Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнкі ня будзе на парадзе ў Маскве 9 траўня


Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, 9 траўня ён будзе прымаць парад з нагоды Дня перамогі ў Менску.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня будзе прысутнічаць на парадзе ў Маскве 9 траўня ў гонар 70-годдзя перамогі над нацысцкай Нямеччынай.

Як заявіў Лукашэнка ў суботу журналістам, 9 траўня ён будзе на сьвяточным парадзе ў Менску, а наведаць расейскую сталіцу для ўдзелу ва ўрачыстасьцях зможа 7-8 траўня, каб, па яго словах, «прадэманстраваць адзінства з расейскім народам і іншымі, хто шануе гэтую перамогу».

Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што не падтрымлівае тых палітыкаў, якія «амбіцыйна адмаўляюцца прыехаць на сьвяткаваньне ў Маскву». Удзел у аналягічных ўрачыстасьцях у сваіх дзяржавах можа стаць прычынай адмены візыту, але, калі гэта робіцца з мэтай выпаду супраць Расеі, гэта няправільны падыход, мяркуе беларускі кіраўнік.

Прадстаўнікі каля 25 краіаўн, у тым ліку з Індыі, Кітая, Сэрбіі і Паўночнай Карэі, пацьвердзілі намер удзельнічаць у маскоўскім парадзе з нагоды Дня перамогі.

Многія лідэры і кіраўнікі краінаў сьвету адмовіліся ад запрашэньняў Крамля прысутнічаць на ўрачыстасьцях 9 траўня. Так, ня будуць удзельнічаць у парадзе прэзыдэнт ЗША Барак Абама, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран, прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ і кароль Вілем-Аляксандар, прэм’ер Нарвэгіі Эрна Сольбэрга, прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Ніінісцё.

Польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі таксама адмовіўся прыехаць у Маскву. Паводле яго, для яго непрымальны працяг гвалту на ўсходзе Ўкраіны, таму пры цяперашніх абставінах няма і магчымасьці яго ўдзелу ў маскоўскіх ўрачыстасьцях.

Былы прэм’ер Польшчы, які ўзначальвае зараз Эўрапейскую Раду Дональд Туск сказаў адносна сваёй адмовы, што прысутнасьць на ваенным парадзе «побач з цяперашнімі агрэсарамі і чалавекам, які прымяняе зброю супраць мірных грамадзян ўсходняй Украіны», было б для яго двухсэнсоўным.


Масква абвяргае абвінавачваньні заходніх лідэраў у падтрымцы сэпаратыстаў, якія ваююць у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG