Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замарозіўшы заробкі, улады застрахаваліся ад валютнага ажыятажу


Працягваецца абвал нафтавага рынку, што, у сваю чаргу, цягне на дно сыравінна залежныя эканомікі. У панядзелак цана амэрыканскага гатунку нафты WTI упала ніжэй за 40 даляраў — барэль ацэньваецца ў 39 даляраў 47 цэнтаў. Падобную тэндэнцыю дэманструе і эўрапейскі эталён Brent — 43 даляры 69 цэнтаў за барэль.

Паводле аналітыкаў, падобныя скачкі фіксуюцца найперш з-за абвалу на фондавым рынку Кітая, што прывяло да запаволеньня эканомікі краіны, аднаго з найбуйнейшых спажыўцоў нафтапрадуктаў. Таксама адчувальным зьяўляецца рост прапановы на нафтавым рынку з-за адмовы краінаў-здабытчыкаў скарачаць вытворчасьць сыравіны, а таксама з павелічэньнем аб’ёмаў здабычы сланцавай нафты ў ЗША ды на іншых тэрыторыях.

Рэзкае зьніжэньне коштаў найбольш адчувальна ўплывае на краіны, важную долю экспарту якіх складае нафта. У прыватнасьці, амаль усе буйнейшыя пастаўшчыкі яе на ўсясьветны рынак вымушаныя дэвальваваць свае валюты з-за скарачэньня фінансавых паступленьняў. Так, за апошні год нафта маркі Brent патаньнела на 60% — ад 115 даляраў за барэль летам 2014-га да меней чым 45 даляраў цяпер.

Паводле агенцтва Bloomberg, ад пачатку нафтавага крызісу ў Алжыры, дзе гандаль нафтай перавышае 70% экспартных прыбыткаў, падзеньне дынару склала 25% у адносінах да даляра. Аналягічныя паказьнікі ў Нарвэгіі (доля нафты і газу ад экспарту — 46%) — за год крона патаньнела амаль на 26%. Улады Казахстану да апошняга стрымлівалі курс нацыянальнай валюты, але другая хваля нафтавага абвалу накрыла і беларускіх сяброў па інтэграцыйных утварэньнях. Падзеньне тэнге — больш чым на 27%. Але найбольш за прамінулы час страціў у вартасьці расейскі рубель — амаль 50%. Праўда, да ўласна нафтавага крызісу там дадаліся заходнія санкцыі за агрэсіўную палітыку Крамля ва Ўкраіне і ўцяканьне капіталу з Расеі. Беларусь, хоць і не зьяўляецца нафтавым трэйдэрам, але церпіць ад бягучых працэсаў амаль у той жа ступені. Найперш дае пра сябе знаць татальная залежнасьць ад расейскага рынку, куды скіроўваецца асноўная доля вырабленай у Беларусі прадукцыі. З аднаго боку, відавочна, што з улікам істотнай дэвальвацыі тамтэйшага рубля значна трацяць у валютным эквіваленце беларускія пастаўшчыкі. З другога, у валютным кошыку беларускаму рублю вызначаная 30-працэнтная прывязка да расейскага, што прымушае прывязвацца да працэсаў у суседзяў.

Сёньня біржавы курс расейскай валюты падскочыў вышэй за 71 рубель, эўра перакрочыў плянку ў 81 рубель. Адпаведным чынам адрэагавала і Беларуская валютна-фондавая біржа: даляр скокнуў адразу на 872 рублі, зафіксаваўшыся на ўзроўні 17 601. Эўра дадаў больш за тысячу — ад 18 837 да 19 935. У шэрагу абменных пунктаў у графе продажу эўрапейскай валюты зьявілася круглая лічба ў 20 000 і нават вышэй.

Ці маглі б у тэорыі фінансавыя ўлады Беларусі «адвязацца» ад саюзьніка, які, па-сутнасьці, дыктуе ўмовы беларускай эканоміцы? Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц лічыць, што розныя вагавыя катэгорыі дзяржаваў не пакідаюць Менску асаблівага выбару:

Нейкая магчымасьць актыўна дзейнічаць на валютным рынку, нават калі на тое ёсьць такое жаданьне, у грашовых уладаў Беларусі крайне абмежаваная.

«Вядома, уплыў цяперашняй сытуацыі на Беларусь і Расею будзе розны. Нягледзячы на залежнасьць Менску і Масквы ад коштаў на нафту, узровень золатавалютных рэзэрваў у Беларусі і Расеі кардынальна адрозьніваецца. То бок, у Беларусі золатавалютныя рэзэрвы практычна ў 100 разоў меншыя, чым у Расеі. Адпаведна, нейкая магчымасьць актыўна дзейнічаць на валютным рынку, нават калі на тое ёсьць такое жаданьне, у грашовых уладаў Беларусі крайне абмежаваная. У гэтай сытуацыі такія люстраныя паводзіны курсаў на валютным рынку Беларусі насамрэч зьяўляюцца адзіным варыянтам ва ўмовах, калі адміністрацыйным чынам стрымліваць рост курсу ў Беларусі нельга».

Ці варта чакаць росту грамадзкага напружаньня на фоне імклівага абясцэньваньня беларускага рубля? Зьміцер Заяц лічыць, што да чарговай паэтапнай дэвальвацыі ўлады падышлі больш падрыхтаванымі, чым раней. Першай справай былі замарожаныя заробкі і банкаўскія пазыкі, а ў адсутнасьць вольных грошай магчымасьць канвэртаваць рублі ў валюту істотна звузілася:

«Што тычыцца магчымай панікі, то насамрэч грашовыя ўлады Беларусі ў асобе Нацбанку да апошняга моманту паводзілі сябе дастаткова граматна. Найперш таму, што яны абмежавалі грашовую прапанову. То бок, абмежавалі заробкі, абмежавалі крэдытаваньне, тым самым зьнізіўшы ціск на валютны рынак і золатавалютныя рэзэрвы. І, як сьлед, зьнізіўшы магчымасьць насельніцтва набываць замежную валюту. Таму, з аднаго боку, перадумоваў для нейкіх сацыяльных хваляваньняў няшмат, бо ва ўмовах замарожаных ад мінулага году заробкаў магчымасьці насельніцтва, каб набываць даляры ці эўра, істотна звузіліся. Дарэчы кажучы, менавіта ў сілу падзеньня рэальных прыбыткаў насельніцтва ў першай палове гэтага году назіралася адваротная тэндэнцыя, калі людзі валюту здавалі».

Напачатку 2015 году новае кіраўніцтва Нацыянальнага банку зьмяніла падыход да вызначэньня вартасьці беларускага рубля, пачаўшы выкарыстоўваць гнуткі мэханізм абменнага курсу пры мінімальным удзеле рэгулятара ў біржавых таргах. Такім чынам, была прызнаная неабходнасьць рынкавага курсаўтварэньня, пры якім суадносіны рубля да замежных валютаў фармуюцца на падставе попыту і прапановы на валютным рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG