Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: Гэта быў замах праз узьдзеяньне «хімічнага рэчыва»


Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, якога не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта, прывёў новыя доказы таго, што 28 жніўня яго спрабавалі атруціць, каб зьняць з прэзыдэнцкіх выбараў.

Віктар Цярэшчанка сабраў сёньня прэсавую канфэрэнцыю і распавёў новыя падрабязнасьці інцыдэнту ў кавярні «Грунвальд», пракамэнтаваў дзеяньні лекараў і сьледчых:

«Адразу скажу, што ўсё, што адбылося падчас гэтай выбарчай кампаніі з нашым штабам, было вялікай нечаканасьцю і расчараваньнем. Галоўная падзея, што адбылася ў найноўшай гісторыі Беларусі — гэта тое, што здарылася з адным з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта.

Тут, у офісе, дзе знаходзіцца наш штаб, 27 жніўня мы вырашылі, што назаўтра зьбяромся ў кавярні «Грунвальд» для размовы. Мы тады заўважылі, што тут быў нейкі падазроны аўтамабіль, але не надалі гэтаму значэньня.

28 жніўня ў кавярні мы абмяркоўвалі свае справы. Кожны замовіў, што хацеў, я — маркоўны сок з вяршкамі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі

Падчас прэсавай канфэрэнцыі

Літаральна праз 2–3 хвіліны я адчуў аняменьне твару. Я пасьпеў дайсьці да прыбіральні, прамыць рот і ўпаў, страціў прытомнасьць.

Калі прыехалі лекары, мне праверылі ціск, дык ціск быў максымальны 180, якога ніколі ў мяне не было раней. Нічога не адчуваў, не кіраваў сваім целам, быў як мех з бульбай.

Калі мяне прывялі ў прытомнасьць і на хуткай павезьлі ў 3 шпіталь у пульманалёгію, толькі чуў, куды вязуць. Праз 2 гадзіны больш-менш ачуняў і папрасіў прамыць страўнік, узяць аналіз зьмесьціва страўніка і крыві. Але адразу лекары вызначылі алергію і пераконвалі, што ў мяне перакрыта горла. Я мусіў гучна прымушаць іх узяць аналізы. Аналіз крыві ўзялі з пальца, але аналізу таго, што было ў страўніку, не зрабілі.

У шпіталі быў да 3 верасьня, мусіў прасіцца выпісацца — бо мне давалі гармоны і кропельніцу, якія пры алергіі непатрэбныя. Алергія павінна была прайсьці за 2 дні, а не за 6 дзён, як мяне трымалі. У бальнічным лісьце напісана «агульнае захворваньне» — што гэта такое? Выніку кансыліюму лекараў дагэтуль ня маю. У мяне ўзялі аналіз на алергію, але нішто не паказала, што ў мяне няма алергіі. Два дні таму я піў маркоўны сок — нічога.

Віктар Цярэшчанка падчас знаходжаньня ў шпіталі

Віктар Цярэшчанка падчас знаходжаньня ў шпіталі

Я выпісаўся, і мяне прызначылі на лячэньне ў стацыянар у паліклініцы ў Вясьнянцы. Вось вынікі УЗІ нырак і пячонкі, якія мне зрабілі там 2 верасьня: пячонка не павялічана, селязёнка аднародная, павялічэньня няма. Між тым, калі я выпісаўся, то адчуў, калі стала прахадзіць анэстэзія, што страўнік баліць.

Разумеючы, што лячэньне неэфэктыўнае, я мусіў зьвярнуцца да прыватных лекараў і замежнікаў. Я мусіў зьвярнуцца да аўтарытэтаў. Прафэсар, доктар навук падпісаў на блянку, але закрэсьліў імя, сказаў, каб яго не называлі, напісаў, што ёсьць павелічэньне пячонкі і селязёнкі.

Тады я зьвярнуўся ў прыватны цэнтар пад іншым прозьвішчам, маёй маці, не Цярэшчанкі, усе астатнія дадзеныя мае. Яны праверылі мяне зондам, усё паглядзелі: пачынаючы ад страваводу да страўніка, дванаццаціперснай кішкі. Вынік: знайшлі апёк, запаленьне.

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Яшчэ зьвярнуўся да замежнікаў. І вось 2 дні таму, 15 верасьня, мне далі заключэньне, там 131 паказчык. І па гэтым заключэньні тэзісна магу сказаць, што ў мяне парушаны кровазварот мозгу. Гэта я і адчуваю, бо калі пахаджу 20 хвілін, дык не хапае кровазвароту.

У мяне знайшлі парушэньне міякарду, функцыяў нырак, кішак, стрававода. Актывавана функцыя пячонкі. А самае галоўнае — высьветлена ўзьдзеяньне на кроваўтварэньне, зроблена ўсё, каб у арганізьме зьявіліся тромбы. Якім чынам — праз узьдзеяньне хімічных прэпаратаў. Гэткую выснову зрабіў незалежны лекар зь Вільні, які вывучаў маю справу».

Паводле Віктара Цярэшчанкі, ён вымушаны будзе лячыцца за мяжой:

«Бо ілжывага лячэньня тут не магу прымаць. У 4-й паліклініцы мне адмовілі ў сапраўдным лячэньні. На пытаньне, чаму, быў адказ: „Мы на пасадзе, мы баімся“. Гэтак сказаў лекар. Гэта камэнтаваць немагчыма», — зазначыў Віктар Цярэшчанка.

Таксама Віктар Цярэшчанка пракамэнтаваў дзеяньні міліцыі ў зьвязку з расьсьледаваньнем інцыдэнту ў кавярні «Грунвальд».

«28-га вечарам я пазваніў у міліцыю і 29-га сустракаўся з прадстаўніком Ленінскага РУУС, якому падаў заяву аб завядзеньні крымінальнай справы. 12 верасьня я атрымаў за подпісам намесьніка начальніка ад 8 верасьня адмову ў завядзеньні справы.

Калі пачытаць гэтую пастанову, дык нават школьнік будзе сьмяяцца. Тут напісана, што яны апыталі афіцыянта кавярні, бармэна, кухара, якія сказалі, што нехта гатаваў сок, нехта падаваў, а нехта назіраў.

Далей указана, што ў шпіталі яны апыталі загадчыка аддзяленьня, што той казаў пра ацёк Квінке, то бок харчовае атручэньне.

​Але галоўнага сьведку — лекара, які першым аглядаў мяне, — нават не апыталі. Нават не апыталі тых, хто быў побач са мной у кавярні, не праверылі відэакамэры з запісамі. Дзіўна, але нават не знайшлі той шклянкі, зь якой я піў той сок. Таму ня ведаю, як гэта камэнтаваць.

Вось такія адносіны да грамадзяніна з боку міліцыі. Я пазваніў сьледчаму Віталю Гушчыну, запытаў, як гэта зразумець — „Ну, вы ж разумееце...“

Таму я мушу зьвярнуцца ў пракуратуру аб адмене той пастановы, але ідзе час. А нікому не патрэбна расьсьледаваньне».

Заключэньне замежных экспэртаў

Заключэньне замежных экспэртаў

Як Віктар Цярэшчанка паставіўся да адмовы Вярхоўнага суду задаволіць ягоную скаргу на рашэньне Цэнтрвыбаркаму аб яго нерэгістрацыі?

Віктар Цярэшчанка патлумачыў, што адмяніць рашэньне Цэнтравыбаркаму было ўжо немагчыма, але ён усё ж зьвярнуўся ў Вярхоўны суд, бо толькі гэтак можна пабачыць тыя падпісныя лісты, якія Цэнтравыбаркам забракаваў.

«Учора судзьдзя Кулік дала такую магчымасьць, і я знаёміўся з 1 і 2 тамамі справы, дзе былі копіі падпісных лістоў. Таксама я азнаёміўся зь некалькімі падпіснымі лістамі, якія прадставіў Цэнтравыбаркам.

Мне паказалі некалькі лістоў з бракам. Прозьвішча было, а не было подпісу. Гэта лічыцца бракам. А калі 15% браку, дык усе подпісы на пэўнай тэрыторыі лічыцца бракам.

Але чаму гэтак? У мяне было 130 тысяч. Вызначылі зь іх 15,7% недакладнымі, што цягне за забой прызнаньне ўсіх недакладнымі. Адзначу, што камісіі ўсе нашы 130 тысяч праглядзелі вельмі дасканала, у гэтым мы пераканаліся. Але знайсьці сярод усіх подпісаў 15% з памылкамі можна заўсёды, гэтак з усімі кандыдатамі.

У мяне няма недаверу да ўсіх сяброў ініцыятыўных групаў, але, відаць, былі там людзі, якія мелі злы намер, і яны зрабілі гэтыя памылкі адмыслова.

Таксама падазраем у мэтанакіраваных дзеяньнях некаторыя тэрытарыяльныя камісіі. Прыкладам, Горацкая тэрытарыяльная камісія. Я туды сам завозіў падпісныя лісты.

У камісіі адносна лістоў, якія рыхтавала спадарыня Даўжанкова, сказалі, што подпісы яна сабрала добрыя, але пункты 1–5 былі запоўненыя іншымі, што дазваляецца. Аднак у людзей узялі тлумачэньні, і тыя нібыта сказалі, што не яны зьбіралі. Даўжанкова настойвае, што гэта ня так, але абскардзіць гэта немагчыма.

Такім чынам, усе лісты гэтага раёну залічылі ў брак. І такіх прыкладаў шмат».

Віктар Цярэшчанка распавёў, што ўчора ў Вярхоўным судзе ў яго пыталіся, што ён будзе рабіць, калі суд прыме рашэньне на яго карысьць.

«Адказваў, што ўсё роўна ня буду ўдзельнічаць у выбарах, бо лічу іх ужо сфальшаванымі».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі

Падчас прэсавай канфэрэнцыі

Як паставіўся Віктар Цярэшчанка да вэрсіі журналіста Аляксандра Фядуты пра тое, што тэлефонная размова Фядуты зь Мікалаем Статкевічам магла падштурхнуць спэцслужбы да замаху? Гаворка пра размову, у якой спадар Фядута прапанаваў падумаць над варыянтам, калі аднаго з магчымых кандыдатаў апазыцыя абвесьціць сваім вылучэнцам — прыкладам, Віктара Цярэшчанку.

Спадар Цярэшчанка на гэта адказаў:

«Так, ёсьць падставы гэтак думаць. Мне Мікалай Статкевіч пазваніў і папрасіў прабачэньня. Сказаў, што гэтай размовай мог мяне выпадкова падставіць. Патлумачыў тым, што проста адвык ад таго, што могуць гэтак наўпрост праслухоўваць».

У якасьці другой вэрсіі замаху Віктар Цярэшчанка разглядае тое, што ўлады маглі спужацца, што ягоная праграма выратаваньня эканомікі дазволіць яму на выбарах сабраць больш за палову галасоў выбарцаў.

Сябра штабу Цярэшчанкі, былы дэпутат Нацыянальнага сходу Сяргей Скрабец дадаў да інфармацыі, якая прагучала на прэсавай канфэрэнцыі Віктара Цярэшчанкі, што ў якасьці давераных асобаў Цярэшчанкі, калі б яго зарэгістравалі, рыхтаваліся былыя палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў і былы палкоўнік вайсковага спэцназу Ўладзімер Барадач, якія рашуча патрабуюць давесьці да канца расьсьледаваньне спраў зьніклых апазыцыянэраў.

«Мы разумелі, што ўладу гэта будзе непакоіць, але не маглі ўявіць, што дойдзе да замаху. Цяпер гэтак ня думаем», — сказаў Сяргей Скрабец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG