Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсу ў Беларусі камфортна, — лічаць улады. У нас катастрофа, — адказваюць бізнэсоўцы


Прадстаўнікі малога бізнэсу не пагаджаюцца з заявай намесьніка міністра эканомікі.

У Беларусі 16 лістапада ў межах Тыдня прадпрымальніцтва пройдзе Пяты міжнародны форум прадпрымальніцва, які арганізатары называюць зручнай пляцоўкай для кантактаў бізнэсоўцаў з прадстаўнікамі ўраду.

Паводле намесьніка міністра эканомікі Ірыны Касьцевіч для малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі створаныя ўмовы як ніколі добрыя, міжнародныя рэйтынгі Беларусі па гэтых паказчыках растуць, а далей «працаваць і зарабляць» будзе яшчэ лепш. Ірына Касьцевіч заявіла гэта на прэсавай канфэрэнцыі:

Ірына Касьцевіч

Ірына Касьцевіч

«28% валавога ўнутранага прадукту фармуюць малы і сярэдні бізнэс, а пяць год таму было ня больш за 22%. Бізнэсу цяжка, увесь 2015 год быў цяжкі, але бізнэс разьвіваецца, для бізнэсу ў краіне ствараюцца ўмовы, колькасьць прадпрыемстваў павялічваецца, і гэта паказчык таго, што бізнэсу сёньня камфортна працаваць, атрымліваць прыбытак, плаціць падаткі», — мяркуе намесьнік міністра эканомікі.

Карэспандэнт Свабоды пераказаў спадарыні Касьцевіч тое, пра што казалі нядаўна на Свабодзе прадпрымальнікі з Гомельскай і Віцебскай абласьцей: прадпрымальнікі масава мусяць закрываць свае гандлёвыя кропкі, бо няма як займець на свой тавар сэртыфікаты якасьці, якія патрабуюць рэгулюючыя органы. Хіба такім прадпрымальнікам камфортна? Ірына Касьцевіч адказала:

«Правілы гульні ўсталяваныя, і яны ўсталяваныя ня сёньня, а некалькі гадоў таму. Бізнэс мусіць быць падрыхтаваны. Давайце пагаворым пра тых прадпрымальнікаў, які перайшлі і прынялі гэтыя правілы гульні, гэтыя патрабаваньні закону. Тыя, пра каго вядома, што яны гандлююць рэшткамі тавараў, — іх засталося ўсяго 12 тысяч з 40 тысяч летась. Мы бачым, што бізнэс вярнуўся да цывілізаванага гандлю. І гэта трэба ўлічваць і рухацца наперад».

Ірына Касьцевіч паведаміла, што чыноўнікі міністэрства і зацікаўленых устаноў разам з прадстаўнікамі бізнэсу цяпер абмяркоўваюць магчымыя зьмены ў дырэктыву № 4, якой 5 год таму Аляксандар Лукашэнка акрэсьліў, як мае разьвівацца бізнэс у Беларусі. З 2016 году плянуецца замарозіць рост падаткаў для прадпрымальнікаў, паведаміла чыноўніца Мінэканомікі.

Старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка рашуча ня згодзен з заявай намесьніцы міністра, што для бізнэсу ў краіне нібыта створаныя камфортныя ўмовы:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

— Ірына Касьцевіч лічыць, што ў нас камфортна малому і сярэдняму бізнэсу? Магу прапанаваць ёй 19 лістапада прыехаць у гаспадарчы суд Віцебску і паглядзець у вочы прадпрымальнікам, якія раптоўна былі пазбаўленыя свайго бізнэсу ў Полацку. Магу згадаць жанчыну з заплаканымі вачыма, якая адразу пасьля рашэньня суду пра штраф у 50 мільёнаў проста закрыла сваё індывідуальнае прадпрымальніцтва. Дарэчы, гэтыя людзі да нас зараз прыехалі ў Менск, будзем раіцца, як ім падрыхтавацца да суду".

— Чыноўнікі кажуць пра рост міжнародных рэйтынгаў разьвіцьця бізнэсу ў Беларусі, пералічваюць праграмы падтрымкі, цьвердзяць, што большасьць гандляроў з рынкаў знаходзяць сябе ў іншых сфэрах бізнэсу...

— Мы па-рознаму бачым умовы для разьвіцьця малога бізнэсу. Магчыма, яна мела на ўвазе ўмовы для вялікага бізнэсу, але гэта іншае пытаньне. Але тут яўна іншая сытуацыя, а не камфортная. Мы праводзілі апытаньні, дык пераважная большасьць прадпрымальнікаў кажуць, што стаміліся ад бясконцых праверак, ад няспынных зьменаў законаў, высокіх падаткаў, а галоўнае, ад таго, што аднамомантна іх могуць усяго пазбавіць. Мы на сваёй скуры адчуваем гэтыя ўмовы. Калі яны камфортныя, дык чаму суды паўсюль выносяць рашэньні адносна ІП аб канфіскацыі, хоць закон дазваляе абысьціся і без канфіскацыі? Чаму калі праверка, дык амаль абавязкова штраф, і вельмі высокі? Чаму? Мой адказ такі, што дзяржава абсалютна ня ўлічвае інтарэсы малога бізнэсу.

— Улады паабяцалі скарэктаваць 4-ю дырэктыву. Гэта будзе добрым крокам?

— Спачатку выканалі б тое, што ў дырэктыве было адносна ўмоў бізнэсу хоць на 20%, было б добра. Яны яшчэ гэтага ня выканалі, а што там сабраліся ўжо папраўляць? Усе рашэньні адносна малога бізнэсу прымаюцца без уліку ягоных інтарэсаў, і гэтае правіла застаецца нязьменным шмат гадоў. Ва ўсім сьвеце ўлады мусяць даказаць экспэртам неабходнасьць крокаў адносна бізнэсу, але толькі ня ў нас. У нас крытэр адзін: патрэбны грошы — зьявіўся закон — канфіскавалі.

— Як вы ставіцеся да абяцаньняў з 2016 году не зьмяняць падатковыя законы, не падвышаць падаткі?

— А куды іх падвышаць далей? Калі б яны сказалі, што падаткі будуць кардынальна зьмяншаць, каб захаваць нацыянальны бізнэс, гэта было б зразумела. А казаць пра тое, што падвышаць ня будуць, — гэта нават некарэктна, такія ў нас вялікія падаткі. Далей няма куды. Варта ж улічваць яшчэ і ўскосныя падаткі, якія кладуцца на індывідуальных прадпрымальнікаў, з той жа арэнднай платай. Таму, магчыма, для іх у справе кіраваньня краінай такія ўмовы — гэта камфортна. Але для нас гэта катастрофа. Наперадзе 1 студзеня, і паглядзіце: большасьць з тых, хто яшчэ гандлюе на рынках таварам, які прывезены з Расеі, працаваць ня зможа. У нас няма ўмоваў, няма сацыяльных ліфтаў, каб малы бізнэс разьвіваўся ў сярэдні, а сярэдні ў вялікі«.

Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка плянуе браць удзел у 5 міжнародным форуме прадпрымальніцтва, які стартуе ў Менску 16 лістапада, каб данесьці да ягоных удзельнікаў сваю пазыцыю.

XS
SM
MD
LG