Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дно беларускай эканомікі — гэта заробак менш за 200 даляраў і пэнсіі менш за 100, — Раманчук


Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі за першыя дзевяць месяцаў 2015 году дэманструюць зьніжэньне па ўсіх асноўных кірунках.

Паводле апублікаваных Белстатам афіцыйных зьвестак, ВУП Беларусі за першае паўгодзьдзе зьнізіўся на 3,7% пры гадавым прагнозе росту 0,2–0,7%. Пры гэтым у Менску падзеньне ВУП склала 5,5%.

Аб’ёмы вытворчасьці прамысловай прадукцыі ўпалі на 7,1%, а ў Менску — аж на 15,6%. Інвэстыцыі ў асноўны капітал у сярэднім зьнізіліся на 13,9%, а ў Менску яны абрынуліся амаль на траціну — 30,8%.

Назіраецца падзеньне і аб’ёмаў прадукцыі сельскай гаспадаркі — на 3,1%. Прычым найгоршая сытуацыя — у Магілёўскай вобласьці: там падзеньне склала 9,7%.

Экспарт тавараў абрынуўся на 26,4% у цэлым па краіне, прычым у Віцебскай вобласьці — на 35,7%. Імпарт у Беларусі зьнізіўся на 25,6%, у сталіцы — на 32,6%.

Намінальная зарплата ў Беларусі за студзень-жнівень 2015 году склала 6 мільёнаў 594 тысячы рублёў — паводле курсу на сёньня гэта 381 даляр. Найбольш высокія заробкі пры гэтым у Менску (517 даляраў), а найбольш нізкія — у Берасьцейскай вобласьці (327 даляраў). Рэальная зарплата ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году зьнізілася на 3,1%.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што беларуская эканоміка яшчэ не дасягнула свайго дна.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Дна ў беларускай эканоміцы яшчэ не відаць. Тое, што мы бачым, гэта толькі нейкі прамежкавы вынік. Калі ўзяць пад увагу тое, што казаў Лукашэнка ўчора, гэты крызіс будзе працягвацца, таму што ён бярэ курс не на тое, каб ствараць новыя інстытуты разьвіцьця і росту, а каб кансэрваваць старое. А старое ўжо аджыло. Але для таго, каб людзі і ўлады зразумелі, што яно сапраўды аджыло, трэба нам прайсьці праз дно. А дно — гэта можа быць і заробак менш за 200 даляраў, і пэнсіі менш за 100, і паўнавартасны крызіс, калі на працягу 2–3 гадоў у нас будзе рэцэсія. Выхад з гэтай рэцэсіі можа быць толькі праз рынкавыя рэформы, але Лукашэнка казаў учора, што на гэта ён не пагодзіцца», — кажа Яраслаў Раманчук.

У дадзеных Белстату зьвяртае на сябе ўвагу тое, што амаль па ўсіх напрамках найгоршыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця назіраюцца ў Менску. Раманчук тлумачыць гэта тым, што ў сталіцы сканцэнтравана шмат буйных прадпрыемстваў, якія цяпер у вельмі цяжкім становішчы.

«Тут шмат прадпрыемстваў, якія па сутнасьці валаўтваральныя. І паколькі яны ў вельмі дрэнным стане, як сьведчыць даклад Міністэрства фінансаў пра стан адкрытых акцыянэрных таварыстваў, то нават прыватны бізнэс ня ў стане перакрыць гэты нэгатыў. Нават тое, што тут зарэгістраваныя кампаніі нафтавыя, калійная, кампаніі сувязі — гэтага не дастаткова, каб збалянсаваць тую рэцэсію, той крызіс, у які трапілі нашы буйныя яшчэ савецкія прамысловыя прадпрыемствы. Ну, і я думаю, што ратаваць іх толькі празь дзяржаўныя субсыдыі — гэта, як кажуць, проста закопваць жывыя грошы ў пясок», — падкрэсьлівае ён.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрвію Свабодзе зьвярнуў увагу на тое, што сытуацыя ў Беларусі можа крыху палепшыцца ў сувязі з ажыўленьнем расейскай эканомікі, што, паводле прагнозаў некаторых экспэртаў, можа адбыцца бліжэйшым часам.

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Расейскія эканамісты лічаць, што ў Расеі ўжо ніжняя дынаміка трэнду скончылася, пачнецца ажыўленьне эканомікі — стадыя, калі павялічыцца попыт, продажы і г.д. Па Беларусі казаць тое ж самае складана, але цалкам магчыма, што павелічэньне попыту на расейскім рынку пацягне за сабой нейкае павелічэньне вытворчасьці ў Беларусі. У нас падзеньне на расейскім рынку склала 30%, але цяпер яно можа вырасьці — шанцы для гэтага ёсьць», — кажа эканаміст.

А вось што тычыцца праграмы структурных рэформаў, якую анансаваў беларускі ўрад (чакаецца, што праграма будзе апублікаваная 28 кастрычніка), то Заіка ставіцца да гэтага скептычна.

«Праграмаў можна напісаць шмат. Былі праграмы, дзе апісваецца заробак у тысячу даляраў да 2015 году і ўсялякія цуды. Але Беларусі не патрэбныя рэформы, Беларусі трэба проста пісьменнае эканамічнае кіраўніцтва. Нармальнае разуменьне сытуацыі. Крызіс не патрабуе аднаўленьня нейкіх ранейшых парамэтраў. Крызіс — гэта час абнаўленьня вытворчасьці, гэта новыя ўкладаньні, стымуляваньне разьвіцьця новых сэктараў, новых кластэраў эканомікі. А пакуль у нас не было ніякай антыкрызіснай працы. А што да праграмаў на будучыню... Напісаць можна што заўгодна. Трэба проста спытаць: а што, раней не было магчымасьці праводзіць рэформы? Я лічу, што беларускі ўрад, беларуская эліта — яна проста нічога не разумее і ў эканамічным пляне ніякіх рэформаў зрабіць ня зможа — проста ня ўмеюць. Там сабралася досыць цікавая намэнклятурная кампанія, і чагосьці ад іх чакаць, на мой погляд, сэнсу няма», — кажа экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG