Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычын, чаму беларусы на Дзяды не прыходзяць у Курапаты масава


Высакародны матыў памяці пра ахвяры датычыць кожнага і дае нагоду кожнаму адчуць еднасьць з уласным народам. Што замінае?

На першы погляд, нічога. Дазволенае шэсьце. Выходны дзень. Добрае надвор’е. Калісьці ў такі дзень пад ветрам і слотай сюды ішлі дзясяткі тысяч. Помню, заўсёды нечакана сустракаў кагосьці са свайго «іншага жыцьця» – са школы, з заводу, з арміі. На душы было ўзьнёсла – мы тут, усе, разам, мы нацыя.

Апошнія гады, як і заўсёды, шмат сьцягоў, усё па-ранейшаму выглядае прыгожа і ўзьнёсла, але людзей прыходзіць у разы меней, чалавек пяцьсот. І няма нечаканых сустрэч і няма адчуваньня, што мы тут нацыя, бо публіка на вуліцах, прыпынках і каля крамы пазірае на ўсё адстаронена, зь неразуменьнем. Чаму?

1. Бракуе інфармацыі. У часы масавых шэсьцяў абвесткі пра падзею ляпіліся ці не на кожным менскім пад’езьдзе і слупе. Цяпер гэтага няма, а інфармацыйна-палітычны інтэрнэт беларусы ў масе сваёй не чытаюць.

2. Бракуе асьветы. Людзі проста ня ведаюць, што такое Курапаты. Колішні выбух цікавасьці да сталінскіх расстрэлаў сышоў з ранейшымі пакаленьнямі, зьвесткі пра гэта не перадаюцца. Зь іншага боку, «ЛіМ» з артыкулам пра Курапаты даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасьцю.

3. Бракуе крэатыўнасьці. Канон добры, калі кожны год ён падаецца ў новай аблямоўцы. Шэсьці і мітынгі на мяжы 1990-х былі кожны год іншыя. То зьяўляліся скульптуры ў Курапатах, прыдумляўся адметны сцэнар, раздаваліся асьветныя матэрыялы, я ўжо не кажу пра разнастайнасьць прамоўцаў і творчае пераасэнсаваньне трагедыі. Яе зьмест нязьменны, але мы жывем, мяняемся і час мяняецца вакол нас.

4. Курапаты палітызаваныя. Хоць, па ідэі, гэта месца нацыянальнай трагедыі, усенароднае бяды, якая не разьбірала, хто які мае сьветапогляд. Па ідэі, гэта месца нацыянальнага яднаньня, а не разьяднаньня. Па ідэі.

5. Шэсьце ў Курапаты афіцыйна ладзіць КХП, якая апякуецца народным мэмарыялам. Як партыя закрытага тыпу, КХП і Дзяды ў Курапатах імкнецца зрабіць партыйным мерапрыемствам, што цалкам зразумела. КХП не займаецца ні інфармацыяй, ні асьветай і рэзка непрыхільна ставіцца да прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, у тым ліку і тых, што ўдзельнічаюць у шэсьці ў Курапаты. Партыя быццам мае манаполію на Курапаты. У сілу сваіх магчымасьцяў КХП змагаецца зь любымі спробамі ўдзельнічаць у доглядзе мэмарыялу і вывучэньні сталінскіх рэпрэсій, якія ідуць «збоку».

Выглядае, што ўсе пяць прычын абмяленьня людзкое плыні ў Курапаты на Дзяды ніяк непасрэдна не зьвязаныя зь дзейнасьцю таго ўладнага рэжыму, які пануе ў Беларусі, і могуць быць пераадоленыя ўнутры незалежнага беларускага грамадзтва ягонымі сіламі. Было б жаданьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG