Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцы: «У нас у калгасе ўжо няма трактарыстаў ва ўзросьце 60 гадоў»


Жыхары вёсак і невялікіх пасёлкаў у Беларусі занятыя пераважна фізычнай працай — у полі, на фэрме, у лесе, на прыватнай гаспадарцы. Многія зь іх зь нецярпеньнем чакаюць выхаду на пэнсію, бо нават у 55 ці 60 гадоў спраўляцца зь нялёгкімі фізычнымі нагрузкамі цяжка. Як яны ўспрынялі словы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць падвысіць пэнсійны ўзрост.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе пра пэнсійнае забесьпячэньне адзначыў, што сярэдняя працягласьць жыцьця ў краіне павялічылася ў параўнаньні з 90-мі гадамі мінулага стагодзьдзя.

«Таму 55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: раз ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне.

Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Спадарыня Алена адпрацавала амаль 20 гадоў даяркай на фэрме ў Слонімскім раёне і кажа, што калі не пасьпее выйсьці на пэнсію, то болей працаваць ня зможа:

— Мы ў першую зьмену ўдвох доім 780 кароў, а ў другую зьмену — 1300. Я калі іду дахаты, то ледзь ногі цягну, а мне яшчэ няма і 50 гадоў. Асабліва рукі баляць, па начах ня сьпіш. Нас жа, даярак, на пэнсію ў 50 гадоў пакуль адпраўляюць, але як да гэтай пэнсіі дацягнуць? Вось зараз хварэла, але на бальнічны не пайшла, бо няма за што нават лекі купляць. Два апошнія месяцы заробак ня плацяць, лячуся падручнымі сродкамі. Канечне, тым, хто сядзіць у канторы і паперкі перакладвае, ня страшна, яны могуць і яшчэ пяць гадоў пасядзець, але ня мы. Мне ўжо цяжка нават свой гарод абрабляць, хоць маю толькі 10 сотак. Вось ісьці сёньня на працу ў другую зьмену, а я думаю, што з сабой паесьці ўзяць, бо магу толькі бульбы адварыць сабе, а трэба ж дзяцей у школу адправіць...

Спадар Станіслаў апошнія дзесяць гадоў робіць на трактары ў калгасе, раней шафёрыў у горадзе. На словы Лукашэнкі, што «мужчына ў 60 гадоў — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», спадар Станіслаў адрэагаваў вельмі эмацыйна:

— У нас у калгасе ўжо няма трактарыстаў ва ўзросьце 60 гадоў. Тыя, хто да пэнсіі дацягнуў, то пасьпелі яе атрымаць які месяц, а хто нават і не пасьпеў — паўміралі. А быў выпадак, што адзін з трактарыстаў памёр за рулём свайго трактара, так і не дацягнуўшы да тае пэнсіі. Вось вам і конь. У нас многіх мужыкоў ягоныя словы абурылі, бо няма ні працы, ні грошай ня плацяць, а тут яшчэ ўдумалі пэнсійны ўзрост падвышаць. Людзі хутка ня вытрымаюць гэтага зьдзеку...

Міхаіл Шостак пасьвіць козаў у Лідзе, каб ашчадзіць на малацэ. Архіўнае фота

Міхаіл Шостак пасьвіць козаў у Лідзе, каб ашчадзіць на малацэ. Архіўнае фота

Спадар Валянцін працуе на будоўлі ў Лідзе, яму 54 гады.

— Пра якіх коней ён кажа? У нас на будоўлі няма ніводнага чалавека блізу 60-гадовага ўзросту — усе пераважна маладыя хлопцы, але мы працы ня маем: то працуем, то сядзім у хаце, альбо нейкія падручныя працы. Няхай выйдзе паспрабуе кожны дзень пясок пакідаць, цэглу пакласьці на сьвежым паветры, паглядзім, як яго конскае здароўе паправіцца. Як кажуць у народзе: гаварыць — не мяхі цёгаць. У нас мужыкі супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту, амаль у кожнага ўжо ёсьць нейкія хібы са здароўем. Мы ня будзем мець працы, бо папросту не дамо рады да 65 гадоў працаваць на будоўлі — ніякага здароўя ня хопіць. Каб хоць яшчэ ў сваім гародчыку каля хаты хапіла сілаў пакапацца.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Спадар Віктар — адстаўны афіцэр, жыве ў Ваўкавыску і нідзе цяпер не працуе. Да заяваў улады пра павышэньне пэнсійнага ўзросту ён ставіцца спакойна, бо ведае, што гэтыя навіны яго не закрануць.

— Што датычыць вось гэтага выказваньня пра тое, што мужык у 60 гадоў — конь, то скажу так: калі Лукашэнка конь, то яго можна і запрагаць не ў адзін корпус, а ў тры корпусы. А ў нас, як я бачу, да пэнсійнага веку з ста чалавек толькі 25 у лепшым выпадку дажываюць. І людзі ж на пэнсію зарабілі, а яе не атрымалі. То, можа, варта было б гэтую пэнсію радні выплаціць? Чаму яны пра гэта ня кажуць? З другога боку, я разумею, што многія пэнсіянэры вымушаны працаваць, бо нестае грошай на гэтую пэнсію жыць. Але дзе працаваць? У нас у Ваўкавыску столькі прадпрыемстваў не працуюць, усюды людзей паскарачалі. Няхай спачатку створаць працоўныя месцы для людзей, а потым прымаюць закон аб дармаедах. А ня так, як яны зрабілі і думаюць, што людзі нічога не разумеюць. Усё ўжо паціху даходзіць да кожнага, і людзі хочуць зьменаў на сваю карысьць, а не на карысьць Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG