Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты пратэстуюць супраць турыстычнай зоны «Курапаты»


Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Ў абарону Курапатаў», прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» заклікаюць неабыякавых грамадзянаў выказаць пратэст супраць спробы чарговага наступу на Курапаты.

Як паведаміла адна з актывістак Ганна Шапуцька, у адпаведнасьці з Генэральным плянам Менску, выстаўленым на абмеркаваньне прадпрыемствам «Менскграда», створана турыстычная зона пад назвай «Курапаты». Яна ўключае ў сябе «Водны цэнтар», «Выставачны цэнтар», Сьвята-Елісавецінскі праваслаўны манастыр і «Месца згубы ахвяраў масавых рэпрэсіяў Курапаты». Актывісты заклікаюць усіх неабыякавых людзей прыехаць на Камсамольскую, 8, дзе выстаўлены пэрспэктыўны праект разьвіцьця сталіцы, і выказаць свой пратэст у вуснай і пісьмовай форме, альбо напісаць ліст.

Камэнтуючы Свабодзе гэтую ініцыятыву, Ганна Шапуька сказала:

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

«Мы паглядзелі, што турыстычная зона — гэта аб’ект вельмі шырокага напаўненьня. Гэта ня проста маршрут ці аб’ект агляду, а шырокая інфраструктура з гатэлямі, пунктамі харчаваньня, крамы і гэтак далей. І вось турыстычная зона № 4 у гэтым пляне называецца «Курапаты». У нас узьнікае пытаньне: як можна было сумясьціць забаўляльнае — водны цэнтар, пазнавальны цэнтар манастыра і выставачны цэнтар — як можна было сумясьціць зь месцам масавых расстрэлаў у адну турыстычную зону і назваць «Курапаты»? І гэта тычыцца ня толькі Курапатаў — тое ж зроблена з Трасьцянцом, тое ж з Кальварыяй і Лошыцай. Гэта выглядае ня толькі недарэчна, а нават зьдзекліва. Я лічу, што гэтая сытуацыя падобная да сытуацыі з будаўніцтвам «Бульбаш-холу».

Ганна Шапуцька мяркуе, што ў рамках гэтай турыстычнай зоны на законных падставах распачне працу і «Бульбаш-хол», які будзе працаваць ня толькі як месца харчаваньня, а і як забаўляльны комплекс.

Аляксандар Акенцьеў

Аляксандар Акенцьеў

Адзін з аўтараў распрацаванага праекту Генпляну, галоўны архітэктар «Мінскграда» Аляксандар Акенцьеў мяркуе, што грамадзкія актывісты падымаюць шум беспадстаўна, і патлумачыў па сутнасьці наступнае:

«Для таго каб пазначаць нейкія аб’екты на тэрыторыі Менску ў некалькі гектараў, мы выкарыстоўваем геаграфічныя пазнакі. Вылучаем нейкі вядомы аб’ект, які мае геаграфічную прывязку і найбольш вядомы, які мае дапасоўваць і арыентаваць сваёй назвай.

Што тычыцца паўночнага кірунку, то мая вельмі паважаная калега Сьвятлана Сахарава ў групе распрацоўнікаў, якую я ўзначальваю, яна дала назву турыстычнай зоне паўночнай часткі Менску — „Курапаты“. У склад гэтай турыстычнай зоны ўваходзіць такі буйны праект, як Нацыянальны выставачны цэнтар, будаўніцтва якога плянуецца з боку гандлёвага цэнтру „BІGZ“, а таксама буйная зона каля Цнянскага вадасховішча, якое таксама мае стаць аб’ектам турызму. Уся гэтая зона названа зонай „Курапаты“.

Я зь імі, у прынцыпе, пагадзіўся. Мы паразмаўлялі з узаемнай павагай і пагадзіліся перагледзець гэтую назву. Магчыма, назавем „Цнянскае вадасховішча“, хоць гэтая назва вядомая і ня ўсім менчукам. На гэтым канфлікт інтарэсаў будзе вычарпаны. Апанэнтаў тут няма, ідэалёгіі таксама.

Разумею, што мая калега, абіраючы гэтую назву — „Курапаты“, кіравалася тым меркаваньнем, што гэта найбольш значны аб’ект, максымальна запатрабаваны для турыстычнага наведваньня. Калі гаворка вядзецца паводле тэматычнай скіраванасьці, то Курапаты — гэта сакральнае месца. І такія аб’екты, як Курапаты, як Трасьцянец, як Вайсковыя могілкі — яны будуць аб’яднаныя адным маршрутам. І такія прапановы таксама ёсьць, і Міністэрства спорту і турызму плянуе разьвіваць гэтыя пытаньні, дэталёва напаўняючы. А ў цяперашнім выпадку гаворка вядзецца выключна аб тэрытарыяльна-прасторавай арганізацыі».

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Кіраўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Ігар Кузьняцоў мяркуе, што ўключэньне Курапатаў у пералік аб’ектаў для турыстычнага наведваньня — добрая ініцыятыва гарадзкіх уладаў, але варта пільнай увагі яе ўвасабленьне ў рэальнае жыцьцё:

«Упершыню за ўсе гады Курапаты ўнесеныя ў турыстычны маршрут, і гэта пазытыўны момант. Ён стаўся ў выніку намаганьняў грамадзкасьці, і калі ён будзе напоўнены адпаведным зьместам, то гэта будзе вельмі важна.

Я ня бачу ў гэтай сытуацыі з назвай маршруту нейкага нэгатыўнага і наўмыснага дзеяньня, а бачу некампэтэнтнасьць спэцыялістаў-распрацоўшчыкаў. Да прыкладу, гэтая чацьвёртая зона, дзе ёсьць Курапаты, таксама ёсьць кірункам Мядзельскім — назавіце Мядзельскім. У ім знаходзяцца самыя разнаплянавыя аб’екты, якія ніяк не зьвязаныя паміж сабой тэматычна, а названыя — чацьвёртая турзона „Курапаты“. Таму ідэя, пэўна, была добрая, але, як заўсёды, добрае пры непрафэсійным падыходзе мае падобны вынік.

Падобная сытуацыя склалася і з комплексам „Трасьцянец“, дзе ў адной зьвязцы зь месцам пахаваньняў ёсьць гольф-клюб.​

Таму наўмыснага стаўленьня да Курапатаў тут няма, але ёсьць парушэньні адносна ўсіх аб’ектаў, якія маюць іншую спэцыфіку: лягер сьмерці Трасьцянец, Кальварыйскія могілкі і іншыя. Яны павінныя быць вынесеныя ў асобную турыстычную зону, і іх нельга зьмешваць з турызмам забаўляльнага зьместу.

Нас выслухалі з разуменьнем і паабяцалі ўнесьці зьмены ў Генэральны плян у адпаведнасьці з нашымі заўвагамі і прапановамі. Але мне таксама падаецца, што магчымая сытуацыя, якая адбылася ў свой час падчас абмеркаваньня ахоўных зонаў Курапатаў. Тады ў Бараўлянах адбылося грамадзкае абмеркаваньне, прапановы сабралі — і ўсё зрабілі наадварот. І „Бульбаш-хол“ застаўся, і зоны зьменшылі, і гэтак далей. Не хацелася б, каб гэтак жа адбылося і з абмеркаваньнем Генэральнага пляну па Курапатах і ў Менску».

XS
SM
MD
LG