Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: эканоміка Беларусі ў рэцэсіі, уратуюць толькі структурныя рэформы


Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім (справа) зь перакладчыкам
Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім (справа) зь перакладчыкам

Усясьветны банк прадставіў «Эканамічны агляд Рэспублікі Беларусь». Сьціплы рост эканомікі Беларусі адновіцца толькі ў 2017 годзе. А пакуль рэцэсія і інфляцыя абумовілі падзеньне рэальных заробкаў, даходаў насельніцтва. Але кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім пахваліў Нацыянальны банк і ўрад Беларусі за першыя крокі структурных рэформаў — палітыку таргетаваньня інфляцыі і адпушчаны рынкавы курс.

Эканоміка Беларусі ў рэцэсіі, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве прагназуецца стагнацыя, падзеньне як унутранага, так і зьнешняга попыту. Старшы эканаміст Усясьветнага банку Руслан Піянткіўскі агучыў такія лічбы:

«Прамысловасьць знаходзіцца ў адмоўнай зоне — больш за 7% падзеньне па выніках за апошнія 9 месяцаў. Сельская гаспадарка таксама падае — на 3%. У прынцыпе, па ўсіх ключавых паказьніках назіраецца зьніжэньне. Рэцэсія і інфляцыя абумовілі падзеньне рэальных заробкаў, даходаў насельніцтва. Адпаведна — прыватнае спажываньне таксама нязначна скарачаецца. Больш заўважнае падзеньне назіраецца ў інвэстыцыйнай дзейнасьці — другі год запар адбываецца скарачэньне інвэстыцыяў у асноўны капітал. За першыя 9 месяцаў — скарачэньне амаль на 14%».

Экспэрты азначылі пагаршэньне сытуацыі на рынку працы: колькасьць беспрацоўных павялічылася ў два разы, падвоілася і колькасьць людзей, якія працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасьці.

Узровень інфляцыі да верасьня склаў 11,9%, а за 9 месяцаў інфляцыя ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2014 году склала 14%.

Экспэрты адзначаюць, што курсавая палітыка шмат у чым вызначалася хістаньнем курсу расейскага рубля, якое, у сваю чаргу, было зьвязанае з ваганьнем кошту сыравінных тавараў, і ў першую чаргу нафты.

ВУП скароціцца на 3,5% да канца году — прагноз пакуль ранейшы. У 2016 годзе падзеньне працягнецца, але больш запаволена — на 0,5%.

«Магчымасьці для макраэканамічнага стымуляваньня эканомікі будуць нязначныя, таму за кошт павышэньня зарплат, за кошт пашырэньня квазіфіскальных захадаў будзе вельмі складана стымуляваць эканоміку, выйсьці на больш высокую дынаміку эканамічнага росту. Інфляцыя, на наш погляд, будзе заставацца ў двухзначных лічбах».

Вялікі ўзровень нявызначанасьці ў прагнозах, і гэта тычыцца ня толькі Беларусі, але і асноўных яе партнэраў, — з-за цэнаў на асноўныя сыравінныя тавары.

Асноўная задача — пазьбегнуць «пасткі» павольнага росту. Трэба выйсьці на вышэйшую траекторыю эканамічнага росту шляхам вырашэньня структурных праблемаў, да якіх адносяцца высокі ўзровень дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку, слабыя паказьнікі эфэктыўнасьці дзяржаўных прадпрыемстваў, пагаршэньне міжнароднай канкурэнтаздольнасьці і макраэканамічны дысбалянс, кажуць экспэрты Ўсясьветнага банку.

Беларускія вытворцы паступова страцілі свае канкурэнтныя пазыцыі на ўсясьветных рынках.

Таму патрабуецца дывэрсыфікацыя і новыя рынкі збыту. Адзін з мэханізмаў — уступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Сутнасьць меркаваных структурных зьменаў — гэта зьняцьце бар’ераў, якія перашкаджаюць весьці бізнэс больш эфэктыўна. Паводле экспэрта Ўсясьветнага банку Руслана Піянткіўскага, гэта магчыма за кошт вызваленьня рэсурсаў, якія сканцэнтраваныя на дзяржаўных прадпрыемствах і не заўсёды эфэктыўна выкарыстоўваюцца, у тым ліку — празь зьніжэньне падтрымкі ў выглядзе ільготных крэдытаў і рэструктурызацыі запазычанасьці. Рэсурсы будуць перацякаць зь менш эфэктыўных галін у больш эфэктыўныя.

Ян Чул Кім і Руслан Піянткіўскі (справа)
Ян Чул Кім і Руслан Піянткіўскі (справа)

Экспэрты рэкамэндуюць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве разьвіваць і павялічваць вытворчасьць харчовых прадуктаў, вырабаў са скуры, хімічную, тэкстыльную і цэлюлёзна-папяровую прамысловасьць. А ў некаторых галінах і зьніжаць вытворчасьць — гэта дрэваапрацоўка, вытворчасьць машын і абсталяваньня, а таксама электрычнага і аптычнага абсталяваньня.

А вось у сельскай гаспадарцы магчымы рост 6,3% на год — у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім кажа, што цягам 18 месяцаў вядуцца перамовы зь беларускім урадам наконт неабходнасьці правядзеньня структурных рэформ, ідуць дыскусіі, абмеркаваньні. І гэта нармальна, калі ёсьць нязгода, абмеркаваньне, дэбаты. Але, на зьдзіўленьне экспэртаў Усясьветнага банку, калі яны прадставілі дакумэнт ураду, нязгоды не было, наадварот, урад пагадзіўся з большасьцю абраных кірункаў, кажа спадар Ян Чул Кім:

«Таму я з упэўненасьцю магу сказаць, што ўрад хоча макраэканамічнай стабілізацыі і гатовы пайсьці на структурныя рэформы.

А вось калі ўрад не пагодзіцца правесьці структурныя рэформы, то праблемы, зьвязаныя з рэцэсіяй у эканоміцы, будуць захоўвацца,. Без рэформаў дзеля выхаду спатрэбяцца больш глыбокія зьмены і нават ахвяраваньні, і гэты працэс зойме даўжэйшы час».

Ян Чул Кім параіў беларускім уладам зьвярнуць увагу на досьвед структурных рэформаў у іншых краінах. Ён выказаў спадзяваньне, што калі на правядзеньне рэформаў будзе палітычная воля, то ў Беларусі ўсё атрымаецца:

«Я заўсёды казаў, што калі мы паглядзім на якасьць чалавечага капіталу ў Беларусі, на патэнцыял Беларусі ў інжынэрнай сфэры, у ІТ-сфэры, у вытворчасьці, у асноўных навуках, то няма прычын, з-за якіх прыбыткі народа, прыбыткі краіны ня могуць значна ўзрасьці. Калі і ёсьць у сьвеце такая краіна, у якой ёсьць бальшыня неабходных фактараў для пасьпяховага правядзеньня структурных рэформаў, то гэта якраз і будзе Беларусь».

Адзіная задача — перафарматаваць гэтыя фактары, каб беларускія вытворцы маглі быць канкурэнтаздольнымі на ўсясьветных рынках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG