Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Лібэралізацыя немагчымая пры захаваньні дзейнага рэжыму


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» не чакае лібэралізацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі і не спадзяецца на афіцыйную рэгістрацыю БХД.

Пра гэта заявіў Радыё Свабода сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі пачынаецца разгляд скаргі аргкамітэту БХД на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць партыю.

Разьлічваць на станоўчы вынік не выпадае пасьля таго, якім чынам адбылася гэтая выбарчая кампанія.

«Разьлічваць на станоўчы вынік не выпадае пасьля таго, якім чынам адбылася гэтая выбарчая кампанія. Здаецца, што ў ніводнага разумнага чалавека не застаецца сумневаў у тым, што ў Беларусі нічога не зьмянілася. Па сутнасьці, выбары былі брутальна фальсыфікаваныя, былі фальсыфікаваныя бязглузда, бо тыя вялізарныя адсоткі нікому не былі патрэбныя. Гэты сыгнал на тое, што ў ніводнай з сфэр, ні ў грамадзкім, ні ў палітычным жыцьці Беларусі, зьменаў ня будзе. Таму станоўчага адказу суду мы не чакаем. Але, тым ня менш, будзем абскарджваць да канца на знак сваёй нязгоды, на знак таго, што ў Беларусі нічога не зьмянілася», — заявіў Рымашэўскі.

Паводле слоў сустаршыні БХД, падчас усіх папярэдніх адмоў у рэгістрацыі (а іх было ўжо чатыры) Мін’юст выкарыстоўваў адны і тыя ж фармулёўкі.

«Як казаў Лявон Вольскі, у гэтай краіне ўсё стабільна, але дэбільна. Таму адмовы і фармулёўкі ў адмовах тыя ж самыя, яны паўтараюцца ўжо 7 гадоў. І калі мы абскарджваем, мы адзначаем грубыя парушэньні законаў: гэта ціск на заснавальнікаў, гэта незаконныя патрабаваньні з боку Мін’юста наконт прадстаўленьня дакумэнтаў, якія не прадугледжаны законам аб рэгістрацыі, а таксама дробныя зачэпкі — напрыклад, што пазначаны хатні тэлефон заснавальнікаў, а ня хатні і працоўны. Гэта выглядае абсурдна, і мы на гэта ўказваем», — падкрэсьлівае ён.

Рымашэўскі кажа, што ня мае ніякіх спадзеваў на лібэралізацыю палітычнага рэжыму ў Беларусі, і прыпыненьне санкцыяў на гэта ніяк не паўплывае.

Калі казаць сур’ёзна пра рэальныя палітычныя вынікі, то ёсьць спадзеў, што гэтая „лібэралізацыя“ будзе азначаць толькі адно — што рэпрэсіі будуць менш жорсткімі.

«Лібэралізацыя немагчымая пры захаваньні дзейнага рэжыму. Нават самыя лепшыя прапановы тых людзей, якія будуць прапаноўваць рэформы для Беларусі, яны скончацца нічым, таму што грошы будуць скрадзены, выдаткаваны не на тое і дапамогуць хіба што пратрымацца беларускаму рэжыму яшчэ некалькі год. Што тычыцца тых людзей, якія былі ў гэтым „чорным сьпісе“, то, зразумела, іх жыцьцё, можа, і зьменіцца — яны змогуць наведаць Парыж і іншыя гарады Эўропы. Калі казаць сур’ёзна пра рэальныя палітычныя вынікі, то ёсьць спадзеў, што гэтая „лібэралізацыя“ будзе азначаць толькі адно — што рэпрэсіі будуць менш жорсткімі. Умоўна кажучы, людзей будуць затрымліваць, як і ў мінулую нядзелю на Плошчы, але ня будуць там жорстка даваць „суткі“, можа, ня будуць людзей жорстка зьбіваць, і замест арыштаў арганізатараў мерапрыемстваў ім будуць даваць вялізарныя штрафы, як гэта было з арганізатарамі акцыі пратэсту на плошчы Свабоды. Гэтым лібэралізацыя, бадай што, і скончыцца», — лічыць палітык.

Рымашэўскі падтрымлівае тое, што санкцыі супраць беларускіх уладаў былі прыпыненыя толькі на 4 месяцы.

Гэта 4 месяцы, якія дадуць магчымасьць правесьці тэст для беларускай улады і вызначыцца, ці можна рухацца далей.

«Я станоўча стаўлюся да таго, што гэтае рашэньне мае абмежаваны тэрмін — гэта толькі 4 месяцы. Гэта 4 месяцы, якія дадуць магчымасьць правесьці тэст для беларускай улады і вызначыцца, ці можна рухацца далей. Я лічу, што калі за гэтыя 4 месяцы ня будзе ніякіх зьменаў, у тым ліку ў пляне рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, то ні пра якае доўгатэрміновае зьняцьцё санкцыяў размова ісьці не павінна. Слабая надзея на тое, што хоць нешта ў гэтай краіне зьменіцца, захоўваецца ў эўрапейскіх чыноўнікаў, ну, а гэтыя 4 месяцы даюць магчымасьць гэтую надзею рэжыму Лукашэнкі спраўдзіць ці не. Але, на жаль, мае прагнозы такія, што ніякіх зьменаў у Беларусі не адбудзецца, а калі не адбудзецца зьменаў, то санкцыі павінны быць вернутыя», — упэўнены сустаршыня БХД.

XS
SM
MD
LG