Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У БДУ такога не было даўно» — студэнты сабралі 2,5 тысячы подпісаў супраць платных пераздач


Ілюстрацыйнае фота (выпускнікі ліцэя БДУ)

Ілюстрацыйнае фота (выпускнікі ліцэя БДУ)

Навучэнцы галоўнага ўнівэрсытэту краіны пратэстуюць супраць увядзеньня платы за пераздачу іспытаў і залікаў.

Пра тое, што за пераздачы, магчыма, давядзецца плаціць, адміністрацыя БДУ абвясьціла на пачатку лістапада. Кажуць, што рашэньне яшчэ не прынятае, але пры абмеркаваньні спасылаюцца на досьвед большасьці беларускіх ВНУ, дзе такая практыка існуе даўно.

З прапанаванай адміністрацыяй пэрспэктывай плаціць за непасьпяховасьць не пагадзіліся найперш студэнты гістарычнага факультэту. Пазьней да іх далучыліся і іншыя. Маладыя людзі стварылі суполку «Ўкантакце» і зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй, зь якой маюць зьвярнуцца ў адміністрацыю.

«Мы па навінах пабачылі, што ў БДУ зьбіраюцца ўвесьці платныя пераздачы іспытаў і залікаў, — распавёў Радыё Свабода адзін з актывістаў кампаніі. — Спачатку дзяржаўныя СМІ пра гэта паведамілі, а пасьля ўжо ў дэканатах сабралі ўсіх старастаў і афіцыйна пра гэта абвясьцілі. Нам гэта адпачатку не спадабалася. Мы напісалі калектыўны зварот. 5 дзён зьбіралі подпісы супраць і сабралі дзьве з паловай тысячы. Зараз будзем аддаваць у адміністрацыю».

Навучэнцы мяркуюць, што такім чынам адміністрацыя БДУ спрабуе папоўніць свой бюджэт. Вы ўсё яшчэ лічыце, што БДУ — Альма-матэр? Альма-матэр перакладаецца з лаціны як „маці, якая корміць“. Здаецца, Рада БДУ трохі пераблытала сэнсы.

Яны параўналі беларускія новаўвядзеньні з тым, што робяць у такіх выпадках у іншых краінах.

«У Балёнскай сыстэме ўвогуле не прадугледжаныя пераздачы. У Расеі ў верасьні выйшаў дакумэнт, які катэгарычна забараняе браць плату за пераздачы. А ў нас, наадварот, хочуць зрабіць платным усё, — тлумачыць студэнт. — У пэрспэктыве, нібыта, хочуць браць грошы за пропускі сэмінарскіх заняткаў і лябараторных прац. У некаторых інстытутах нават за пропускі лекцыяў бяруць грошы, напрыклад, у Інстытуце бізнэсу і мэнэджмэнту пры БДУ».

Хлопец кажа, што сярэдняя стыпэндыя ў студэнтаў-бюджэтнікаў — 800 тысяч рублёў. «Гэта капейкі, пражыць на якія немагчыма. Заплаціць за інтэрнат, тэлефон, інтэрнэт — і ўсё, месяц не пражыць. А калі яшчэ і за пераздачы плаціць?!»

На яго думку, у студэнтаў дастаткова матывацыі вучыцца добра, а браць грошы за пераздачы — мера проста «рэпрэсіўная».

«Калі студэнта-бюджэтніка адпраўляюць на пераздачу, то яго пазбаўляюць стыпэндыі на бліжэйшыя паўгода — да наступнай сэсіі. Гэта ўжо пакараньне. Калі студэнт добра здае сэсію, то стыпэндыя ўзрастае. Гэта матывацыя», — кажа студэнт.

Студэнты-платнікі за добрую вучобу могуць атрымаць зьніжку на плату за навучаньне, што іх таксама матывуе.

Мы абышлі мноства факультэтаў і інтэрнатаў. Заўважылі, што практычна ўсе супраць гэтага.

«Мы абышлі мноства факультэтаў і інтэрнатаў. Заўважылі, што практычна ўсе супраць гэтага. Мы пасьпелі прыцягнуць увагу СМІ. Пра нас напісалі tut.by і Onliner», — кажа студэнт.

«Мне здаецца, у апошнія гады ў БДУ ці ў іншых унівэрсытэтах такога не было, каб студэнты выступілі супраць хоць чаго-небудзь. Нават падчас выбараў маўчалі».

Хлопец кажа, што сам не баіцца, што пацерпіць за сваю актыўнасьць.

«Захад здымае санкцыі супраць Беларусі, мы ўступаем у Балёнскую сыстэму. Ня думаю, што будуць дзейнічаць жорстка. У нашай жа дзейнасьці няма аніякай палітыкі», — тлумачыць студэнт сваю ўпэўненасьць. — Мы адстойваем свае правы. Ня думаю, што хаця б кагосьці адлічаць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG