Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча рэфінансаваць у 2016 годзе палову зьнешняга доўгу. Багданкевіч: «Жывем за кошт паяданьня зьнешніх крэдытаў»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць, што гэта значыць.

Першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі заявіў у пятніцу, 23 кастрычніка, што Беларусь у 2016 годзе мае намер рэфінансаваць палову зьнешняга доўгу. Паводле ягоных словаў, другая палова будзе выплочвацца за кошт уласных крыніцаў, агулам выплаты ў 2016 годзе складуць каля 3,3 млрд даляраў (у 2015-м, як чакаецца, Беларусь сплоціць 3,6 млрд, за студзень-верасень сплаціла 2,99 млрд).

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі, доктар эканамічных навук, прафэсар Станіслаў Багданкевіч тлумачыць Свабодзе, што ў такіх дзеяньнях няма нічога новага, але і нічога добрага:

«За тое, што мы ня станем пагашаць цэлы доўг за кошт унутраных рэсурсаў, кажа той факт, што мы просім крэдыт МВФ у 3 млрд, у Эўразійскім банку разьвіцьця — яшчэ 3–3,5 млрд. Атрымаем гэтыя сумы — і пагасім атрыманыя раней пазыкі.

Эканоміка ў тупіку, прэзыдэнт толькі што выказаўся, што будзе ўдасканальваць, а не мяняць тую мадэль эканамічнага разьвіцьця, якая завяла Беларусь у гэты тупік. Трэба казаць пра тое, што патрэбныя рэформы, патрэбныя сур’ёзныя, вялікія пераўтварэньні ў эканамічнай сыстэме, патрэбная праграма разьвіцьця. Нічога гэтага пакуль няма».

Такія самыя словы гаварыліся і дзесяць год таму, тым ня менш эканамічнага каляпсу не адбылося. За кошт чаго беларуская эканоміка яшчэ трымаецца?

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Калі мы даем такую ацэнку, мы ня кажам, што будзем жыць за кошт павелічэньня зьнешняй завінавачанасьці краіны. Бо ў нас валавая зьнешняя завінавачанасьць дзесяць год таму была пяць мільярдаў (4,68 млрд на 1 ліпеня 2005 году. — РС), а сёньня яна ўжо сорак мільярдаў (37,9 млрд на 1 ліпеня 2015 году. — РС). Мы жывём за кошт нарошчваньня зьнешняга доўгу, паяданьня зьнешніх крэдытаў. А таксама жывём за кошт прэфэрэнцыяў і датацыяў Расейскай Фэдэрацыі — атрымліваем сырую нафту для перапрацоўкі і зарабляем мільярды на гэтым, атрымліваем па 140 даляраў за 1000 куб.м газу, а сусьветная цана была яшчэ нядаўна больш за 300 даляраў, цяпер зьнізілася да 250 недзе.

Падтрымліваем пэўны ўзровень жыцьця, але зь цягам часу падтрымліваць яго ўсё цяжэй. Пры ўмове, што мы маем вельмі танную сыравіну, мы нясём вялізныя страты ад прамысловасьці. МАЗ, Трактарны завод, Гомсельмаш, мэталюргічны завод і гэтак далей. Наколькі я разумею, прэзыдэнт лічыць, што ня трэба радыкальных зьменаў — трэба проста атрымаць дадатковыя палёгкі ад Расеі, пачакаць, пакуль расейская эканоміка адбудуецца і пачне купляць нашу неканкурэнтаздольную прадукцыю, слабасільную на іншым рынку, апроч расейскага. І паядаць тое, што было створана мінулым пакаленьнем, прадаваць і спажываць дзяржаўныя актывы.

Будзем, відаць, далей разьлічваць на зьнешнюю падтрымку з Усходу за кошт страты сувэрэнітэту

Дваццаць гадоў такая палітыка апраўдвала сябе. Не рабілі пераўтварэньняў у эканоміцы, якія даўно насьпелі — і якія зрабілі палякі, што атрымліваюць зарплату ўдвая большую, чым мы (на жнівень 2015 году — у 2,44 раза большую: 939 супраць 384,6 эўра. — РС), і ня маюць зьнешніх даўгоў. Я думаў, што пачынаючы з наступнага году гэтая неэфэктыўная, адміністратыўна-камандная мадэль будзе асуджаная, а краіна пяройдзе на больш эфэктыўную мадэль, паводле якой разьвіваецца ўвесь сьвет... Бо ў нас жа падзеньне валавога прадукту, падзеньне рэальнай зарплаты, працяг агромністай інфляцыі, працяг абвалу валютнага курсу, з пачатку году больш як у паўтара раза (на самой справе на каля 20% са студзеня 2015 году, але на 50-60% са сьнежня 2014-га. — РС). Але апошнія заявы сьведчаць, што Лукашэнка гэтага рабіць ня будзе. Будзем, відаць, далей разьлічваць на зьнешнюю падтрымку з Усходу за кошт страты сувэрэнітэту».

Аб’ём падтрымкі з Усходу можа залежаць наўпрост ад стану расейскай эканомікі, у сваю чаргу залежнай ад цэнаў на энэрганосьбіты. Беларусь разьлічвае на 57 даляраў за барэль нафты, хоць некаторыя экспэрты прагназуюць і 45, і 30 даляраў за барэль. Ці ня зьменшаць расейскую падтрымку нізкія цэны на энэргарэсурсы і ці ня стане Беларусь больш інтэнсіўна шукаць «новых сяброў» у Кітаі ці Лацінскай Амэрыцы?

Ва ўмовах, калі падаюць заробкі… насельніцтва „аднадушна“ прагаласавала за гэты рэжым. Хай крыўдуюць на сябе, калі яны згодныя, хай цярпяць

«Адно другога не выключае. Але ў Расеі нават пры нізкіх цэнах на нафту ёсьць агромністыя золатавалютныя рэзэрвы, каля чатырохсот мільярдаў даляраў (371,2 млрд даляраў на 1 кастрычніка 2015 году. — РС). Даць беларусам нейкія 3–5 мільярдаў яна даволі ў стане, калі разглядаць бліжэйшыя год-паўтара. А Расея ж ізаляваная ад цывілізаванага сьвету, таму яна будзе, відавочна, аказваць дапамогу аднадумцу-Лукашэнку. Таму я ня бачу тут абвальнай праблемы.

Пагаршэньне ўзроўню жыцьця будзе, але яно і так ідзе. Ужо рэальныя даходы зьнізіліся, паводле афіцыйнай інфармацыі, на пяць адсоткавых пунктаў (на 5,3% на студзень-жнівень 2015-га да таго ж пэрыяду 2014 году. — РС), а паводле рэальнай — значна вышэй. Я часта прыводжу прыклад, што ў мінулым месяцы купляў свае лекі за 111 тысяч, сёньня заплаціў 147 тысяч (на 32,4% даражэй. — РС), а пэнсія ў мяне не падвышаецца.

Ва ўмовах, калі падаюць заробкі насельніцтва, падае валавы прадукт, працягваецца абясцэньваньне ашчаджэньняў, а сусьветнага крызісу, пра які часта кажа Лукашэнка, ужо даўно няма, насельніцтва „аднадушна“ прагаласавала за гэтую мадэль і гэты рэжым. Хай крыўдуюць на сябе, калі яны згодныя, хай цярпяць. Ну, абы не было вайны... хоць вайны няма ні ў Польшчы, ні на поўначы, ні ў Бэльгіі ці Галяндыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG