Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбскія вайскоўцы прыедуць на парад у Маскву 9 траўня


Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін (зьлева на першым пляне) і старшыня ўраду РФ Дзьмітры Мядзьведзеў (другі зьлева на першым пляне) на ваенным парадзе на Чырвонай плошчы 9 траўня 2013 году.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін (зьлева на першым пляне) і старшыня ўраду РФ Дзьмітры Мядзьведзеў (другі зьлева на першым пляне) на ваенным парадзе на Чырвонай плошчы 9 траўня 2013 году.

Большасьць кіраўнікоў краінаў Захаду ігнаруе ўрачыстасьці ў Маскве на Дзень перамогі. Ці будзе на гэтым парадзе Аляксандар Лукашэнка, канчатковай інфармацыі пакуль няма.

Сэрбскія вайскоўцы возьмуць удзел у парадзе ў гонар 70-годзьдзя заканчэньня Другой сусьветнай вайны, які адбудзецца ў Маскве 9 траўня. Адпаведнае рашэньне прыняў прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч.

«Войска Сэрбіі будзе ўдзельнічаць у „Парадзе пераможцаў“ на запрашэньне міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, у гонар 70-годзьдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы прэзыдэнта Сэрбіі, апублікаваным у панядзелак, 6 красавіка.

Да гэтага часу запрашэньне адзначыць Дзень перамогі ў Маскве прынялі толькі два прэзыдэнты краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу: Чэхіі — Мілаш Зэман і Кіпра — Нікас Анастасіадзіс.

Кіраўнікі Вялікабрытаніі, Польшчы, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Францыі, ФРГ, ЗША ў Маскву ў гэты дзень не прыедуць.

Як заяўляў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, у Маскву на 70-годзьдзе Перамогі ў Другой сусьветнай вайне былі разасланыя запрашэньні 68 лідэрам краінаў сьвету. Запрашэньне прынялі 32 лідэры, сярод іх пераважаюць прэзыдэнты і прэм’еры краінаў Азіі і постсавецкай прасторы. У прыватнасьці, запрашэньне прыняў кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын, для якога гэта будзе першы замежны візыт у якасьці вышэйшага кіраўніка краіны.

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі пакуль не пацьвярджаюць ягоны ўдзел у парадзе 9 траўня ў Маскве.

«Мы яшчэ не пацьвярджаем дакладна інфармацыю, бо плянуецца, што травень будзе насычаным месяцам. І ў дадзены момант графік яшчэ фармуецца. Прапанова і запрашэньне нам паступіла. Але дакладна і афіцыйна пацьвердзіць гэтую інфармацыю я не магу», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар беларускага прэзыдэнта Натальля Эйсмант.

Калі Лукашэнка паедзе ў Маскву, то парад у Менску 9 траўня адбудзецца безь яго? На гэтае пытаньне Натальля Эйсмант адказала так:

«Натуральна, мы ўлічваем усе гэтыя фактары. І менавіта такім чынам фармуем графік прэзыдэнта, каб усе гэтыя фактары, у тым ліку той, які вы назвалі, улічыць. Таму ўжо бліжэйшым часам мы зможам пра ўсё афіцыйна паведаміць, калі будзе прынятае канчатковае рашэньне па ўсіх гэтых пытаньнях».

XS
SM
MD
LG