Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч: Бальшыня сямей выжывае толькі таму, што ёсьць пэнсіянэр


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч выступіла супраць падвышэньня ў Беларусі пэнсійнага ўзросту. Камэнтуючы сёньняшнія заявы кіраўніка краіны карэспандэнту Свабоды, яна сказала, што ставіцца да гэтага вельмі нэгатыўна.

— Чарговы раз падымаецца тэма, як абабраць людзей, як пазбавіць іх прыстойнага жыцьця. Я цяпер ежджу па краіне, сустракаюся зь людзьмі, учора была ў Круглым, Бялынічах і Шклове. Народ кажа простыя рэчы: чалавек абяцаў адвесьці народ ад прорвы, а ў выніку даводзіць проста да ручкі. Бальшыня людзей адкрыта кажуць, што бальшыня сямей выжывае толькі таму, што ёсьць у сям’і пэнсіянэр, чалавек, у якога дакладна ёсьць нейкі даход. Маладым людзям няма дзе працаваць. Яны шукаюць, дзе ім жыць, дзе зарабляць. Таму сёньняшнія захады ўлады, скіраваныя на перамены, павінны пачынацца найперш са стварэньня новых магчымасьцяў працаваць і атрымліваць годныя заробкі. Па-другое, трэба забясьпечыць нармальную сацыяльную абарону, адукацыю і мэдыцыну. Трэба працаваць на будучыню.

Як чалавек, зьвязаны з сацыяльнай сфэрай, скажу, што падвышаць пэнсійны ўзрост нельга, пакуль ня будзе ўведзена адэкватная, справядлівая сыстэма назапашваньня пэнсіяў згодна з індывідуальным індэксам і бяз права перадаваць гэтую пэнсію ў спадчыну. Толькі тады можна будзе казаць пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Я ўжо не кажу пра ахову здароўя мужчын, жанчын, бо ў іх у вачах адно пытаньне: мы навошта столькі працавалі, нічога не зарабілі, нажылі сабе балячкі, няма ніякага годнага жыцьця? Таму гэта зьдзек.

— Некаторыя цьвердзяць, што, падняўшы пэнсійны ўзровень, можна будзе скараціць колькасьць пэнсіянэраў і падняць пэнсіі...

— Давайце інакш. А мы што, ведаем, як у нас сёньня расходуецца пэнсійны фонд?! Мы ня ведаем. Давайце зробім яго празрыстым. А дзе тыя пэнсіі, што зарабілі мужчыны, якія не дажылі да пэнсіі? Дзе гэтыя грошы? Улада нам кажа, што ў нас індывідуальная, субсыдыярная сыстэма назапашваньня пэнсіяў. Няпраўда, яна так не працуе. І перад тым як казаць, што будзе меней пэнсіянэраў, а астатнія будуць атрымліваць большыя пэнсіі, давайце зробім гэтую сыстэму празрыстай. Няхай будзе назапашвацца індывідуальны каэфіцыент, бо ўсе адчуваюць, што пэнсія налічваецца несправядліва. І з правам перадачы ў спадчыну. Тады можна падвышаць пэнсійны ўзрост.

— Як вы ставіцеся да таго, што жанчыне прапануюць выходзіць на пэнсію ў 60 ці 58 гадоў?

— Перш чым рабіць рэформы ў сацыяльнай абароне, трэба стварыць новыя эканамічныя ўмовы, каб людзі зараблялі больш і на свае пэнсіі, і на сёньняшняе жыцьцё, і на будучыню. Таму гэта павінны быць ня тры прапановы пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту, а прапановы пра сфэру эканомікі.

— Ці адаб’ецца гэта на рэйтынгу Лукашэнкі?

— Канечне, адаб’ецца адмоўна. Улада пад кіраўніцтвам Лукашэнкі робіць усё, каб нічога не мяняць у эканоміцы, а чарговы раз абмежаваць людзей, зрабіць людзям жыцьцё цяжэйшым. Яго ніхто не зразумее, бо людзей, якім цяпер вельмі цяжка, многа. Заплаціў за кватэру — на лекі ўжо не хапае. Сёньня ўсе скардзяцца на якасьць жыцьця і на заробкі. Таму гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў на яго выбарцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG