Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка Пуціна і малады мільярдэр


Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў

Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў

Расьсьледаваньне агенцтва Reuters пра новае пакаленьне ў атачэньні прэзыдэнта Расеі.

З тых часоў, як Уладзімір Пуцін прыйшоў да ўлады ў Расеі, многія яго сябры сталі ўладальнікамі велізарных актываў. Але ня сам прэзыдэнт — ва ўсялякім выпадку, так сьцьвярджаюць яго прыхільнікі, якія лічаць, што Пуцін «вышэйшы» за ліхаманку ўзбагачэньня, якой адзначаны час ягонага кіраваньня.

Сёлета ў красавіку Пуцін задэкляраваў даходы ў памеры 7.650.000 расейскіх рублёў. Яму належаць дзьве невялікія кватэры і гараж. Дачка Пуціна Кацярына дасягнула фінансавага посьпеху куды большага, чым яе бацька. Як паказвае расьсьледаваньне агенцтва Reuters, ёй удалося гэта пры падтрымцы магутных сяброў прэзыдэнта Расеі.

Андрэй Акімаў, старшыня праўленьня «Газпромбанку», паведаміў карэспандэнту Reuters, што сустракаўся з Кацярынай, якой цяпер 29 гадоў, яшчэ калі яна была дзіцем. Бачыў ён яе і ў менш аддаленыя часы. Паводле Акімава, Кацярына жыве пад прозьвішчам Ціханава (яе ідэнтычнасьць ўжо не аднойчы абмяркоўвалася ў СМІ і сацыяльных сетках — РС). Кацярына называе сябе жонкай Кірыла Шамалава, сына Мікалая Шамалава, даўняга сябра прэзыдэнта Пуціна. Шамалаў-старэйшы — акцыянэр банку «Россия», які амэрыканскія ўлады лічаць банкам расійскай эліты.

Накапленьні, актывы і маёмасьць Кірыла і Кацярыны, на думку фінансавых аналітыкаў, зь якімі сустрэліся карэспандэнты Reuters, ацэньваецца прыкладна на 2 мільярды даляраў. Большая частка — доля ў буйной нафтахімічнай кампаніі, набытая Кірылам Шамалавым у Генадзя Цімчанкі, іншага старадаўняга сябра прэзыдэнта Пуціна. Ва ўласнасьці маладой пары таксама віла ў ваколіцах курорту Біярыцы ў Францыі — яна ацэньваецца на $3,7 млн. Гэтую нерухомасьць Кірыл Шамалаў таксама купіў у Генадзя Цімчанкі.

Дом у Біярыцы, які належыць Кірылу Шамалаву

Дом у Біярыцы, які належыць Кірылу Шамалаву

Кацярына Ціханава ўзначальвае праект «Иннопрактика» пры Маскоўскім унівэрсытэце. Паводле дадзеных Reuters, у яго рамках яна падпісала з шэрагам дзяржаўных арганізацый кантракты на суму некалькі мільёнаў даляраў. Няма ніякіх прыкметаў таго, што гэтыя зьдзелкі прынесьлі які-небудзь прыбытак асабіста ёй. Кацярына працуе над рэалізацыяй пляну рэканструкцыі МДУ, які ацэньваецца на $1,7 млрд.

Старэйшая дачка Пуціна, Марыя, таксама зьвязаная з Маскоўскім унівэрсытэтам. Яна — выпускніца факультэту фундамэнтальнай мэдыцыны МДУ, спэцыяліст у галіне эндакрыналёгіі. Абедзьве дачкі Пуціна і Кірыл Шамалаў адмовіліся даць якія-небудзь камэнтары для Reuters. Прадстаўнік Генадзя Цімчанкі таксама не пагадзіўся адказаць на пытаньне аб віле ў Біярыцы, заявіўшы, што «не гатовы камэнтаваць пытаньні асабістага характару».

Кацярына і яе 33-гадовы муж належаць да маладога пакаленьня расейскай эліты, якое займела вялікімі грошы і высокі сацыяльны статус дзякуючы сувязям сваіх высокапастаўленых бацькоў. Гэта чымсьці нагадвае так званых «прынцаў» у Кітаі — - дзяцей і ўнукаў вышэйшых функцыянэраў кампартыі, якія паступова таксама займаюць высокія пасады і абзаводзяцца буйнымі накапленьнямі.

Паводле сацыёляга Вольгі Крыштаноўскай, якая была нейкі час у прапуцінскай партыі «Адзіная Расея», у палітыцы і буйным расейскім бізнэсе, зьвязаным зь дзяржавай, фармуецца «новая арыстакратыя», у якую ўваходзіць маладое пакаленьне, што атрымала ў спадчыну статус людзей з бліжэйшага атачэньня Пуціна. «Шмат хто ў расейскім грамадзтве лічыць, што гэтыя маладыя людзі не заслужылі такога становішча, і задаецца пытаньнем, а хто гэта, уласна, наагул такія», — адзначае Крыштаноўская.

Апазыцыйны лідэр Аляксей Навальны ў інтэрвію Reuters апісвае сытуацыю, як «нэафэадальную» сыстэму і адзначае, што яна падмінае пад сябе як дзяржаўны апарат, гэтак і буйны бізнэс. «У сёньняшняй Расеі цалкам нармальным лічыцца, калі рады дырэктараў дзяржаўных банкаў ўзначальваюць дзеці вышэйшых чыноў дзяржбясьпекі. Шмат каму з гэтых дзяцей у момант прызначэньня не было і 30 гадоў. Гэта ня проста дынастычная пераемнасьць. Дзеці ня проста пяроймуць пасады сваіх бацькоў, але і права наогул заняць такую пасаду, якую пажадаюць. Небясьпека ў тым, што ў хуткім часе ўсе асноўныя рэсурсы Расеі апынуцца ў руках пяці-сямі сем’яў», — кажа Навальны.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў на пытаньне Reuters аб тым, ці зьяўляецца Кацярына Ціханава дачкой Пуціна і ці замужам яна за Кірылам Шамалавым, адказаў: «У нас няма інфармацыі пра асабістае жыцьцё, сямейнае становішча, роднасныя сувязі, навуковую і навучальную дзейнасьць, удзел у якіх-небудзь канкрэтных праектах спадарыні Ціханавай і іншых асоб, згаданых ў вашым лісьце. У апошні час адносна сямейных сувязяў Уладзіміра Пуціна і, у прыватнасьці, яго дачок цыркулюе шмат чутак. Доля праўдзівай інфармацыі ў публікацыях такога роду сьмеху вартая».

Пасьля таго, як у 2000 годзе годзе яе бацька стаў прэзыдэнтам Расеі, Кацярыне ўдавалася доўгі час заставацца ў ценю. У 2011 годзе Уладзімір Пуцін у інтэрвію расійскаму тэлебачаньню паведаміў, што яна вывучала усходазнаўства ў Санкт-Пецярбургскім унівэрсытэце, спэцыялізуючыся на японскай мове і гісторыі. Пра яе дарослае жыцьцё было вядома няшмат — да таго часу, пакуль журналіст і папулярны блогер Алег Кашын ня апублікаваў у студзені гэтага году інфармацыю аб тым, што дачка прэзыдэнта працуе ў МДУ пад прозьвішчам Ціханава. Гэтае прозьвішча нібыта паходзіць ад імя яе прадзеда па матчынай лініі (бабулю звалі Кацярына Ціханаўна Шкрабнёва). Акрамя згаданага вышэй Андрэя Акімава з «Газпрамбанку», дзьве крыніцы з акадэмічнага асяродзьдзя, зьвязаныя з МДУ, пацьвердзілі, што Ціханава — дачка Уладзіміра Пуціна.

Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце Маскоўскага унівэрсытэту, Кацярына Ціханава «прымацаваная» да мэханіка-матэматычнага факультэту МДУ. З 2011 года яна пазначаная ў якасьці члена аўтарскага калектыву аднаго з падручнікаў матэматыкі і шасьці навуковых працаў. Тэмы гэтых работ тычацца, у прыватнасьці, касьмічнай мэдыцыны і рэакцыі чалавечага арганізма на стан бязважкасьці. Сярод суаўтараў большасьці гэтых работ паказаны рэктар унівэрсытэту — Віктар Садоўнічы. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні Reuters, але унівэрсытэт выступіў з заявай, у якім Ціханава характарызуецца як «таленавіты дасьледчык», вынікі працы якой «былі неаднаразова прадстаўленыя на навуковых сэмінарах і канфэрэнцыях». Як адзначаецца ў заяве, «мы не даем зьвестак пра прыватнае жыцьцё супрацоўнікаў».

У траўні 2013 Ціханава зрабілася дырэктарам зьвязанага з МДУ некамэрцыйнага фонду «Нацыянальнае інтэлектуальнае разьвіцьцё», а крыху пазьней — таксама кіраўніком Цэнтра нацыянальнага інтэлектуальнага рэзэрву. Абедзьве арганізацыі рэалізуюць праект «Иннопрактика», які ажыцьцяўляе падтрымку маладых навукоўцаў. Сярод супрацоўнікаў і дарадцаў праекта — Сяргей Чэмезаў і Мікалай Токараў, былыя афіцэры КДБ, блізкія да Пуціна яшчэ з часоў яго службы ў ГДР. У Дрэздэне яны жылі па суседзтву з Пуціным і яго сям’ёй. Цяпер Чэмезаў ўзначальвае дзяржаўную карпарацыю «Ростех», а Токараў — канцэрн «Транснефть». Акрамя таго, у апякунскую раду «Иннопрактики» уваходзяць кіраўнік кампаніі «Роснефть» Ігар Сечын і старшыня праўленьня «Газпромбанку» Андрэй Акімаў. Па словах Акімава, «я ведаў, што Ціханава — дачка Пуціна але, вядома, мы прынялі рашэньне падтрымліваць інавацыйныя праекты МДУ незалежна ад чыіх-небудзь сямейных сувязяў».

На думку банкіра, Ціханава не карыстаецца якімі-небудзь адмысловымі прывілеямі, а ён сам падтрымлівае плян рэканструкцыі МДУ незалежна ад удзелу ў ім дачкі расійскага прэзыдэнта. Пра сваю ролю і абавязкі ў «Иннопрактике» сама Ціханава нядаўна распавяла ў інтэрвію «Інтэрфаксу».

Па дадзеных з афіцыйных расейскіх крыніцаў, фонд «Нацыянальнае інтэлектуальнае разьвіцьцё», які ўзначальвае Ціханава, з 2013 года заключыў дамовы з дзяржкампаніям «Роснефть», «Росатом» і «Транснефть» на агульную суму 182 млн. рублёў. Зь дзесяці кантрактаў, зь якімі азнаёміліся карэспандэнты Reuters, 8 былі падпісаныя без правядзеньня тэндэру. Кантракты тычацца галоўным чынам правядзеньня дасьледчых работ у рамках МДУ. Прадстаўнік кампаніі «Роснефть» пацьвердзіў, што яны супрацоўнічаюць з унівэрсытэтам у 17 праектах, сукупны кошт якіх — 530 млн. рублёў.

Сёлета ў сакавіку гэтага года Кацярына Ціханава была прызначаная намесьнікам прарэктара МДУ. Невядома, ці аплачваецца яе праца на гэтай пасадзе. Адпаведны загад рэктара Садоўнічага апублікаваны на сайце унівэрсытэта, аднак імя Ціханавай няма ў афіцыйным сьпісе супрацоўнікаў — хоць яна фігуруе ў якасьці сябра навуковай рады МДУ.

Дзейнасьць Кацярыны Ціханавай зьвязаная ня толькі з Маскоўскім унівэрсытэтам. Яна ня першы год займаецца акрабатычным рок-н-ролам. У 2013 годзе яна і яе партнэр занялі пятае месца на чэмпіянаце сьвету ў Швэйцарыі. Цяпер Ціханава — кіраўнік двух аргкамітэтаў Усерасейскай фэдэрацыі акрабатычнага рок-н-ролу. Сярод спонсараў фэдэрацыі — кампаніі «Сібур», «Новатек» і «Газпрамбанк». Усе яны цалкам або часткова кантралююцца людзьмі з «блізкага кола» прэзыдэнта Расеі. Сярод іх — Генадзь Цімчанка, Кірыл Шамалаў і яго старэйшы брат Юры. Усе пералічаныя кампаніі значацца і на сайце «Иннопрактики» у якасьці яе партнэраў. Прадстаўнік кампаніі «Сібур» кажа, што гэтая фірма актыўна спансуе розныя віды спорту — у тым ліку шэраг расейскіх хакейных і футбольных клюбаў, каманду «Формулы-1» і баскетбольную фэдэрацыю.

Інфармацыя аб магчымай сувязі Кацярыны Ціханавай і Кірыла Шамалава зьявілася ў пачатку гэтага года — у паведамленьнях РБК ТБ і блогу Алега Кашына. Паводле іх дадзеных, пара наведала Швэйцарыю. Як удалося высьветліць Reuters, падчас гэтай паездкі Ціханава прадстаўлялася як «жонка» Шамалава.

У Францыі гэтаму маладому бізнэсоўцу належыць дом на авэню генэрала МакКроскі ў Біярыцы плошчай каля 300 кв. мэтраў, з прылеглым зямельным участкам (садам) плошчай 2000 кв. м. Дом пабудаваны ў 1950-х, яго цяперашні кошт — каля 3,5 млн. эўра, кажа П’ер Фурэй, архітэктар, які праводзіў сем гадоў таму рэканструкцыю будынку. Паводле дакумэнтаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, папярэднім уладальнікам вілы быў Генадзь Цімчанка. У верасьні 2007 году Цімчанка і яго жонка Алена Ермакова зарэгістравалі з мэтай набыцьця нерухомасьці SCI кампанію SCI Atlantic. 15 лістапада 2012 года долі капіталу гэтай фірмы, якія належаць Цімчанку і яго жонцы, былі пераведзеныя на імя Кірылы Шамалава. Сума апэрацыі невядомая. Суседзі кажуць, што ня бачылі маладую пару ў Біярыцы. Прадстаўнік Генадзя Цімчанкі адмовіўся ад камэнтароў з нагоды нерухомасьці ў Біярыцы, заявіўшы толькі, што купля-продаж ажыцьцяўлялася «па рынкавым кошце».

Гэты дом — толькі невялікая частка актываў Шамалава, якія растуць. У 2008 годзе ён увайшоў у праўленьне холдынгу «Сібур», які працуе ў газавай і нафтахімічнай галінах. Шамалаў набыў 4,3 працэнта акцый «Сібур», а ў 2014 годзе — яшчэ 17 працэнтаў, зноў жа ад Цімчанкі. У мінулым годзе «Сібур» абвясьціў аб бягучых даходах на 361 мільярд рублёў і аб прыбытку на 25 мільярдаў. Кошт 21 працэнта акцый «Сібур», якія належаць Кірылу Шамалава, паводле ацэнкі аналітыкаў, прыкладна $ 2 млрд. Цана, за якую Шамалаў набыў гэтую долю капіталу кампаніі, таксама не агучваецца. Прадстаўнік «Сібур» заявіў Reuters, што кампанія «не камэнтуе асабістае жыцьцё нашых мэнэджэраў і членаў рады дырэктараў».

У параўнаньні з маладым пакаленьнем расійскай эліты, Уладзімір Пуцін, калі меркаваць па яго дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, застаецца чалавекам сярэдняй клясы. Адна з яго ўласных кватэр знаходзіцца ў Маскве, іншая — у Пецярбургу. Якой-небудзь уласнасьці за мяжой у дэклярацыі ня значыцца. Прэс-сакратар прэзыдэнта не аднойчы абвяргаў зьвесткі аб велізарнай віле, пабудаванай на ўзьбярэжжы Чорнага мора і празванай СМІ «палацам Пуціна». У мінулым годзе агенцтва Reuters паведамляла, што будаўніцтва гэтага аб’екту было часткова прафінансавана Мікалаем Шамалавым — бацькам Кірыла, меркаванага мужа дачкі Пуціна.

Іншая дачка Пуціна, спэцыяліст па біямэдыцыне

Старэйшая дачка Уладзіміра Пуціна Марыя трымаецца яшчэ больш у ценю, чым яе сястра. Агенцтва Reuters ня здолела знайсьці ніякіх пацьверджаных фотаздымкаў Марыі.

Яна нарадзілася 28 красавіка 1985 году, вывучала біялёгію ў пецярбургскім унівэрсытэце і мэдыцыну ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Паводле паведамленьняў расейскай і заходняй прэсы, яна выйшла замуж за галяндзкага бізнэсоўца Ёрыта Ёста Фаасэна. Па некаторых дадзеных, яна жыла ў Нідэрляндах нейкі час, але гэта немагчыма праверыць.

Сёлета Пуцін заявіў, што абедзьве яго дачкі жывуць у Маскве, але ня даў ніякіх дэталяў.

Прозьвішча Марыі цяпер Фаасэн, і пад гэтым імем яна робіць кар’еру ў біямэдыцыне, спэцыялізуючыся ў дасьледаваньнях эндакрыннай сыстэмы, згодна з навуковымі публікацыямі.

Яе імя паказана на сайце «Ісьціна», дзе сабраныя зьвесткі пра супрацоўнікаў МДУ і іх працы, сярод некалькіх аўтараў працы «Стан антыаксыдантнай сыстэмы крыві ў пацыентаў з акрамэгаліяй».

Марыя зьяўляецца кандыдатам навук і супрацоўнічае з эндакрыналягічным навуковым цэнтрам у Маскве, які вядзе дабрачынны праект дапамогі дзецям з захворваньнямі эндакрыннай сыстэмы «Альфа-Энда».

У электронным лісьце Reuters Марыя адказала, што ўсе запыты аб інфармацыі адносна цэнтра павінны быць адрасаваныя яго кіраўніцтву. Яна не адказала на пытаньні пра тое, калі яна выйшла замуж і ці ўплывае становішча яе бацькі на яе кар’еру.

«Альфа-Энда» фінансуецца «Альфа-Банкам», найбуйнейшым расейскім банкам зь філіяламі ў ЗША, Вялікабрытаніі і на Кіпры. Найбуйнейшым акцыянэрам зьяўляецца Міхаіл Фрыдман, мільярдэр з інтарэсамі ў банкаўскай сфэры, энэргетыцы і тэлекамунікацыйным бізнэсе. Прадстаўнік банку заявіў агенцтву Reuters: «Альфа-банк», і больш шырока — «Альфа-груп» зьяўляецца фінансавым спонсарам праекта, і гэта ўсё. Нам невядома, хто яшчэ ўдзельнічае ў праекце«.

Муж Марыі працаваў у «Газпромбанку», буйным банку з моцнымі сувязямі ў асяродзьдзі Пуціна. Па меншай меры да жніўня гэтага года Ёрыт Ёст Фаасэн пазначаўся на сайце расейскай кансалтынгавай групы «МЭФ аўдыт» у якасьці намесьніка старшыні. Цяпер ён ужо ня значыцца на гэтым сайце і не адказаў агенцтву Reuters на просьбы аб камэнтары.

Новыя зоркі другога пакаленьня расейскай эліты

Барыс Кавальчук. Нарадзіўся ў 1977 годзе, сын Юрыя Кавальчука — заснавальніка і найбуйнейшага трымальніка акцый банку «Россия», а таксама сузаснавальніка разам з Уладзімірам Пуціным дачнага каапэратыву «Возера». Барыс зьяўляецца Генэральным дырэктарам холдынгавай кампаніі «ИнтерРАО». На просьбу Reuters аб камэнтары не адказаў.

Юрый Шамалаў. Брат Кірыла Шамалава, старэйшы сын старога сябра Пуціна Мікалая Шамалава. Юрый Шамалаў — намесьнік старшыні рады дырэктараў «Газпромбанку», прэзыдэнт «Газфонд» — найбуйнейшага пэнсійнага фонду Расеі. Пры гэтым «Газфонд» — найбуйнейшы акцыянэр «Газпромбанку». Таксама не адказаў на просьбу аб камэнтары для Reuters.

Ігар Ратэнбэрг, 42 гады. Яму былі перададзеныя значныя актывы яго бацькі, Аркадзя Ратэнберга, які разам з Пуціным займаўся дзюдо. Ратэнбэрг-старэйшы ператварыўся ў мільярдэра у той час, калі Пуцін выбудоўваў «вэртыкаль улады». Прададзеныя Ігару Ратэнбэргу актывы ўключаюць у сябе 79 адсоткаў акцый кампаніі «Газпром-Бурение », 28 адсоткаў акцый будаўнічай фірмы «Мостотрест», 33 працэнты холдынгу «ТПС», які займаецца зьдзелкамі зь нерухомасьцю. У пісьмовай заяве агенцтву Reuters Ігар Ратэнбэрг адзначае: «Вядома ж, дзякуючы бацьку, у мяне былі вельмі добрыя стартавыя пазыцыі. Цяпер я незалежны бізнэсовец і павялічваю свае актывы ў рынкавай канкурэнтнай барацьбе».

Раман Ратэнбэрг. Малодшы брат Ігара, нарадзіўся ў 1981 годзе, любіць, як Пуцін, гуляць у хакей. Займаўся разьвіцьцём хакею ў Фінляндыі, віцэ-прэзыдэнт пецярбургскага хакейнага клюбу СКА, прэзыдэнтам якога зьяўляецца Цімчанка. З 2010 году — віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанку».

Іван Сечын. Сын Ігара Сечына, кіраўніка дзяржкампаніі «Роснефть». У студзені быў ушанаваны Пуціным дзяржаўнай узнагародай «за ўнёсак у разьвіцьцё нафта-газавага сэктару краіны» на працягу «працяглага пэрыяду часу». Пры гэтым, паводле дадзеных СМІ, Івану Сечыну каля 25 гадоў. Узнагароду атрымаў менш чым праз год пасьля пачатку працы намесьнікам начальніка аднаго з падразьдзяленьняў кампаніі «Роснефть». На запыт Reuters аб камэнтары не адказаў.

Андрэй Мураў, 1970 году нараджэньня. Сын былога генэрала КДБ Яўгена Мурава, кіраўніка з 2001 года Фэдэральнай службы аховы, якая займаецца аховай Пуціна, іншых вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, урадавых будынкаў. Старшыня праўленьня дзяржаўнай кампаніі «Фэдэральная сеткавая кампанія Адзінай энэргетычнай сыстэмы», галоўнага пастаўшчыка электрычнасьці ў Расеі. Акцыі кампаніі ёсьць на Лёнданскай фондавай біржы. На просьбу Reuters аб камэнтары не адгукнуўся.

Сяргей Іваноў-малодшы. Сын былога генэрала КДБ, кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргея Іванова. 35-гадовы Іваноў — дырэктар «Газпромбанку», старшыня праўленьня кампаніі «Согаз» — аднаго з найбуйнейшых страхавальнікаў на расейскім рынку. У мінулым годзе Іваноў-малодшы заявіў агенцтву Reuters, што пасаду яго бацькі «толькі ўскладняе яго працу ў „Газпромбанку “. Ад далейшых камэнтароў адмаўляецца.

Дзмітрый Патрушаў, 38 гадоў. Сын Мікалая Патрушава, кіраўніка Рады бясьпекі Расеі. З 2010 году — кіраўнік аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных банкаў Расеі — „Сельхозбанку“. Таксама не адказаў на запыт аб камэнтары Reuters.

Глеб Франк. Сын былога міністра транспарту Сяргея Франка. У 2010 годзе ажаніўся з дачкой старога сябра Пуціна Генадзя Цімчанкі Ксеніяй. Праз год 32-гадовы Франк быў уключаны ў склад рады дырэктараў буйной будаўнічай кампаніі „Стройтрансгаз“, саўладальнікам якой зьяўляецца Цімчанка. Адначасова Франк павялічыў сваю долю ў кампаніі „Русская Аквакультура“, якая займаецца разьвядзеньнем рыбы, выкупіўшы акцыі Цімчанкі. У чэрвені гэтага года кампанія ацэньвалася ў $26 млн. Паводле крыніц з атачэньня Франка, акцыі былі набытыя па рынкавай цане, аднак дзе Глеб Франк узяў сродкі, крыніцы не ўдакладняюць.

Пастскрыптум

Прэсавая служба «Газпромбанку» распаўсюдзіла заяву, у якой абвергла, што Андрэй Акімаў пацьвердзіў агенцтву Reuters інфармацыю аб тым, што Кацярына Ціханава з’яўляецца дачкой Пуціна. «Такіх заяваў спадар Акімаў не рабіў. Акімаў быў вельмі зьдзіўлены, што журналісты такога саліднага выданьня дапусьцілі ня проста скажэньне сказанага, а наўпроставую падтасоўку», — піша ў сваім паведамленьні прэс-служба банка, якую цытуе РБК.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, як паведамляе РИА «Новости», заявіў наступнае:

«Я магу абвергнуць інфармацыю, якая была выкладзена ў Reuters, вось яе я магу абвергнуць, прычым ужо з пэўнай заявай Акімава. Таму што ў Reuters было ўказана, што Акімаў сказаў, што нейкая грамадзянка з’яўляецца дачкой Пуціна. Вось гэта я магу абвергнуць, грунтуючыся на яго ж аспрэчаньні.

А што тычыцца таго, хто з’яўляецца дочкамі Пуціна, я вам сказаць не магу, бо ня маю такой інфармацыі і не павінен разьмяшчаць, таму што гэта не ўваходзіць у мае службовыя абавязкі», — заявіў Пяскоў.

XS
SM
MD
LG