Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На замову Лукашэнкі беларускія нафтавікі знайшлі новыя рэсурсы


Новае радовішча зь вялікімі запасамі нафты выяўлена ў Беларусі, распавёў журналістам міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Каўхута.

«Зусім нядаўна адкрыта новае радовішча нафты, якое мае значныя запасы. Цяпер яны падлічваюцца. Дадзенае радовішча будзе апэратыўна перададзена здабыўной арганізацыі «Беларуснафта», — паведаміў міністар.

Ён растлумачыў, што новыя рэсурсы былі знойдзеныя на Шацілкаўскім радовішчы, што ў Прыпяцкім прагіне на тэрыторыі Гомельскай вобласьці. Кіраўнік міністэрства паведаміў, што ў Беларусі кожны год здабываецца каля 1,6 мільёна тон нафты.

Плянуецца, што на новым радовішчы знойдзецца праца ня толькі «Беларуснафце», але і іншым кампаніям, у тым ліку ўсясьветнага значэньня — іх зьбіраюцца прыцягнуць сюды таксама.

Кіраўнік Мінпрыроды падкрэсьліў, што пошукі прыродных рэсурсаў у краіне актывізаваныя ў сувязі з адпаведным даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі:

Падрыхтаваны пералік радовішчаў па абласьцях і раёнах, ён перададзены ў мясцовыя выканаўчыя камітэты прыродных рэсурсаў

«Падрыхтаваны пералік радовішчаў па абласьцях і раёнах, ён перададзены ў мясцовыя выканаўчыя камітэты прыродных рэсурсаў. Цяпер на рэгіянальных узроўнях вырашаюцца пытаньні мэтазгоднасьці здабычы сыравіны на нераспрацаваных радовішчах», — адзначыў Каўхута.

Раней Лукашэнка, прымаючы Андрэя Каўхуту з дакладам, заявіў, што «на падобных тэрыторыях у Расеі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных мэталаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасьці любой эканомікі любой дзяржавы», і што ён проста ня верыць, што ў краіне не засталося вялікіх аб’ёмаў нафты і газу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG