Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: Замежная экспэртыза паказала, што Цярэшчанку атруцілі


Віктар Цярэшчанка ў шпіталі пасьля атручваньня

Віктар Цярэшчанка ў шпіталі пасьля атручваньня

Віктара Цярэшчанку, якому Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, спрабавалі атруціць,— кажа яго давераная асоба.

Віктара Цярэшчанку, якому Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, спрабавалі атруціць,— вынікае з аналізаў, якія правёў замежны спэцыяліст. Пра гэта Свабодзе паведаміў Сяргей Скрабец, давераная асоба Віктара Цярэшчанкі:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Аналіз праводзіў незалежны замежны спэцыяліст па 135 парамэтрах. У нас такія дасьледаваньні праводзяцца максымум па 30 парамэтрах. Там шмат дадзеных, якія паказваюць, што ў Цярэшчанкі было надзвычай моцнае атручэньне. Чым канкрэтна быў атручаны палітык, невядома. Як сказаў лекар, цяпер існуюць такія мэтады атручваньня, пры якіх яд цягам сутак распадаецца на атамы. Але па рэакцыі сэрца, нырак, крыві бачна, што гэта было надзвычай моцнае атручэньне.

Зафіксавана шмат хваробаў: недастатковае забесьпячэньне мозгу крывёю, хоць ён ужо тры тыдні п’е кардыяпрэпараты, якія разрэджваюць кроў. Таксама зафіксаваная пагроза інфаркту, адзначаецца, што ныркі працуюць на мяжы, выводзячы таксіны. Таму ў яго аняменьне галавы дагэтуль не праходзіць, бо недастатковы крывацёк.

Гэтыя аналізы рабіліся ўчора. Яна выкладзеныя на сямі каляровых аркушах. І галоўны вынік — Цярэшчанка быў атручаны.

Віктар зьбіраецца праводзіць абсьледаваньне дзесьці ў замежнай клініцы. Але час ідзе, і таму зрабілі вось гэты складаны аналіз».

Сяргей Скрабец сказаў, што падрабязна пра ўсё гэта Віктар Цярэшчанка раскажа асабіста на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца 17 верасьня.

Сёньня Вярхоўны суд Беларусі разглядае скаргу Цярэшчанкі на рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая адмовілася зарэгістраваць яго ў якасьці кандыдата на найвышэйшую пасаду. Палітык кажа, што мэта звароту ў вышэйшую судовую інстанцыю — выявіць факты падлогу з боку тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, якія правяралі сапраўднасьць подпісаў, сабраных за яго вылучэньне. Ён патрабуе прызнаць рашэньне ЦВК аб адмове яму ў рэгістрацыі незаконным і лічыць, што падлог быў пры праверцы, якую праводзілі абласныя і менская гарадзкая выбарчыя камісіі.

Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала на праверку каля 130 тысяч подпісаў. Але, паводле ЦВК, зь іх сапраўднымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.

Віктар Цярэшчанка 9 верасьня заявіў, што выходзіць з прэзыдэнцкай кампаніі. Адначасова ён заклікаў трох кандыдатаў, якія застаюцца патэнцыйнымі супернікамі Аляксандра Лукашэнкі, «ня пэцкаць сваё чэснае імя і зьняць свае кандыдатуры з будучых фальшаваных выбараў». Аднак Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч працягваюць выбарчую гонку.

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй.

Акрамя цяперашняй выбарчай кампаніі, Віктар Цярэшчанка спрабаваў балятавацца на пасаду прэзыдэнта на выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў. Аднак толькі ў 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле афіцыйных дадзеных Цэнтравыбаркаму, за яго прагаласавалі 1,19% выбарцаў.

XS
SM
MD
LG