Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парад у Маскве: Ня быць побач з агрэсарам


Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе

Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе

Заходнія і постсавецкія лідэры адзін за адным адмаўляюцца ад запрашэньняў Крамля прысутнічаць на ўрачыстасьцях з нагоды 70-годзьдзя Дня Перамогі.

Толькі за мінулы тыдзень стала вядома, што ў Маскву адмовіліся ехаць прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ, прэзыдэнт Баўгарыі Росен Плеўняліеў, прэзыдэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі, прэзыдэнт Славаччыны Андрэй Кіска, прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійнісьцё і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Эрна Сольбэрг.

Лідэраў краінаў сьвету, запрошаных у Маскву на парад з нагоды 70-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне, паведаміць аб сваіх намерах наогул прымусіла расейская прэса, якая напісала, што 9 траўня Расею зьбіраюцца наведаць кіраўнікі дзяржаваў 30 краінаў. Аднак пазьней ацэнкі зьмяніліся, і цяпер паведамляецца, што ў Маскву прыедуць кіраўнікі 26 дзяржаваў. Пры гэтым ня ўсе лідэры далі афіцыйны адказ на запрашэньне. Невядома, ці прыедуць у Маскву лідэры Вугоршчыны, Італіі, Кіпру або кароль Нідэрляндаў, таму ў расейскім міністэрстве замежных справаў паведамілі, што канчатковы сьпіс будзе агучаны ў пачатку красавіка.

Тым ня менш, ужо сёньня зразумела, што 9 траўня ў Маскву не прыедуць кіраўнікі дзяржаваў тых краінаў, якія ўсталявалі пасьляваенны сусьветны парадак. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран былі аднымі з першых, хто адмовіўся прыяжджаць на ўрачыстасьці з нагоды заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Гэта рашэньне абумоўлена тым, што Расея, анэксаваўшы Крым, парушыла Будапэшцкі мэмарандум 1994 году, які быў, як і Ялцінскае пагадненьне, падпісаны трыма краінамі — Вялікабрытаніяй, Расеяй (правапераемніцай СССР) і Злучанымі Штатамі.

У Расею не зьбіраюцца і лідэры некаторых краінаў-удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі: прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ўжо афіцыйна абвясьціў пра гэта, а прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, які пакуль не зрабіў афіцыйнай заявы аб сваім рашэньні, зь вялікай доляй верагоднасьці далучыцца да канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, якая мае намер прыбыць у Маскву на дзень пазьней, 10 траўня, каб ня браць удзелу ў парадзе, але пры гэтым аддаць даніну памяці загінулым, усклаўшы кветкі да помніка невядомаму салдату каля крамлёўскай сьцяны.

Пра рашэньне ня ўдзельнічаць у парадзе абвясьцілі большасьць эўрапейскіх краінаў, у тым ліку старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, які на мінулым тыдні заявіў, што «прысутнасьць на вайсковым парадзе побач зь цяперашнімі агрэсарамі і чалавекам, які выкарыстоўвае зброю супраць мірных грамадзян на ўсходзе Ўкраіны, для мяне, мякка кажучы, занадта двухсэнсоўна».

Аднак гэтак званыя «сябры Пуціна» ў Эўразьвязе ўсё-ткі прыбудуць на ўрачыстасьці. Сярод іх прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас і прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман. Намеры апошняга на радзіме трапілі пад крытыку, бо чэскі ўрад праводзіць у адносінах да Расеі зусім іншую палітыку, чым гэта робіць прэзыдэнцкая канцылярыя. Рознагалосьсі прывялі да таго, што некалькі ўдзельнікаў парлямэнцкай кааліцыі, у ліку якіх і дэпутат ад Грамадзянска-дэмакратычнай партыі Міраслава Немцава, прапанавалі не аплачваць паездку Зэмана ў Расею:

«Замежныя паездкі прэзыдэнта ўхваляе ўрад, які адказвае за выдзяленьне рэсурсаў на візыты ў замежныя дзяржавы. Гаворка ідзе пра немалыя сродкі, бо гэта ня толькі транспартныя выдаткі, але і ахова на месцы. Таму ўрад, паводле закону, мае права адмовіць у выдзяленьні сродкаў. Прычыны, па якіх я выступаю супраць паездкі прэзыдэнта на сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Маскве — дзеяньні Расеі, якая, анэксаваўшы Крым, парушыла міжнароднае права. Больш за тое, Расея пагражае нацэліць ядзерную зброю на Данію, якая заявіла пра намер далучыцца да сыстэмы супрацьракетнай абароны НАТО. Прэзыдэнт Пуцін таксама нядаўна прызнаў, што разглядаў магчымасьць разгарнуць ядзерную зброю супраць Украіны. Акрамя гэтых прычын, ёсьць і іншыя: на ўрачыстыя захады 9 траўня ў Маскву запрошаны, напрыклад, лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын, прадстаўнік душагубнага таталітарнага рэжыму, а з майго пункту гледжаньня лідэры дэмакратычных краінаў ня могуць знаходзіцца побач з чалавекам, які зьнішчае ўласны народ, і такім чынам легітымізаваць яго рэжым. Акрамя гэтага, парлямэнт Чэскай Рэспублікі год таму прыняў пастанову, якая асуджае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, і прэзыдэнт павінен быў бы з павагай ставіцца да гэтага рашэньня, прынятага большасьцю галасоў дэпутатаў чэскага парлямэнту».

У афіцыйнай заяве прэзыдэнцкай канцылярыі гаворыцца, што Зэман прыняў у мінулым запрашэньне ўзяць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды высадкі саюзных войскаў у Нармандыі, таму прымае і запрашэньне Ўладзіміра Пуціна.

Больш ахвотна, чым лідэры краінаў Эўразьвязу, згаджаюцца ўзяць удзел у парадзе з нагоды Дня Перамогі кіраўнікі дружалюбных Маскве дзяржаваў у Азіі і на Блізкім Усходзе — прэзыдэнты Віетнаму, Ізраілю, Казахстану, КНДР, КНР, Таджыкістану — а сярод эўрапейскіх краінаў па-за Эўразьвязам прэзыдэнты Армэніі, Беларусі і Сэрбіі. Шэраг дзяржаваў пашле 9 траўня ў Маскву свае дэлегацыі. У іх сьпісе ёсьць і дэлегацыя Ўкраіны, аднак хто з дэпутатаў Вярхоўнай Рады ў яе ўвойдзе — пакуль дакладна невядома. У прэс-службе партыі «Апазыцыйны блёк», у якую ўвайшлі тыя ўкраінскія палітыкі, якія вырашылі пакінуць Партыю рэгіёнаў пасьля ўцёкаў з краіны Віктара Януковіча, заявілі, што пакуль ня маюць дакладнага сьпісу тых, хто возьме ўдзел ва ўрачыстасьцях. Ва ўкраінскай дэлегацыі, відавочна, будуць прадстаўнікі непарлямэнцкіх партый, сярод якіх упершыню ад моманту здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці апынуліся ўкраінскія камуністы.

Ня выключана, што некаторыя з сусьветных лідэраў, якія адмовіліся ехаць у Маскву, могуць апынуцца 9 траўня ў Кіеве. У прыватнасьці, з такой прапановай выступілі трое былых паслоў ЗША ва Ўкраіне: Стывэн Пайфэр, Джон Хербст і Біл Тэйлар. У сваім звароце дыпляматы напісалі: «Ёсьць яшчэ спосаб для заходніх лідэраў прыняць удзел у сьвяткаваньні, якое ўшануе гераізм і самаахвярнасьць савецкіх людзей падчас Другой сусьветнай вайны. Кэмэран, Мэркель і Абама павінны скарыстацца гэтай магчымасьцю, таму што гаворка ідзе пра буйны юбілей. Замест таго, каб успомніць пра Дзень Перамогі ў Маскве, яны павінны паехаць у Кіеў». На думку аўтараў звароту, менавіта гэта дало б магутны сыгнал грамадзянам Расеі, што гаворка ідзе пра ізаляцыю Уладзіміра Пуціна з-за яго агрэсіі ва Ўкраіне.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG