Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі не пакрыўдзіліся, што Лукашэнкі ня будзе на парадзе ў Маскве


У Крамлі з разуменьнем паставіліся да намеру кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адзначыць 9 траўня ў Менску, а не ў Маскве, заявіў у панядзелак прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

«Наш найбліжэйшы саюзьнік, прэзыдэнт Беларусі, 9 мая будзе прысутнічаць на аналягічным парадзе ў Менску. Беларусь абсалютна шырокамаштабна сьвяткуе Дзень Перамогі і тым самым шануе загінулых. Беларусь знаходзіцца разам з намі ў гэтых пачуцьцях і падзяляе іх», — сказаў Пяскоў у адказ на просьбу журналістаў пракамэнтаваць рашэньне прэзыдэнта Беларусі, паведамляе РИА Новости.

Выніковую інфармацыю аб тым, хто з кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў будзе ўдзельнічаць у сьвяткаваньні 9 траўня ў Маскве, плянуецца апублікаваць пры канцы месяца, верагодна, перад пачаткам травеньскіх сьвятаў, дадаў Пяскоў.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе прысутнічаць у Маскве на парадзе Перамогі, які пройдзе 9 траўня на Чырвонай плошчы.

Ён патлумачыў, што плянуе прыняць удзел ва ўрачыстасьцях у Маскве з нагоды 70-гадовага юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 7-8 траўня, а 9 мая будзе ў Менску, дзе свой парад Перамогі.

«Недапушчальна, калі няма галоўнакамандуючага. Ніхто, акрамя яго, па Канстытуцыі не зможа прымаць парад», — дадаў Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што не падтрымлівае «палітыкаў, якія амбіцыйна адмаўляюцца прыехаць на сьвяткаваньне ў Маскву, хоць раней быццам бы абяцалі».

XS
SM
MD
LG