Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Наша будучыня — гэта рэцэсія і пагаршэньне ўзроўню жыцьця


Чаму некаторыя беларускія чыноўнікі так сьмела загаварылі пра эканамічныя рэформы? Чаму іхнія заявы супярэчаць словам самога Лукашэнкі, які ня раз за апошнія дні падкрэсьліваў, што рэформы Беларусі непатрэбныя? Што будуць рабіць улады ў выпадку далейшага зьніжэньня ўзроўню жыцьця?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, эканаміст Барыс Жаліба і аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Апошнія тыдні сярод экспэртаў ідзе даволі актыўная дыскусія на тэму, ці магчымыя ў Беларусі кардынальныя эканамічныя рэформы пры цяперашняй палітычнай уладзе. Спадар Багданкевіч, ці згодны вы з тым, што ў беларускім кіраўніцтве сфармавалася групоўка маладых чыноўнікаў, якія маюць добрую (часам замежную) адукацыю і выступаюць за сапраўдныя эканамічныя перамены?

Лукашэнка проста ня можа прызнаць уласную віну за той тупік у эканоміцы, які мы сёньня назіраем.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: Калі пасачыць за выступамі дарадцы прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях Рудага і намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Снапкова, то іхнія погляды на неабходнасьць мадэрнізацыі эканамічнай сыстэмы больш як на 90 працэнтаў супадаюць з поглядамі апальнага Станіслава Багданкевіча. Іншая справа, што выступы Рудага апошнім часам заканчваюцца пэсымістычна. Ён ня кажа, што галоўны бар’ер на шляху да пераўтварэньняў — аўтарытарная ўлада, што патрабуецца зьмяняльнасьць палітычнай эліты дэмакратычным шляхам.

Я паслухаў выступ Лукашэнкі на інаўгурацыі, і ён наўпрост заявіў, што ніякіх рэформаў не дапусьціць.

Цыганкоў: А як бы вы патлумачылі такую супярэчнасьць? Лукашэнка кажа, што ніякіх рэформаў не патрэбна, а ягоныя чыноўнікі кажуць нешта адваротнае.

І я разумею Лукашэнку, які лічыць, што зьмена сацыяльнай мадэлі — большая рызыка для ягонай улады.

Багданкевіч: Лукашэнка проста ня можа прызнаць уласную віну за той тупік у эканоміцы, які мы сёньня назіраем. Ён абараняе сваю мадэль, «самую лепшую ў сьвеце». А ягоныя памочнікі, будучы эканамістамі больш сьпелымі, ня могуць не прызнаваць рэаліяў.

Я нядаўна быў у Маладэчне, дзе найбуйнейшы прыборабудаўнічы завод, — там працавалі некалькі тысяч чалавек, а сёньня працуе 200. Буйны завод жалезабэтонных вырабаў скараціў колькасьць працоўных у дзясяткі разоў. Гэта і ёсьць не прызнаваная ўладамі рэальная структурная перабудова прамысловасьці. Проста рэфарматары прапануюць гэтую структурную перабудову рабіць цывілізавана.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: У Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў — розная лёгіка. Прадстаўнікі ўраду зыходзяць зь лёгікі эканамічнай. Перад імі пастаўленая задача — вывесьці эканоміку з крызісу, забясьпечыць рост. І яны, зыходзячы з гэтай лёгікі, прапануюць неабходныя рэформы.

Лукашэнка ж глядзіць з гледзішча палітычнага — ці прывядуць гэтыя рэформы да пагрозаў ягонай уладзе. Ці захаваньне статус-кво — гэта большая рызыка. І становіцца ўсё больш відавочным, што задачы разьвіцьця краіны і задача ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам ня толькі не супадаюць, а ўсё больш разыходзяцца ў розныя бакі, становяцца супрацьлеглымі, узаемавыключальнымі і нават антаганістычнымі. І я разумею Лукашэнку, які лічыць, што зьмена сацыяльнай мадэлі — большая рызыка для ягонай улады.

Цыганкоў: З пункту гледжаньня Лукашэнкі — навошта мяняць сыстэму, якая 20 гадоў давала нейкі вынік?

Карбалевіч: Так, відавочна, ён сапраўды разьлічвае, што нешта палепшыцца, цэны на нафту падымуцца, і Расея зноў пачне закупляць нашу прадукцыю. Але нават большасьць насельніцтва, як сьцьвярджаюць сацыёлягі, заяўляе, што ў краіне існуе эканамічны крызіс.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Жаліба: Мадэль неяк працавала, калі быў узнаўленчы рост эканомікі пасьля цяжкіх 90-х. Калі быў энэргетычны грант у выглядзе танных цэнаў на нафту і газ, калі быў расейскі рынак, які купляў беларускую прадукцыю. Усё гэта мінула, мадэль ня можа працаваць у новых умовах. І няма прыкметаў, што ўмовы зьменяцца.

Снапкоў мае рацыю, калі кажа, што трэба падзяліць функцыі дзяржавы як рэгулятара і ўласьніка. Але гэта азначае глыбокую прыватызацыю. У нас жа асноўныя пакеты акцыяў — у Міністэрства эканомікі, а на мясцовым узроўні — у выканкамах. Лукашэнка ажыцьцяўляе ручное кіраваньне эканомікай, сам вырашае галоўныя пытаньні прадпрыемстваў.

Снапкоў кажа, што трэба пераходзіць ад дырэктыўных да індыкатыўных паказьнікаў, якія маюць рэкамэндацыйны характар. Але ж Лукашэнка прызвычаіўся камандаваць дырэктарамі, каб яны стаялі ў струнку перад імі. А ў выпадку прыняцьця прапановы Снапкова гэтага ўжо ня будзе. Вось і Руды кажа, што рэформаў пакуль ня будзе, бо народ да іх не гатовы.

Снапкоў і Руды гавораць правільныя рэчы, але ўжо з аглядкай на свайго шэфа, каб не палезьці паперад бацькі ў пекла

Цыганкоў: Хоць сацыялёгія паказвае, што большасьць людзей якраз выступае за больш рынкавую эканоміку, за зьмены.

Жаліба: Вядома, бо людзі разумеюць, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве рэформы выведуць на лепшы ўзровень жыцьця, як гэта было ў Польшчы. Я адчуваю, што Снапкоў і Руды гавораць правільныя рэчы, але ўжо з аглядкай на свайго шэфа, каб не палезьці паперад бацькі ў пекла. То бок мы бачым, што рэформы так ці іначай уваходзяць у супярэчнасьць з аўтарытарнай сыстэмай улады. І гэта было адчувальна ў апошнім выступе Лукашэнкі на інаўгурацыі.

Цыганкоў: У сярэдзіне 90-х быў даволі кароткі час у гісторыі Беларусі, калі ўлада праводзіла рэформы. Тады кіраўніком ураду быў Міхаіл Чыгір, а кіраўніком Нацбанку — Станіслаў Багданкевіч. Дык усё ж нават пры гэтым кіраўніку нейкія рэформы магчымыя?

Багданкевіч: Я ня думаю, што можна параўноўваць тую сытуацыю зь цяперашняй. Тады ў Лукашэнкі не было ніякай праграмы, ніякага досьведу. Я памятаю, як ён сказаў падрыхтаваць яму праграму першачарговых захадаў. Мы падрыхтавалі, ён яе зацьвердзіў, ня гледзячы. Але потым даволі хутка, цягам году, ад яе адмовіўся.

Я думаю, каб расейцы і МВФ не далі далей грошай, то са скрыпам, але нейкія рэформы былі б зробленыя — куды б ён падзеўся!

Я думаю, каб расейцы і МВФ не далі далей грошай, то са скрыпам, але нейкія рэформы былі б зробленыя — куды б ён падзеўся! Але, выступаючы на інаўгурацыі, Лукашэнка цьвердзіў, нібыта нехта патрабуе адмовіцца ад усіх дасягненьняў. Гэты выступ настолькі не адпавядаў рэаліям, што ўзьнікае сумнеў, ці не пагоніць ён сваіх дарадцаў у адстаўку.

Цыганкоў: У нашай перадачы «Інтэрвію тыдня» Аляксандар Фядута прывёў прыклад рэформаў, якія зрабіў расейскі цар Аляксандар II, адмяніўшы прыгоннае права. Ці так ужо немагчымыя рэформы, ці абавязкова яны пагражаюць уладзе? У сёньняшняй Расеі вялікі працэнт прыватнага бізнэсу. Але ён не ўяўляе ніякай пагрозы ўладзе Пуціна. Чаму б Лукашэнку не дапусьціць больш прыватнага сэктару?

Карбалевіч: Натуральна, рынкавыя рэформы могуць быць эфэктыўнымі нават пры аўтарытарнай уладзе, што паказалі краіны Ўсходняй Азіі. Але мы ведаем і шмат прыкладаў, калі рэфарматары шмат гублялі. Той жа Аляксандар II загінуў ад рук рэвалюцыянэраў.

Вядома, можна пачынаць рэформы, разьлічваючы, што новыя алігархі будуць заставацца пад кантролем, як у Казахстане. Але ня факт, што сытуацыя можа разьвівацца менавіта так. Яна можа пайсьці па ўкраінскім сцэнары ці па расейскім часоў Ельцына, калі алігархі моцна ўплывалі на палітыку, мелі тэлеканалы і фракцыі ў парлямэнце.

Жаліба: Лукашэнка ва ўсім тройчы перастрахоўваецца. Я думаю, што структурныя рэформы проста несумяшчальныя зь сёньняшняй аўтарытарнай палітычнай мадэльлю. У лепшым разе можна чакаць нейкую імітацыю рэформаў. Што да Казахстану, то ў Назарбаева хапіла розуму не сварыцца з Захадам, атрымліваць адтуль сучасныя тэхналёгіі. Я застаюся пэсымістам. Думаю, Лукашэнка атрымае чарговы расейскі крэдыт і будзе чакаць лепшага эканамічнага надвор’я.

Багданкевіч: Калі рэзкае пагаршэньне сытуацыі будзе працягвацца, то пэўныя рэформы непазьбежныя, нават пры гэтым кіраўніцтве. А сёньня нібыта ня ўсё так кепска — збалянсаваны замежнагандлёвы балянс, няма вялікага абвалу. Але ёсьць абвал узроўню жыцьця, — аднак народ нібыта не заўважае гэтага. Таму я мяркую, што наша бліжэйшая будучыня — гэта стагнацыя, пагаршэньне ўзроўню жыцьця. На жаль, пасьля 20 гадоў аптымізму я пераходжу на бок пэсымістаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG