Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук: Пытаньне пра пэнсіі ва ўпор раней ня ставілася


Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук ніколі не вывучаў пытаньне мэтазгоднасьці павышэньня пэнсійнага ўзросту ў Беларусі.

Упершыню гэтая тэма паўстала толькі цяпер, пасьля заяваў прэзыдэнта і міністра працы і сацыяльнай абароны.

Пра гэта Свабодзе паведаміла кіраўніца аддзелу эканамічнай сацыялёгіі Інстытуту сацыялёгіі Галіна Сакалова:

«Такія пытаньні раней ня ставіліся, таму адмысловых дасьледаваньняў на гэтую тэму няма. У нас не было такіх заданьняў — праводзіць сацыялягічныя апытаньні наконт мэтазгоднасьці павышэньня ўзросту выхаду на пэнсію. Ва ўпор такія пытаньні былі пастаўленыя толькі цяпер».

Доктар сацыялягічных навук, прафэсар Галіна Сакалова лічыць, што варыянты павышэньня ўзросту выхаду на пэнсію, прапанаваныя на вышэйшым узроўні, — прымальныя з улікам тых зьменаў, якія адбыліся ў дэмаграфічнай і іншых сфэрах жыцьця Беларусі:

«Тры варыянты, прапанаваныя ўладамі (першы — 60 год для жанчын і 65 для мужчын; другі — 60 год для жанчын і 63 для мужчын; трэці — 58 год для жанчын і 63 для мужчын. — РС), — напэўна, гэта правільна. Як варыянты гэтыя прапановы прымальныя. Я маю на ўвазе тое, пра што гаворыць міністар, тое, пра што гаворыць прэзыдэнт, тое, пра што думае ўрад. Напэўна, гэта правільны шлях. Так, павышаць, вядома, трэба, улічваючы зьмены ў дэмаграфічным стане, працягласьці жыцьця, умовах жыцьця, умовах працы. Але ёсьць іншы бок мэдаля — неабходнасьць стварэньня працоўных месцаў для маладога пакаленьня, якое будзе сканчаць навучальныя ўстановы. Я лічу, што павышэньне ўзросту выхаду на пэнсію — гэта правільнае рашэньне. Але гэта будзе цяжкая сацыяльная праца».

10 сакавіка на нарадзе па пытаньнях рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы Аляксандар Лукашэнка выказаўся за ідэю павышэньня пэнсійнага ўзросту для ўсіх.

«55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», — сказаў ён.

Пазьней у той жа дзень зьявілася заява міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай, якая заявіла, што пэнсійны ўзрост у Беларусі прапануецца падвышаць з 1 студзеня 2017 году ў некалькі этапаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG