Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: Яны не прыбралі мяне адным спосабам, то цяпер прыбіраюць іншым


Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Віктар Цярэшчанка, архіўнае фота

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка, які цяпер знаходзіцца ў 3-й бальніцы Менску, заявіў, што ня хоча браць удзел у шоў. Ён пракамэнтаваў Радыё Свабода афіцыйнае паведамленьне Цэнтравыбаркаму пра тое, што за яго вылучэньне ўстаноўлена толькі 6 699 сапраўдных подпісаў і што ён выбывае з выбараў. Цярэшчанка назваў гэтыя лічбы «ліпай».

«Маглі напісаць 600 подпісаў ці 20. У нас былі пікеты, людзі працавалі, былі выдаткі, мы правяралі лісты. То бок знайсьці памылкі можна. Альбо тут злы намер? Альбо яны не прыбралі мяне адным спосабам, то цяпер прыбіраюць іншым. Улада не жадае бачыць мяне сярод апазыцыйных кандыдатаў. Мяне запужалі. Я казаў, што маю намер балятавацца, калі змагу фізычна. Калі мяне не зарэгіструюць, значыць, не зарэгіструюць. Жыцьцё працягваецца. У Беларусі патрэбныя такія, як Улаховіч, які сказаў, што ідзе, каб падтрымаць прэзыдэнта. Дык навошта ісьці — вы проста прагаласуйце. Пракладкі патрэбныя — Гайдукевіч і іншыя. Як і Караткевіч. Усе трое, якія сёньня падрыхтаваныя, каб быць спарынг-партнэрамі.

Я тут нічога не магу сказаць, бо няма працэдуры абскарджваньня. Подпісы прызнаюцца несапраўднымі. Праверыць гэта асабіста я не магу. Як гэта абараніць законам? Ніяк. Не магу камэнтаваць, бо гэта для мяне жахліва. І гэта самы дрэнны вынік для Беларусі. Мы нават не пакажам чарговы цырк ці КВН, ці проста шоў. Удзельнічаць у гэтым я проста не хачу».

Цярэшчанка цяпер лекуецца ў аддзяленьні пульманалёгіі. Ён заявіў, што лекары не пацьвярджаюць наяўнасьць у яго алергіі.

«Я ўжо магу хадзіць да 30 мэтраў, каардынацыя яшчэ парушана. Зьнешняя пухліна твару спадае, але ўнутраная яшчэ праблемная. Мова аднаўляецца. Зьявіўся апэтыт, і гэта ўжо добра. Хочацца больш спаць. Ціск аднаўляецца. Але той пяціхвілінны ціск, гэты стрэс, калі я піў, а гэта быў шок і разавы ўдар, не паўтараецца. Лекары ўжо прыйшлі да высновы, што гэта не алергія, бо яна праходзіць пад кропельніцай цягам сутак. Канечне, гэта былі выдумкі пра алергію, каб падмануць грамадзкасьць. Але дыягназ мне невядомы. Я не магу яшчэ без апоры хадзіць, баліць галава. Учора былі кансультацыі ў бальніцы хуткай дапамогі, сёньня сюды прыходзілі. Сёньня ўжо пытаньне алергіі ня ставіцца».

Віктар Цярэшчанка ў шпіталі 28 жніўня

Віктар Цярэшчанка ў шпіталі 28 жніўня

Цярэшчанка апавёў, што яму даюць мэдыкамэнты ад алергіі, робяць уколы, бяруць аналізы.

«Падобна, што ўлада шукае варыянты, каб знайсьці памылкі ў маіх подпісах, і іншымі шляхамі робіць усё, каб не зарэгістраваць кандыдатам у прэзыдэнты. Ну, а каму я патрэбны? Патрэбныя людзі, якімі сёньня можна кіраваць. Але я жадаю ўдзельнічаць і, галоўнае, данесьці да дзяржавы, да грамадзтва шляхі выхаду з сытуацыі ў краіне. Бо мы ідзем у нікуды».

Цярэшчанка лічыць сьмешнымі цьверджаньні, што «Цярэшчанка сам сябе атруціў». Ён паведаміў, што пачатая крымінальная справа.

«Я выказаў тры асноўныя моманты. Трэба паглядзець матэрыялы зь відэакамэр. Мой кубак быў тэрмінова прыбраны. Я папрасіў, каб прыйшлі адміністратар і бармэн і далі кубак з саломінкай, адкуль я піў. Мне сказалі, што гэта немагчыма. Ну як гэта разумець? Я стаўлю пад сумнеў тое, як тут спрацуе міліцыя. Я не даспадобы».

Апухлы твар Віктара Цярэшчанкі, здымак 28 жніўня

Апухлы твар Віктара Цярэшчанкі, здымак 28 жніўня

Цярэшчанка, аднак, ня мае пакуль падстаў казаць, што да атручэньня маюць дачыненьне ўлады.

«Але я еў на тэрыторыі Беларусі, пад кіраўніцтвам гэтай выканаўчай улады. Гэта іх недахоп. Калі тут трэцяя асоба, то чаму ўлада не дагледзела? Усё роўна ж яна вінаватая.

Калі знойдуць прычыны і мяне не зарэгіструюць, то ў мяне няма, паводле Выбарчага кодэксу, юрыдычнай праваабароны. Як я магу пайсьці і даказаць, што гэта мае падпісныя лісты? Дый хто пусьціць туды глядзець?

Калі ўлада зрабіла супраць мяне пэўныя дзеяньні і ўлада была зацікаўленая фізычна мяне зьняць, то яна гэта зробіць праз падпісныя лісты.

Я быў не патрэбны ўладзе. Кажуць, што я, маўляў, спарынг-партнэр — гэта ўсё лухта. Прафэсар эканомікі нікому не патрэбны.

У верасьні — кастрычніку мы будзем мець сур’ёзныя ўзрушэньні ў грамадзтве

Няхай будзе фэадальная сыстэма, рабаўладальніцкі лад з кантрактнай сыстэмай. Гэта мы маем, і будзе яшчэ горш. У верасьні — кастрычніку мы будзем мець сур’ёзныя ўзрушэньні ў грамадзтве. Бо плаціць няма чым, заводы стаяць».

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы, якая была заплянаваная ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй, паведаміў у той дзень кіраўнік ініцыятыўнай групы Алег Несьцяркоў.

Прадстаўнік ініцыятыўнай групы Яўген Доўгель сказаў у інтэрвію тэлеканалу АНТ, што атручэньне Цярэшчанкі мае замежны сьлед.

Камэнтуючы гэтыя словы карэспандэнту Свабоды, Цярэшчанка сказаў, што на дзяржаўным тэлеканале моцна парэзалі камэнтар Доўгеля:

«Замежныя сілы — гэта не з пазыцыі „немцы ці амэрыканцы“. Гэта могуць быць расейскія, выпадак 2010 году. Я ня ведаю, што ён меў на ўвазе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG