Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разглядае тры варыянты падвышэньня пэнсійнага ўзросту: 60 і 65, 60 і 63, 58 і 63


Кіраўніку Беларусі прапанаваныя тры варыянты падвышэньня пэнсійнага ўзросту, сказала журналістам міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

Першы варыянт: выхад на пэнсію жанчын у 60 гадоў і мужчын у 65.

Паводле Шчоткінай, гэта самы эканамічна прымальны варыянт, бо ён дае добрыя паказчыкі.

Міністар падкрэсьліла, што неабходна ўлічваць ня толькі вопыт многіх краін сьвету ў вырашэньні гэтага пытаньня, але і працягласьць жыцьця, узровень стану здароўя, а таксама спэцыфіку жыцьця ў гарадзкой і сельскай мясцовасьці.

«Таму, прааналізаваўшы дэмаграфічныя працэсы, прапанаваны варыянт выхаду на пэнсію жанчын у 60 гадоў, мужчын — у 63 гады. Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёньня сярэдняя працягласьць жыцьця жанчын складае 78,4 года, а атрыманьне пэнсіі — больш за 20 гадоў пасьля выхаду на пэнсію. Нядаўна гаварылася пра тое, што гендэрная роўнасьць павінна ўлічвацца і ў дасягненьні пэнсійнага ўзросту.

Але ўзьнікае пытаньне: ці можам мы сёньня выкрасьліць сацыяльны аспэкт, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розьніца паміж выхадам на пэнсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у хатняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёньня таго ўзроўню гендэрнай роўнасьці?» — сказала Марыяна Шчоткіна.

Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзеньне пэнсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчын і з 63 — для мужчын.

Што тычыцца графіку павелічэньня пэнсійнага ўзросту, то аптымальны тэмп — з крокам у паўгода.

«Мы ўжо ўпусьцілі момант, калі можна было рухацца па адным ці па тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасьць у дзяржаве, то сёньня самы невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, — гэта 6 месяцаў. Ёсьць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год — гэта вельмі жорсткі варыянт», — цытуе БелТА міністра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG