Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч «за»: жанчыны павінны ісьці на пэнсію ў 58 гадоў, а мужчыны ў 63


Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч лічыць, што пэнсійны ўзрост у Беларусі трэба падвышаць.

Камэнтуючы сёньняшнія заявы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, ён сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Я рабіў бы гэта паступова. Спачатку я б зрабіў жанчынам 58 гадоў. Ня трэба адразу імкнуцца да прыкладу тых краінаў, якія маюць сур’ёзны эканамічны патэнцыял і якія нельга параўноўваць з намі па заробку. Таму падняў бы жанчынам пэнсійны ўзрост да 58, каб агледзецца, гэта ня выкліча разгубленасьці ў людзей. Мужчынам трэба падняць да 63 гадоў. Тым больш, як паказвае статыстыка, жанчыны здаравейшыя за мужчын у гэтым узросьце і даўжэй жывуць. Магчыма, ураду хочацца секануць у гэтым пытаньні, але так рабіць нельга. Трэба паступова рабіць. І людзі да гэтага паставяцца спакайней, будуць разумець, што, магчыма, і пэнсія падвысіцца. І ня трэба будзе, сыходзячы на пэнсію, лётаць з квадратнымі вачыма, каб знайсьці працу, бо на адну пэнсію прыстойна не пражывеш».

Сяргей Гайдукевіч нагадаў, што ён як кандыдат у прэзыдэнты першы сказаў пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту.

«Беларусь, Расея маюць узрост выхаду на пэнсію для мужчын — 60 і для жанчын — 55 гадоў. Але ў нашай краіне больш за 2,5 млн пэнсіянэраў. Гэта цяжка для дзяржавы, улічваючы колькасьць насельніцтва ў Беларусі.

Але вядома, якая сярэдняя пэнсія ў краіне — ад 2,1 мільёна да 3,2 мільёна рублёў. Вядома, яе зусім не дастаткова, і павялічваць пэнсію пры цяперашнім ВУП і павелічэньні колькасьці пэнсіянэраў робіцца складана. Пэнсія залежыць ад бюджэтных магчымасьцяў краіны, ад ВУП.

Сярод маіх знаёмых рэдка якая жанчына ў 55 гадоў, сышоўшы на пэнсію, недзе не падзарабляе.

Пераважна працягваюць працаваць. Некаторыя ня хочуць губляць працоўнае месца. Тое ж самае і з мужчынамі.

Калі я сустракаўся зь людзьмі, яны пыталіся, ці трэба павялічваць пэнсію. Я казаў, што, канечне, трэба. А пэнсія будзе павялічвацца, калі паток пэнсіянэраў зьменшыцца. Бо пэнсіянэр працуе і апроч пэнсіі атрымлівае заробак.

Таму, калі глядзець аб’ектыўна, то ўзрост трэба павялічваць, як гэта зроблена ў многіх эўрапейскіх краінах. Таму гэта нармальна. Але людзям трэба патлумачыць прычыны, сказаць праўду.

Калі ўзрост не чапаць, то колькасьць пэнсіянэраў будзе павялічвацца, а пэнсіі будуць яшчэ больш сьціскацца. Бо бюджэт не гумовы, ён мае тое, што мае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG