. Паслухаць іх можна тут.

Верагодна, што Dzieciuki папоўнілі неафіцыйны «чорны сьпіс» беларускіх выканаўцаў, канцэрты якіх у Беларусі знаходзіцца пад забаронай. На сёньня ня могуць атрымаць пляцоўкі для канцэртаў таксама Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, гурт Brutto і пэрсанальна Сяргей Міхалок. Таксама за ўдзел у гурце Brutto займеў праблемы Віталь Гуркоў.

«Ня бачу тут ніякай лёгікі, хоць пайшла агульная хваля: Гуркоў, потым адразу мы. Калі нас ужо прызналі экстрэмістамі, то далей можна чакаць усяго чаго хочаш. Хацеў бы тым, хто прымае такія рашэньні, сказаць, каб яны памяталі пра тое, што іх сьцежка даволі тонкая. Напрыклад, у сталінскія часы ідэолягі нядоўга сядзелі на сваіх пасадах. Іх хутка зьмянялі такія ж самыя, а лёс папярэднікаў быў незайздросным... А наконт далейшых выступаў мы ня дужа непакоімся. Мы і раней мелі праблемы. Выступалі падпольна. Будзем спрабаваць і надалей. Для некаторых гэта нейкая гульня. Рамантыка такая. Але для нас такія гульні не зусім цікавыя. Мы паспрабавалі вырвацца з падвалаў. На жаль, пакуль што ў Беларусі гэта зрабіць немагчыма», — зазначыў вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў.

XS
SM
MD
LG